Каманда Ціханоўскай накіравала ў ЕС пералік дэпутатаў, якія галасавалі за «расстрэльныя» папраўкі

Прэс-служба Офіса Святланы Ціханоўскай паведаміла, што Еўрасаюзу быў перададзены спіс беларускіх дэпутатаў, якія прагаласавалі за прымяненне смяротнага пакарання адносна «замаху на тэрарызм». Гэтыя спісы дапамогуць сфарміраваць новы пакет санкцый.

Святлана Ціханоўская. Фота: wikipedia.org

Святлана Ціханоўская. Фота: wikipedia.org


«Сёння ў Беларусі падпісаны ўказ аб смяротным пакаранні за "замах на акт тэрарызму" — у той жа дзень, калі ў Беларусі з'явілася навіна пра магчымую забарону прадаваць "1984" Оруэла. У будучай Беларусі, калі мы будзем узгадваць гэты час, будзе складана паверыць у тое, што ўсё гэта з намі сапраўды адбывалася.
Оруэл у гэтай кнізе добра вызначыў адзінае, на што можа спадзявацца Беларусь пры Лукашэнку. Ён сказаў так: "Калі вам патрэбны вобраз будучыні, уявіце сабе бот, які топча твар чалавека — вечна".
Не ведаю, ці з'яўляецца Беларусь лідарам па колькасьці "тэрарыстаў" на душу насельніцтва, але наша краіна сапраўды лідар па тым, колькі цудоўных і таленавітых людзей названыя гэтым словам. Таму што "тэрарыстамі" для рэжыму з'яўляюцца журналісты, праваабаронцы, медыкі, рабочыя — і многія іншыя сумленныя і прыстойныя людзі. І ўсе як адзін — апаненты Лукашэнкі.
Такія ж, як Юрый Захаранка, Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі, Дзмітрый Завадскі, якія зніклі ў 1999-2000-м гадах. І калі вы выйдзеце на вуліцу і спытаеце беларусаў, што з імі адбылося, то зразумееце, што ёсць грамадскі кансэнсус: яны пазбавіліся жыцця на загад Лукашэнкі.
Каб можна было забіваць людзей проста за іншае меркаванне, зараз смяротнае пакаранне распаўсюджваецца на тых, хто "меў намер" учыніць акт тэрарызму. Лукашэнка праз дэпутата Нацыянальнага сходу Марыну Лянчэўскую проста вырашыў навесіць бірку "законнасці" на палітычныя забойствы.
Я не проста так называю гэтае імя. Бо ў сталым грамадстве, да якога мы імкнёмся, кожны павінен разумець адказнасць за дзеянні, якія ён робіць. Лукашэнка — злачынца і дыктатар, але ён не змог бы так доўга мучыць беларускі народ, калі б атачэнне не дапамагло яму ў гэтым.
Так, у яго няма будучыні, ён ведае, што ідзе на дно. А вось усіх людзей, якія выконваюць злачынныя загады і прымаюць жахлівыя законы — чакае вельмі няпростая будучыня. Мы ўжо падалі Еўрасаюзу для наступнага спісу санкцый пералік так званых дэпутатаў, якія выступілі ў падтрымку гэтага закона і прагаласавалі за яго. Бо гэтыя людзі і ёсць той самы бот, якім Лукашэнка гадамі таптаў твар нашага народа. І ў гэтага бота хутка не будзе гаспадара».
Паводле РС.