Зніклага Арцёма Дубскага знайшлі праз пяць дзён на Акрэсціна
Пра месцазнаходжанне экс-палітвязня Арцёма Дубскага яго сваякам стала вядома ўвечары 18 траўня ад следчага.
Высветлілася гэта выпадкова. Праз 5 дзён ад моманту знікнення Арцёма Дубскага, з яго сваякамі звязаўся следчы наконт фізічных траўмаў, што былі нанесеныя актывісту. Высветлілася, што 13 траўня супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС Мінска завезлі Дубскага ў лякарню хуткай дапамогі. Каля 0.30 яго туды прывезлі сілавікі. Праз дзве гадзіны яны ж яго адтуль забралі.
У Арцёма Дубскага зафіксаваныя ранкі на твары, запясцях, сінякі тулава і канечнасцяў, а таксама ўдар мяккіх тканін грудной сценкі.
Як раней паведамляў Арцём, траўмы ён атрымаў пры затрыманні сілавікамі 11 траўня. З гэтай нагоды з сям'ёй і звязаўся 18 траўня следчы.
Верагодна, пасля наведвання лякарні Дубскага даставілі на Акрэсціна, дзе ён і знаходзіцца.
Вядома, што Дубскага асудзілі нібыта за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт. 19.11 КаАП).
Нагадаем, былы палітвязень прыехаў у Беларусь, каб наведаць родных. На наступны дзень яго збілі і затрымалі супрацоўнікі КДБ, але потым адпусцілі з патрабаваннем з'явіцца пазней. Днём 13 траўня ў Асіповічах невядомыя заштурхалі яго ў мікрааўтобус і кудысьці павезлі. Пяць дзён сям'я не ведала аб месцазнаходжанні сваяка.