У СІЗА ў Мінску застаюцца трое. Што адбываецца са справай T*t.by праз год

Год таму ўлады Беларусі разграмілі T*t.by — самае папулярнае інтэрнэт-СМІ краіны. Сайт і рахункі заблакавалі, затрымалі 15 чалавек, абвінавацілі ў нясплаце падаткаў. Што адбываецца са справай T*t.by цяпер?

Палітзняволеная Марына Золатава, галоўная рэдактарка T*t.by

Палітзняволеная Марына Золатава, галоўная рэдактарка T*t.by


За 20 гадоў працы на беларускім медыя-рынку T*t.by стаў вядучым анлайн-СМІ краіны: кожны месяц інтэрнэт-рэсурс наведвалі больш за 3 мільёны чалавек, што складала каля 65 працэнтаў інтэрнэт-карыстальнікаў Беларусі. У кампаніі працавалі каля 200 супрацоўнікаў, больш за 70 — у рэдакцыі сайта.
Год таму ўсё змянілася раптоўна: 18 траўня 2021-га ў галоўны і рэгіянальны офісы T*t.by, а таксама hoster.by (найбуйнейшы хостынг-правайдар у Беларусі) прыйшлі сілавікі з ператрусам. Былі затрыманы 15 чалавек, трое з іх дагэтуль знаходзяцца ў зняволенні: гендырэктар «Тут Бай Медиа» Людміла Чэкіна, галоўная рэдактарка T*t.by Марына Золатава і журналістка Алена Талкачова. Самы яскравы прыклад паспяховага недзяржаўнага медыябізнесу ў суверэннай Беларусі быў знішчаны за адзін дзень.
Цяпер дзейнасць «Тут Бай Медиа», аб прыпыненні якой ўладальнікі кампаніі абвясцілі ў чэрвені 2021 года, зведзеная да мінімуму: робяцца выплаты супрацоўнікам, якія выйшлі з турмы, гасіцца крэдыторская запазычанасць і шкода, нібыта прычыненая дзяржаве.


Што адбылося з T*t.by год таму


18 траўня 2021 года галоўная рэдактарка T*t.by Марына Золатава правяла ранішнюю планёрку, а ўжо праз некалькі хвілін напісала ў рэдакцыйны чат: «Да мяне прыйшлі». Гэта было яе апошняе паведамленне калегам. Сілавікі адначасова прыйшлі з ператрусам у офісы T*t.by і hoster.by, а таксама дадому да некаторых супрацоўнікаў кампаній. Сайт заблакавалі па патрабаванні Мінінфарма: ведамства спасылалася на праверку Генпракуратуры, якая ўстанавіла «шматлікія факты парушэнняў "Закона аб СМІ"», у прыватнасці, публікацыю інфармацыі «ад імя фонду BySol».
Пасля ператрусаў і допытаў затрымалі 15 чалавек, сярод іх аказаліся галоўная рэдактарка Марына Золатава, рэдактарка Вольга Лойка, журналістка Алена Талкачова, гендырэктар Людміла Чэкіна, а таксама Юлія Чарняўская, удава заснавальніка T*t.by Юрыя Зісера. Юрыдычнага дачынення да кампаніі яна не мела, пасля смерці мужа пераняўшы яго пакет акцый у hoster.by. Асноўным уладальнікам T*t.by на той момант з'яўлялася Яўгенія Чарняўская — іх дачка, якая жыве ў Ізраілі.

Палітзгяволеная Вольга Лойка, рэдактарка T*t.by

Палітзгяволеная Вольга Лойка, рэдактарка T*t.by


На працягу дзесяці дзён затрыманым прад'явілі абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры і абралі меру стрымання. Дваіх юрыстаў, а таксама Юлію Чарняўскую змясцілі пад хатні арышт, астатніх — у следчы ізалятар на вуліцы Валадарскага і ў СІЗА КДБ. Пазней сам Аляксандр Лукашэнка агучыў суму шкоды, нібыта нанесенай кампаніяй дзяржаве. Паводле яго слоў, яна не даплаціла 2,5 мільёны рублёў, карыстаючыся льготамі ад ПВТ, на якія, паводле следства, не мела права. У Парк высокіх тэхналогій «Тут Бай Медиа» прынялі ў 2019 годзе.

«Экстрэмізм» і новая справа супраць T*t.by

Пасля блакавання сайта каманда працягнула публікаваць навіны ў сацсетках. Праз некалькі дзён з ператрусамі прыйшлі да іх адміністратараў. Частка рэдакцыі з'ехала з Беларусі, пазней яна заснавала новае медыя — z*rkalo.io. Практычна адразу ж — праз гадзіну пасля запуску — яго заблакавалі ў Беларусі. У жніўні 2021 года суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў публікацыі T*t.by і z*rkalo.io, а таксама іх лагатыпы «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Журналісты T*t.by за працай

Журналісты T*t.by за працай


У кастрычніку 2021 года Следчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу ў «дачыненні да службовых асоб і работнікаў "Тут Бай Медиа" і іншых асоб». Яе распачалі па ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса — «Распальванне варожасці або розні». Невядома, ці ёсць у гэтай справе абвінавачаныя. У снежні 2021 года «Тут Бай Медиа» выключылі з Парка высокіх тэхналогій, кампанія hoster.by засталася ў ліку рэзідэнтаў.
Што з абвінавачанымі цяпер?
Першым з 15 затрыманых на волі апынуўся Сяргей Павалішаў, кіраўнік hoster.by. 1 верасня 2021 года яму змянілі меру стрымання і адпусцілі з СІЗА КДБ. Цягам года — у студзені, сакавіку, красавіку і траўні 2022 года — меру стрымання змянілі яшчэ 10 супрацоўнікам. Трое дагэтуль застаюцца ў СІЗА: Марына Золатава, Людміла Чэкіна і Алена Талкачова.

Палітзняволеная журналістка Алена Талкачова

Палітзняволеная журналістка Алена Талкачова


За мінулы год суд адбыўся толькі над Дар'яй Данілавай, заснавальніцай «RocketData» і менеджаркай Tam.by (стартап, у які інвеставаў T*t.by. — Заўв. рэд.). Яе асудзілі да 1 года і 4 месяцаў калоніі, але не па «падатковым артыкуле», па якім затрымалі, а па арт. 342 КК («Арганізацыя або ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Яе вызвалілі проста ў зале суда. Ад зносін на гэтую тэму з журналістамі Дар'я пакуль адмаўляецца.

Новыя і старыя абвінавачанні супраць T*t.by. Што з кампаніяй сёння?

Паводле слоў акцыянера кампаніі Кірыла Валошына, пра справу ў дачыненні да былых супрацоўнікаў T*t.by яму вядома нямногае: і самі абвінавачаныя, і іх адвакаты знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні. Таму на многія пытанні ён адказвае з агаворкай: «Тэксту абвінавачання мы не бачылі — магу толькі меркаваць і здагадвацца». За год акцыянеры пра афіцыйныя прэтэнзіі з боку праваахоўных органаў нічога новага не даведаліся.
Кампанія да гэтага часу не атрымала акт аб нанесенай дзяржаве шкодзе. На пытанне, ці пагашаная сума, пра якую заяўляў Лукашэнка, Валошын адказаў так: «Сума, якая агучвалася ў дзяржСМІ, на рахунак СК пералічаная». Паводле інфармацыі DW, названая сума ў 2,5 мільёна рублёў прыкладна роўная падатковым ільготам ад ПВТ, якія кампанія «Тут Бай Медиа» атрымала ў 2020-м.

Кірыл Валошын

Кірыл Валошын

Паводле паведамленняў СМІ, з Дар'і Данілавай — адной з фігурантак справы — былі знятыя абвінавачанні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. «Усе астатнія, каму змененая мера стрымання на больш мяккую, усё яшчэ застаюцца абвінавачанымі. Мы не ведаем, якія артыкулы інкрымінуюць тым, хто цяпер знаходзіцца ў СІЗА. Можам выказаць здагадку, што не толькі падатковыя», — дзеліцца Валошын.
Год таму з ператрусамі прыйшлі не толькі ў «Тут Бай Медиа», але і ў іншыя кампаніі — av.by, hoster.by, — якія да T*t.by не адносіліся, але склад акцыянераў у іх быў падобны. Кірыл Валошын прызнаўся, што ў яго ёсць здагадкі, чаму так адбылося, але агучваць іх ён не стаў. У адказ на пытанне, у чыіх руках зараз знаходзіцца hoster.by, Валошын прапанаваў зрабіць запыт у ЕДР і паглядзець спіс уласнікаў: «Думаю, вы там не ўбачыце некаторых раней прысутных прозвішчаў».

Як доўга будуць расследаваць справу T*t.by?

Навін пра завяршэнне папярэдняга расследавання яшчэ няма. Мяркуючы па ўсім, следства па справе было зноў працягнутае. Верагодна, летам можа пачацца суд. «Жудасна разумець, што Людміла, Лена, Марына і Ала, якая выйшла нядаўна, прасядзелі год. Яшчэ страшней уявіць, колькі дзяржава захоча даць калегам з улікам тэрмінаў, якія атрымлівалі іншыя палітвязні», — кажа Кірыл Валошын.
Фармальна чалавека могуць утрымліваць пад вартай да 18 месяцаў, тлумачыць Андрэй Мачалаў, адвакат, пазбаўлены ў Беларусі ліцэнзіі. Пры гэтым таму, хто ўжо затрыманы і знаходзіцца пад вартай у СІЗА, следчы можа прад'явіць абвінавачанне па іншым артыкуле КК.
«Падатковую справу» ў дачыненні да супрацоўнікаў T*t.by расследуюць ужо год, і гэта незвычайная практыка для такой катэгорыі спраў, гаворыць Андрэй Мачалаў. Паводле яго досведу, пры абвінавачанні па арт. 243 КК даволі рэдка абіраецца мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту: «Часцей такая мера прымяняецца ў дачыненні да арганізатара якой-небудзь буйной групы, замежнага грамадзяніна або ў дачыненні да асобы, якая сапраўды паспрабавала схавацца ад следства».
Мачалаў выказаў здагадку, што «шараговым супрацоўнікам кампаніі» маглі прад'явіць абвінавачанні ў парушэнні іншага артыкула, паколькі яны «ў прынцыпе не маюць дачынення да фінансавага боку працы свайго наймальніка і прад'явіць ім абгрунтаванае абвінавачанне па арт. 243 КК немагчыма». Але атрымаць пацвярджэнне гэтай інфармацыі праз закрытасць справы складана, падвёў вынік беларускі экс-адвакат.
Паводле dw.com.