Галоўны рэдактар і бухгалтарка газеты «Беларусы і рынак» выйшлі з КДБ пасля допыту
Галоўны рэдактар газеты «Беларусы і рынак» Андрэй Александровіч пад падпіскай аб неразгалошванні. Яго працэсуальны статус — сведка па справе аб распальванні нацыянальнай варажнечы, заведзенай супраць дырэктара ўстановы Канстанціна Залатых.

На волі таксама бухгалтарка выдання Юлія Кахно. Яе таксама затрымлівалі раніцай 18 траўня.
Па словах жонкі Канстанціна Залатых, яму інкрымінуюць артыкул 130 КК Беларусі — «Распальванне нацыянальнай варажнечы». У яго канфіскаваныя ноўтбук і сродкі сувязі. Каля 13 гадзін дырэктар «Беларусаў і рынку» ў суправаджэнні траіх следчых зайшоў у рэдакцыю выдання.
Пра лёс Залатых пакуль нічога невядома.
«Беларусы і рынак» — бадай што апошняе незалежнае выданне, якое працуе ў Беларусі. Выданне збольшага прысвечаная эканоміцы.