Карупцыя, хуліганства, беспарадкі: самыя гучныя справы палітвязняў Беларусі да 2020 года

У палітычнай гісторыі Беларусі барацьба ўладаў з апанентамі пачалася далёка да падзей 2020 года. Ад самага пачатку рэжыму Лукашэнкі да нязгодных ужываліся знаёмыя ўжо многім беларусам захады: катаванні, сфабрыкаваныя справы, абвінавачанні ў «парушэнні грамадскага парадку» і «хуліганстве», хоць прычыны пераследу былі відавочна палітычныя. 
Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

Пад рэпрэсіі траплялі самыя розныя людзі: актывісты, палітыкі, бізнесоўцы, журналісты, непаўналетнія… Некаторым давялося заплаціць за свае погляды не толькі здароўем, але і жыццём. Напярэдадні Дня палітвязня ў Беларусі мы ўзгадалі тых, хто прайшоў праз гэты канвеер пачынаючы з 1995 года.

1995 год

Сяргей Антончык — адзін з арганізатараў і лідараў рабочага руху Беларусі, што зарадзіўся ў 1989 годзе, актыўны ўдзельнік найбуйнейшай рабочай забастоўкі ў красавіку 1991 года. Дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (1990—1995), сябра Апазіцыі БНФ. Быў членам Камісіі Вярхоўнага Савета па пытаннях працы, цэн, занятасці і сацыяльнай абароненасці насельніцтва.

Сяргей Антончык у 1991 годзе. Фота vytoki.net

Сяргей Антончык у 1991 годзе. Фота vytoki.net

Быў у складзе антыкарупцыйнай парламенцкай камісіі, якую ўзначальваў Аляксандр Лукашэнка. Пасля абрання Лукашэнкі прэзідэнтам выступіў на сесіі Вярхоўнага Савета 20 снежня 1994 года з дакладам аб карупцыі ў атачэнні прэзідэнта. Газеты, якія вырашылі яго надрукаваць, выйшлі з «белымі плямамі». У канцы 1994 — пачатку 1995 гг. супраць Сяргея Антончыка была распачатая крымінальная справа. Гэта стала вынікам таго, што тагачасны кіраўнік справамі прэзідэнта Ціцянкоў падаў на Антончыка ў суд, будучы незадаволены згадкай пра сябе ў антыкарупцыйным дакладзе. Антончыка абвінавацілі ў паклёпе. Рашэннем суда дэпутат быў аштрафаваны на суму, эквівалентную прыкладна 20 тысячам долараў. Яго маёмасць была часткова канфіскаваная.

У красавіку 1995 года быў збіты разам з іншымі дэпутатамі Апазіцыі БНФ падчас галадоўкі ў зале парламенту. У жніўні таго ж 1995 года падчас страйку супрацоўнікаў Мінскага метрапалітэна, нягледзячы на дэпутацкі імунітэт, быў затрыманы і больш як суткі пратрыманы на тэрыторыі спецыяльнай часткі ўнутраных войскаў.

14 траўня 1995 года адбыўся рэферэндум па зменах Канстытуцыі РБ, статусу рускай мовы, дзяржаўнай сімволікі і эканамічнай інтэграцыі з Расіяй. 24 траўня 1995 года была праведзеная адна з першых пры прэзідэнцтве Лукашэнкі акцый пратэсту супраць змены сімволікі, у якой удзельнічаў і Андрэй Рамашэўскі. У ёй удзельнічалі моладзевыя актывісты, анархісты і студэнты. Яны хадзілі вакол будынка Адміністрацыі прэзідэнта з закладзенымі за галаву рукамі, сімвалізуючы паліцэйскую краіну, іранічна спявалі гімн БССР і трымалі нахіленым долу чырвона-зялёны сцяг, які пасля быў вывешаны на грамадскую прыбіральню ў Аляксандраўскім скверы. Пад канец акцыі сцяг быў падраны на шматкі. Акцыю разагнала міліцыя, было арыштавана каля 20 чалавек, у тым ліку і Рамашэўскі.

Андрэй Рамашэўскі, фота з Фэйсбука

Андрэй Рамашэўскі, фота з Фэйсбука

Амаль праз год, 29 красавіка 1996, праз тры дні пасля разагнанага ўладамі «Чарнобыльскага Шляху-96», Андрэй Рамашэўскі быў арыштаваны за ўдзел у акцыі пратэсту 24 траўня 1995 г. Ён быў абвінавачаны ў «здзеку з дзяржаўнай сімволікі», нягледзячы на тое, што падраны сцяг быў старога ўзору часоў БССР. Тры месяцы Рамашэўскі правёў у СІЗА-1 у Мінску. 1 ліпеня 1996 года абвясціў галадоўку пратэста. 19 ліпеня суд Ленінскага раёна Мінска прызнаў яго вінаватым па арт. 201 ч. 2 КК РБ (злоснае хуліганства) і асудзіў на 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна з адтэрміноўкай на 1 год.


1996 год

Славамір Адамовіч — беларускі паэт і грамадскі дзеяч, аўтар некалькіх паэтычных зборнікаў.

З 4 красавіка 1996 па 7 лютага 1997 года Адамовіч знаходзіўся пад арыштам за напісаны ім у лістападзе 1995 года верш «Забі прэзідэнта». Яму інкрымінаваліся заклікі да звяржэння або змены дзяржаўнага ладу, незаконнае перасячэнне мяжы і незаконнае нашэнне халоднай зброі. Некалькі месядаў Адамовіч сядзеў без суда ў СІЗА КДБ. За кратамі ён абвясціў сухую галадоўку і аказаўся на мяжы смерці. На восьмы дзень ён спыніў галадоўку, яго адвезлі ў шпіталь. Потым яшчэ некалькі месяцаў вязень правёў у СІЗА Віцебска.

Славамір Адамовіч

Славамір Адамовіч

7 лютага 1997 года суд задаволіў чарговае хадайніцтва адваката Адамовіча Гары Паганяйлы аб змяненні меры стрымання яго падабароннаму. Яго вызвалілі з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе з абавязкам з’яўляцца ў суд. Тагачасны, хоць і ўжо не незалежны, беларускі суд улічыў шматлікія пратэсты беларускіх і замежных праваабаронцаў з нагоды ўвязнення паэта. Неўзабаве суд прысудзіў Адамовіча да 10 месяцаў пазбаўлення волі, якія ён ужо адбыў.

Палітык Вячаслаў Сіўчык на момант свайго арышту 26 красавіка 1996 г., пасля правядзення ў Мінску «Чарнобыльскага шляху», быў адказным сакратаром Управы БНФ.

 Вячаслаў Сіўчык

 Вячаслаў Сіўчык

Быў абвінавачаным у межах крымінальнай справы па артыкуле «Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзел у іх», узбуджанай супраць БНФ увесну 1996 г. (гэта тая самая справа, калі пад пагрозай арышту і правакацый быў вымушаны эміграваць лідар БНФ Зянон Пазьняк).

Утрымліваўся ў мінскім СІЗА на вул. Валадарскага, амаль адразу абвесціў бестэрміновую галадоўку пратэсту, каб уратаваць ад арыштаў іншых сяброў БНФ. Галадоўка працягнулася 21 дзень, да яго вызвалення пад ціскам міжнароднай супольнасці і пратэстаў на вуліцах Мінска. 17 траўня 1996 г. Сіўчык быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе. Напярэдадні ён тры дні правёў у рэанімацыі. Справа была канчаткова закрытая толькі праз некалькі гадоў.

Разам з Вячаславам Сіўчыкам быў арыштаваны палітык і навуковец Юрый Хадыка. У абарону прафесара разгарнуўся моцны рух салідарнасці. З маніфестацыямі на Валадарскага, з патокам лістоў пратэсту, у тым ліку з-за мяжы — не толькі ад палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, але і ад навукоўцаў.

Юрый Хадыка

Юрый Хадыка

Пра вызваленне Сіўчыка і Хадыкі распавядаюць гісторыю, якую ніхто так і не абверг: нібыта лідар расійскага «Яблыка» Рыгор Яўлінскі папрасіў прэзідэнта Барыса Ельцына дапамагчы вызваліць беларускіх палітвязняў. Той патэлефанаваў Лукашэнку, і тады іх выпусцілі.

Юрыя Хадыку вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе 21 траўня 1996 г. і адразу даставілі ў шпіталь, знясіленага галадоўкай, якая працягнулася 23 дні. Абвінавачанні з яго знялі толькі праз некалькі гадоў.

Алесь Вечар — беларускі навуковец, сябра дзяцінства сыноў прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Чыгіра, за што фактычна і пацярпеў.

Патрапіў у турму ў 1996 г. па сфабрыкаванай справе аб крадзяжы аўтамабільных запчастак. Фактычна следчыя перавялі Алеся ў абвінавачаныя са сведкаў пасля таго, як ён нават пад катаваннямі адмовіўся даваць ілжывыя паказанні супраць свайго сябра дзяцінства Аляксандра Чыгіра — аднаго з сыноў на той час ужо апальнага былога прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Чыгіра.

Алесь Вечар змог распавесці пра абставіны гэтай справы толькі пасля трох гадоў, якія ён правёў у зняволенні (увесь тэрмін, да якога яго асудзілі, складаў 5 гадоў).

Падчас знаходжання Вечара ў калоніі супрацоўнікі спецслужбаў таксама праводзілі правакацыі супраць яго жонкі Веры, якая заставалася дома адна з маленькім дзіцём, таксама былі спробы нападу на кватэру сям’і.

Пасля вызвалення ў 1999 годзе Алесь Вечар эміграваў у Злучаныя Штаты Амерыкі, неўзабаве забраўшы туды жонку і сына.

1997 год

Алесь Бондараў — жыхар Мінска, фізік па адукацыі. Быў асуджаны за ўдзел у святкаванні Дня Волі 23 сакавіка 1997 года, падчас якога ў Мінску адбыліся сутыкненні дэманстрантаў з міліцыяй.

1 красавіка 1997 г. Алесь Бондараў быў затрыманы і абвінавачаны ў хуліганстве. Усяго па крымінальнай справе аб Дні Волі-97 праходзілі 5 удзельнікаў акцыі.

Судовы працэс адбываўся ў Мінскім гарадскім судзе з 30 кастрычніка да сярэдзіны лістапада 1997 года.
Алесь Бондараў быў асуджаны да папраўчых працаў без змяшчэння ў месцы зняволення з утрыманнем 20 працэнтаў заробку на карысць дзяржавы.

На 2-гадовую «хатнюю хімію» без адрыву ад месцаў працы таксама былі асуджаныя Анатоль Сарокін і Алесь Коваль. Два іншыя фігуранты справы — Рыгор Кійко і Уладзімір Лыско — атрымалі па 2 гады папраўчых работ з утрыманнем у месцах зняволення. На той час гэта былі адныя з першых палітычных прысудаў, і выракі выглядалі тады вельмі суровымі.

Рыгор Кійко

Рыгор Кійко

Журналіст Зміцер Завадскі з 1989 г. працаваў на беларускім тэлебачанні. Са студзеня 1997 г. — аператар на ОРТ (Грамадская расійская тэлевізія) у Беларусі.

26 ліпеня 1997 г. Зміцер Завадскі быў арыштаваны разам з журналістам ОРТ Паўлам Шараметам за рэпартаж аб беларуска-літоўскай мяжы. Некалькі месяцаў правёў у зняволенні ў гарадзенскай турме. Асуджаны ўмоўна да палутара гадоў пазбаўлення волі за незаконны пераход мяжы. Выйшаў на свабоду 5 верасня 1997 г.

Зміцер Завадскі і Павел Шарамет

Зміцер Завадскі і Павел Шарамет

7 ліпеня 2000 г. Зміцер Завадскі знік пры нявысветленых абставінах па дарозе ў аэрапорт «Мінск-2». Судом ён прызнаны памерлым, аднак цела Завадскага следствам не знойдзенае. За выкраданне Змітра Завадскага ў 2002 г. былі асуджаныя да вялікіх тэрмінаў зняволення былыя афіцэры спецпадраздзялення МУС «Алмаз» Валерый Ігнатовіч і Максім Малік, былы курсант Акадэміі міліцыі Аляксей Гуз і Сяргей Савушкін.

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Змітра Завадскага вязнем сумлення.

Павел Шарамет быў вызвалены 7 кастрычніка 1997 года пад падпіску аб нявыездзе. Суд над ім пачаўся 17 снежня 1997 года і скончыўся 28 студзеня 1998 г. Паўла Шарамета пакаралі двума гадамі пазбаўлення волі ўмоўна «за наўмыснае групавое парушэнне дзяржаўнай мяжы» і «перавышэнне журналісцкіх паўнамоцтваў, якое нанесла ўрон інтарэсам дзяржавы». Правёў за кратамі два з паловай месяцы. «Міжнародная амністыя» прызнала Паўла Шарамета вязнем сумлення.

Павел Шарамет быў забіты 20.07.2016 у Кіеве. У аўтамабіль, на якім ён ехаў на працу, было падкладзена выбуховае прыстасаванне.

Вадзім Кабанчук нарадзіўся ў Бабруйску. У 90-я гады — актывіст «Маладога Фронту». Скончыў Беларускую політэхнічную акадэмію. 27 сакавіка 1998 г. асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 2 гады.
Затрыманы ў кастрычніку 1997 г. і змешчаны ў мінскі СІЗА па вул. Валадарскага, дзе правёў да суда амаль 6 месяцаў. Яго спрабавалі схіліць да супрацоўніцтва з КДБ катаваннямі.

Вадзім Кабанчук

Вадзім Кабанчук

За ўдзел у акцыях апазіцыі 10 і 23 сакавіка 1997 г. Вадзіму прад’явілі абвінавачанні па двух крымінальных артыкулах: «арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», і «супраціў супрацоўніку міліцыі пры выкананні ім службовых абавязкаў, звязаны з гвалтам альбо пагрозай прымянення гвалту».

Вадзім Кабанчук быў вызвалены з-пад варты ў зале суда 27 сакавіка 1998 г.

Пасля свайго вызвалення працягваў займацца палітычнай дзейнасцю, браў удзел у акцыях апазіцыі.

Уладзімір Кудзінаў — дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га склікання, бізнесовец. Быў адным з ініцыятараў імпічмэнту Лукашэнку ў лістападзе 1996 г. Падчас рэферэндуму 1996 г. зафіксаваў і склаў пратаколы на мноства парушэнняў пры яго правядзенні ў сваёй выбарчай акрузе, матэрыялы пра гэта накіраваў у Берасцейскую і Генеральную пракуратуру РБ.

Уладзімір Кудзінаў

Уладзімір Кудзінаў

4 лютага 1997 г. Уладзімір Кудзінаў быў арыштаваны па сфальсіфікаваным абвінавачанні ў спробах дачы хабару службовай асобе. 4 жніўня 1997 г. суд Барысаўскага раёна прызнаў яго вінаватым ў неаднаразовай спробе хабару і прызначыў яму пакаранне: 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Кудзінаў віны не прызнаў і назваў дзеянні міліцыі загадзя справакаванымі.

Паводле беларускага заканадаўства, як дэпутат ён не мог быць зняволены без згоды Вярхоўнага Савету, калі толькі яго не заспелі непасрэдна пры ўчыненні злачынства. Генеральная пракуратура, якая ўзбудзіла справу супраць Кудзінава, такім чынам, парушыла Закон «Аб Вярхоўным Савеце». Працэс па справе дэпутата, да таго ж, падпадае пад юрысдыкцыю не Барысаўскага раённага, а Вярхоўнага суда. 1 лютага 2001 г. суд Барысаўскага раёна перагледзеў справу Кудзінава ў сувязі з прыняццем новага Крымінальнага кодэкса, які за артыкул «дача хабару» прадугледжваў больш мяккае пакаранне. Кудзінаву знізілі тэрмін пакарання да 5 гадоў. З улікам амністыі атрымалася, што былы дэпутат адседзеў нават больш.

5 лютага 2001 г. Уладзімір Кудзінаў быў вызвалены з мінскай калоніі УЖ-15/1, што знаходзілася па вул. Кальварыйскай.

Вадзім Лабковіч нарадзіўся ў 1981 г. у Мінску. З 1996 г. браў удзел у акцыях «Маладога Фронту», пасля пакінуў арганізацыю з прычыны рознагалоссяў з тагачасным кіраўніцтвам.

Першы непаўнагадовы беларускі палітвязень: прадстаў перад судом, калі яму не было і 16 гадоў.
Вадзім Лабковіч быў арыштаваны ў Стоўбцах 25 жніўня 1997 г. за графіці палітычнага зместу. Правёў у зняволенні болей за паўгода. Пасля стаўбцоўскага ізалятару часовага ўтрымання Вадзім быў пад вартай у мінскай «Валадарцы» і ў Жодзінскім СІЗА.

24 лютага 1998 г. у Мінскім гарадскім судзе быў абвешчаны прысуд — паўтара года зняволення з адтэрміноўкай на два гады. Вадзіма адразу вызвалілі ў зале суда. Пазней судзімасць была з яго знятая паводле амністыі.

Аляксей Шыдлоўскі быў сябрам «Маладога Фронту», адным са стваральнікаў моладзевага руху «Зубр». Пасля школы паступіў у БДУ на факультэт журналістыкі, аднак скончыць яго не ўдалося з-за арышту.

Затрыманне Аляксея адбылося 25 жніўня 1997 г. у Стоўбцах. 24 лютага 1998 года 19-гадовы Аляксей Шыдлоўскі быў асуджаны на 1 год і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Аляксей Шыдлоўскі і Вадзім Лабковіч, люты 1999 года. Фота vytoki.net

Аляксей Шыдлоўскі і Вадзім Лабковіч, люты 1999 года. Фота vytoki.net

Прысуд вынес Мінскі абласны суд, які прызнаў Аляксея Шыдлоўскага, разам з іншым маладафронтаўцам, 16-гадовым мінчуком Вадзімам Лабковічам, вінаватым у нанясенні ў Стоўбцах палітычных графіці: на будынку райвыканкаму актывісты напісалі «Жыве Беларусь», «Пазьняк — наш прэзыдэнт», а таксама замянілі чырвона-зялёны сцяг на бел-чырвона-белы і вывесілі ў горадзе каля дзясятка нацыянальных сцягоў. Гэты ўчынак быў кваліфікаваны як хуліганства.

Да вынясення прысуду Аляксей правёў 6 месяцаў у зняволенні: спачатку ў Жодзінскім СІЗА, потым яго перавялі ў Мінск на «Валадарку».

Аляксей Шыдлоўскі быў амніставаны ўладамі за 2 дні да афіцыйнага сканчэння ягонага турэмнага тэрміну — 23 лютага 1999 г. Зроблена гэта было адмыслова з дзвюх прычынаў. Па-першае, сябры, родныя і паплечнікі па МФ збіраліся сустракаць Аляксея пад сценамі мінскай турмы на вул. Кальварыйскай 25 лютага. Па-другае, згодна з беларускім закандаўствам, асоба, якая была амніставаная, у выпадку новага асуджэння не можа ізноў трапіць пад амністыю на працягу 10 гадоў.

Васіль Лявонаў — былы міністр сельскай гаспадаркі і харчавання. Падчас выбараў першага прэзідэнта Беларусі Лявонаў адкрыта падтрымліваў Кебіча, аднак нягледзячы на гэта, прыняў прапанову Лукашэнкі заняць пасаду міністра. Васіль Лявонаў не падтрымаў ідэю лістападаўскага рэфэрэндуму 1996 года, пасля чаго ў міністэрстве пачаліся масіраваныя праверкі.
Васіль Лявонаў

Васіль Лявонаў

Лявонаў быў арыштаваны 11 лістапада 1997 года ў працоўным кабінеце. Яго арышт здымала група аператараў беларускага тэлебачання, і сюжэт пра гэта некалькі разоў транслявалі на ТБ.

Экс-міністру прад’явілі абвінавачанні па трох артыкулах: «крадзеж маёмасці ў асабліва буйных памерах», «атрыманне хабару» і «незаконнае захоўванне баявых прыпасаў і зброі».

На судзе, які пачаўся 17 жніўня 1999 года, сваёй віны Васіль Лявонаў не прызнаў. Ужо ў першай сваёй прамове ён заявіў, што лічыць сваё зняволенне палітычнай справай, не верыць у справядлівасць суда, бо, па яго меркаванні, яго будзе судзіць не суд, а асабіста Лукашэнка.

Лявонаў пакутаваў на шэраг цяжкіх хранічных захворванняў. Стан яго здароўя падчас зняволення ў СІЗА значна пагоршыўся, ён перанёс некалькі сардэчных прыступаў.

14 студзеня 2000 г. Васіль Лявонаў быў прызнаны Вярхоўным судом вінаватым у хабарніцтве і крадзяжы дзяржаўнай маёмасці ды пакараны 4 гадамі калоніі з канфіскацыяй маёмасці.

Вызвалены 5 кастрычніка 2000 г. паводле амністыі.

Васiль Старавойтаў нарадзiўся ў вёсцы Барок Бялыніцкага раёна 13 чэрвеня 1924 г.

Да Другой сусветнай вайны скончыў Магілёўскую фэльдшарска-акушэрскую школу. Але ўрачом папрацаваць не паспеў: пачалася вайна, пайшоў у партызаны. Пасля вызвалення Беларусі застаўся на Магілёўшчыне на партыйнай працы. Амаль 30 гадоў кiраваў калгасам «Рассвет» Кiраўскага раёна. За поспехi ў працы яшчэ ў часы СССР стаў двойчы Героем сацыялiстычнай працы. З пачаткам рэформаў калгас «Рассвет» быў пераўтвораны ў акцыянернае таварыства.

Васiль Старавойтаў

Васiль Старавойтаў

У 1994 г. Васiль Старавойтаў не падтрымаў на прэзідэнцкiх выбарах Аляксандра Лукашэнку — на ўсю краiну ўсумнiўся ў дзелавых якасцях былога дырэктара саўгасу «Гарадзец».

11 лістапада 1997 г. знакаміты кіраўнік і Двойчы Герой быў арыштаваны і абвінавачаны па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса ў крадзяжах і розных злоўжываннях. У той перыяд было арыштавана шмат людзей, у тым ліку міністр сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў. Усяго ў межах крымінальнага расследавання ў дачыненні да «Рассвету» было заведзена каля сотні розных крымінальных справаў.

Кіраўскі раённы суд стаў на шмат месяцаў цэнтрам самых сенсацыйных падзеяў у Беларусі. Там судзілі — і прызналі вінаватым — Васіля Старавойтава. Сам ён сваю віну катэгарычна адмаўляў.

У 1997 г. Васiль Старавойтаў быў асуджаны за крадзеж маёмасці да двух гадоў зняволення з адбываннем пакарання ў калонii ўзмоцненага рэжыму. Вызвалены 11 лістапада 1999 года.

Працяг будзе


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: