21 траўня — Дзень палітвязня ў Беларусі

Праваабаронцы абвяшчаюць 21 траўня Днём палітвязня ў Беларусі. У гэты дзень год таму ў шклоўскай калоніі №17 пры нявысветленых абставінах памёр палітзняволены актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак. Праваабаронцы заклікаюць у гэты дзень узгадаць Вітольда, выказаць салідарнасць з палітвязнямі Беларусі і ў чарговы раз запатрабаваць ад уладаў іх вызвалення.

_kaljuczka___kraty___njavolja__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

Праваабаронцы абвяшчаюць 21 траўня Днём палітвязня ў Беларусі. У гэты дзень год таму ў шклоўскай калоніі №17 пры нявысветленых абставінах памёр палітзняволены актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак. Праваабаронцы заклікаюць у гэты дзень узгадаць Вітольда, выказаць салідарнасць з палітвязнямі Беларусі і ў чарговы раз запатрабаваць ад уладаў іх вызвалення.

 

21 траўня ў калоніі памёр палітзняволены Вітольд Ашурак

Праваабаронцы абралі дату Дня палітвязня ў Беларусі невыпадкова. 21 траўня — гадавіна смерці ў калоніі палітзняволенага Вітольда Ашурка.

Вітольд — актывіст з Бярозаўкі, супраць якога ў жніўні 2020-га распачалі крымінальную справу за паслявыбарчыя падзеі. Суддзя суда Лідскага раёна Максім Філатаў закрытым рэжыме асудзіў Вітольда да пяці гадоў зняволення. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў шклоўскую калонію.

21 траўня 2021 года, на 244-ы дзень свайго зняволення, палітвязень Вітольд Ашурак памёр у шклоўскай калоніі. Афіцыйная прычына — спыненне сэрца, хоць, па словах сваякоў, да зняволення на здароўе мужчына не скардзіўся.

vitold_1.jpg

Родныя дагэтуль не ведаюць, чаму памёр мужчына. Крымінальнай справы па факце яго смерці таксама да гэтага часу няма.

Менавіта Вітольд быў першым палітзняволеным за падзеі 2020 года, хто распавёў пра масавую пазнаку палітвязняў у калоніях жоўтымі біркамі. Пра гэта ён напісаў у сваім лісце на волю:

«Палітычных тут [у шклоўскай калоніі] не бракуе. Так што сумаваць нагоды няма. Тым больш, што адміністрацыя выдала загад мець жоўты колер бірак на адзенні, і таму палітычных можна адрозніць здалёк».

Праваабаронцы нагадваюць, што падчас Другой сусветнай вайны нацысты нашывалі яўрэям жоўтыя «зоркі Давіда». 

1453 чалавекі за два гады атрымалі статус палітвязня

На гэты момант у Беларусі налічваецца 1187 палітычных зняволеных. За кратамі знаходзяцца амаль усе прадстаўнікі беларускага грамадства: праваабаронцы, журналісты, актывісты, палітыкі, студэнты, завадчане, былыя чыноўнікі і сілавікі, настаўнікі, культурныя дзеячы, лекары, будаўнікі, навукоўцы і іншыя. За ўдзел у акцыях пратэсту ў калоніі адпраўляюць непаўнагадовых, шматдзетных маці, пенсіянераў і людзей з захворваннямі. Палітвязняў у месцах зняволення ўтрымліваюць у нечалавечых умовах, збіваюць, катуюць і не аказваюць неабходную медыцынскую дапамогу.

У сувязі з палітычнай сітуацыяй у Беларусі з 1 ліпеня 2020 года статус палітычнага вязня атрымалі 1453 чалавекі! Гэта беспрэцэдэнтная сітуацыя па рэпрэсіях у Беларусі. Праваабаронцы патрабуюць вызвалення палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій супраць жыхароў Беларусі. 

Што можна зрабіць да Дня палітвязня?

Праваабаронцы заклікаюць далучыцца да акцый салідарнасці па падтрымцы палітвязняў у Беларусі, напрыклад, прычапіць да адзення “жоўтую бірку экстрэміста” ў знак салідарнасці з палітвязнямі (прамавугольнік жоўтага колеру памерам 4 на 10 см). Можна таксама распавесці ў сацсетках гісторыю аднаго ці некалькіх палітвязняў з хэштэгам #МойСябраПалітвязень;

Або напісаць адкрыты ліст-пост палітзняволенаму з хэштэгам #свабодупалітвязням;

Можна запаліць увечары 21 траўня ў сябе дома ці ў іншым месцы свечку памяці палітзняволенаму Вітольду Ашурку;

Даслаць палітвязню ліст салідарнасці, падтрымаць палітвязняў іншым спосабам: пасылкай, грашовым пераводам, тэлеграмай.

Свабоду палітвязням!

Паводле прэс-рэлізу