Сілавікі збілі пры затрыманні брата палітвязня. І параілі радавацца, што не збілі маці, сястру ды пляменніц

У Мінску затрымалі і збілі брата палітвязня. Пры гэтым сілавікі параілі радавацца, што не кранулі родных.

dubski.jpg

11 траўня ў Мінску быў затрыманы былы палітвязень Арцём Дубскі — брат палітзняволенага Іллі Дубскага, асуджанага да 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Сам Арцём з 2011 года жыве ў Польшчы і ў Беларусь прыехаў наведаць сваякоў, паведамляюць праваабаронцы.

Мужчына разам са сваёй маці, сястрой і дзвьма пляменніцамі выходзіў з «Гандлёвага дома на Нямізе», калі да яго падбегла 6 супрацоўнікаў у масках.

У Арцёма вырвалі з рук тэлефон, затым павалілі на зямлю і збілі, пасля чаго надзелі кайданкі і закінулі ў свой аўтамабіль. Дубскага адвезлі ў будынак КДБ на Камсамольскай.

Там у Арцёма пыталіся, ці завербаваны ён польскімі спецслужбамі, колькі гадоў ужо пражывае ў Польшчы, ці праходзіў ён ваенную падрыхтоўку, ці адносіцца да апазіцыйных структур.

На заўвагу Дубскага, што пры затрыманні яго можна было і не збіваць, сілавікі параілі радавацца, што не кранулі ягоных родных, якія былі побач з ім.