Дарʼя Данілава, якую асудзілі па «справе TUT.BY», з'ехала з Беларусі
Менеджарка Дарʼя Данілава (на здымку другая злева), якую асудзілі па «справе TUT.BY», з'ехала за мяжу. Яна правяла ў няволі 11 месяцаў, а зараз знаходзіцца ў Грузіі. Пра свой ад'езд з Беларусі дзяўчына распавяла ў фэйсбуку.
«Сёння я прыляцела ў Батумі і нарэшце праз год абняла каханага мужа і брата, а наогул нас тут цэлая банда і хутка стане яшчэ больш, — напісала Дар'я Данілава. — Планую тут правесці лета. Пакуль узяла адпачынак і месяц-два буду адпачываць і аднаўляцца. Далей пакуль выразнага плану няма, але дакладна буду ў нейкай форме працягваць развіваць Rocketdata. Планую злятаць у «тур» па сябрах, якія цяпер раскіданыя па ўсім свеце і з усімі паабнімацца. Ну і, вядома ж, буду вельмі рада пабачыцца з усімі, хто гэтым летам плануе наведаць Грузію».
Пра своё зняволенне Дар'я таксама ўзгадала.
«Самае падыходнае слова для ўсяго таго, што адбылося са мной — гэта сюррэалізм, але галоўнае, што я на волі, бадзёрая, здаровая і поўная энергіі і жадання жыць сваё цудоўнае і ўжо сапраўды не сумнае жыццё далей. Як той казаў, будзе што расказаць унукам», — распавяла былая зняволеная.
Менеджарка праекта TAM.ВY, дырэктарка RocketData,
палітзняволеная Дар'я Данілава была асуджана і выйшла на волю 25 красавіка. Яе
затрымалі па «справе TUT.BY» вясной 2021-га, але ў выніку асудзілі па
артыкуле «арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі
парадак...» (абвінавачванне ў «дапамозе ва ўхіленні ад выплаты падаткаў» знялі). Прысуд — год і чатыры месяцы калоніі. З улікам тэрміну,
праведзенага ў СІЗА КДБ і СІЗА № 1 у Мінску, Данілаву вызвалілі.