Завяршыліся два суды па «справе Зельцэра»
У Мінскім абласным судзе 18 траўня вынеслі прысуд па «справе Зельцэра». Палітзняволеную Аліну Забаштанскую прысудзілі да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму.
Як паведамляюць праваабаронцы, жанчыну абвінавацілі па ч. 1 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці») і ч. 1 арт. 368 («Абраза Лукашэнкі») Крымінальнага кодэкса.
Паводле слоў сваякоў, яе судзілі за відэа і каментары ў Tik-Tok.
Дарэчы, Аліна Забаштанская хварэе на эпілепсію. Па справе прызначалі псіхіятрычную экспертызу, і перапынак доўжыўся месяц. Дома палітзняволеную чакае дачка.
Яшчэ адзін прысуд па «справе Зельцэра» быў вынесены ў судзе Нясвіжа і Нясвіжскага раёна. 40-гадовы Андрэй Зубовіч прысуджаны да 1,5 года «хатняй хіміі».
Зубовіча абвінавацілі па арт. 369 Крымінальнага кодэкса («Абраза прадстаўніка ўлады»). 30 верасня 2021 года ён са свайго мабільнага тэлефона напісаў каментар пра забітага супрацоўніка КДБ: «Завалили так завалили, ну и х...й с ним».
У верасні 2021 года айцішнік Андрэй Зельцэрадкрыў агонь, калі сілавікі спрабавалі ўварвацца ў яго кватэру. Ён застрэліў супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і быў забіты сам.
За каментары ў сацсетках КДБ затрымаў каля 200 чалавек. Ім выставілі абвінавачанні ў «абразе прадстаўніка ўлады» і «наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці».
Удаву Зельцэра Марыю Успенскую будуць судзіць 31 траўня. Да гэтага яны тры тыдні правяла ў Навінках.
Паводле «Еўрарадыё».