Блінкен: Лукашэнка знайшоў новыя спосабы запалохвання грамадзян
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен зрабіў заяву з нагоды ўвядзення ў Беларусі смяротнага пакарання за замах на ўчыненне злачынстваў, прадугледжаных чатырма артыкуламі КК за тэрарызм. У ЗША лічаць дадзеную меру спосабам запалохвання.
«Ва ўмовах несправакаванай і неапраўданай вайны Расіі супраць Украіны рэжым Лукашэнкі ў Беларусі знайшоў новыя спосабы запалохвання і пакарання сваіх грамадзян, у тым ліку шляхам прыняцця закона аб прымяненні смяротнага пакарання да дэмакратычных актывістаў і тым, хто выступае супраць вайны Расіі ва Украіне. У прыватнасці, новыя папраўкі ў Крымінальны кодэкс дапускаюць прымяненне смяротнага пакарання да асоб, асуджаных за “замах на тэрарыстычны акт”. Рэжым высунуў палітычна матываваныя абвінавачванні ў “экстрэмізме” і “тэрарызме” супраць многіх з больш чым 1100 палітычных зняволеных і выкарыстаў такія цэтлікі для затрымання яшчэ дзясяткаў тысяч», — гаворыцца ў заяве Блінкена.
Дзяржсакратар ЗША адзначыў, што беларускі народ працягвае дэманстраваць: рэжым не можа заглушыць яго заклікі да дэмакратыі. Паводле яго слоў, толькі ўнутрынацыянальны дыялог з удзелам дэмакратычнага руху здольны вывесці Беларусь з цяперашняга палітычнага тупіку. Ён падкрэсліў, што пазіцыя ЗША ў дачыненні да сітуацыі ў Беларусі не мяняецца, перадае REFORM.by.
«Напярэдадні Дня палітвязняў у Беларусі 21 траўня мы паўтараем нашы заклікі да безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў, спынення гвалту ў дачыненні да ўласных грамадзян і агульнанацыянальнага дыялогу з удзелам грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнага руху, які вядзе да свабодных і справядлівых выбараў пад міжнародным наглядам. Мы імкнемся садзейнічаць прыцягненню да адказнасці і з гэтай мэтай увялі санкцыі ці візавыя абмежаванні для сотняў беларускіх арганізацый і службовых асоб за іх дачыненне да парушэнняў правоў чалавека, падрыву дэмакратыі ў Беларусі, фальсіфікацыі вынікаў выбараў ці карупцыі. Вінаватыя ў гэтых парушэннях правоў чалавека будуць прыцягнутыя да адказнасці» — канстатаваў Блінкен.