Краіна, якая перамагла Оруэла

У Беларусі забаранілі прадаваць антыўтопію Оруэла «1984». Гэтая навіна выклікала фурор у сацыяльных сетках. Праўладныя тэлеграм-каналы абвясцілі, што гэта «фэйк». Аўтары навіны сцвярджаюць, што ў іх ёсць адпаведныя пацвярджэнні. У любым выпадку, на раніцу чацвярга кніга знікла з анлайн-крам.

scale_1200__2__6.webp

«Фэйк» гэта, ці не «фэйк», але рэакцыя людзей на гэтую навіну проста паказальная. Паказальная тым, што ніхто не паверыў заявам праўладных тэлеграм-каналаў. І гэта, мабыць, самы відавочны момант гісторыі: мы не чакаем ад улады нічога добрага, і не здзіўляемся нават самым, здавалася б, абсурдным рашэнням — такім, як забарона на распаўсюд сусветна вядомага твора. Пагадзіцеся, калі людзі так думаюць пра ўладу, ёй варта задумацца аб тым, што яна, гэтая ўлада, наогул з сябе ўяўляе.

Тое, што ў забарону «1984» паверылі, не здзіўляе ад слова «наогул». Таму што на гэтым тыдні было шмат падстаў гаварыць пра тое, як у Беларусі знішчаецца свабода слова і свабода думкі. Напрыклад, на тыдні мы адзначылі гадавіну разгрому самага буйнога і ўплывовага ў Беларусі інтэрнэт-партала. Цэлы год людзі, якія працавалі ў ім, сядзяць за кратамі без суда. Здавалася б, за гэты час можна было б правесці любыя следчыя дзеянні і знайсці любыя доказы іх вінаватасці або адсутнасці вінаватасці. Але…

Пераследы за «думказлачынства», якое якраз і апісана ў кнізе Оруэла, працягваюцца. Не паспела выдавецтва «Янушкевіч» адкрыць сваю кнігарню, як туды прыйшлі сілавікі, забралі 200 асобнікаў кніг, самога выдаўца Андрэя Янушкевіча і прадавачку Насцю Карнацкую. Ім абодвум уляпілі адміністрацыйны арышт, а кнігі будуць правераны на «экстрэмізм».

Дарэчы, прапагандыстка Людміла Гладкая, апісваючы гэтую сітуацыю, заявіла, што адна з кніг — «Сабакі Еўропы» Альгерда Бахарэвіча, — ужо была прызнаная экстрэмісцкай. Сам Бахарэвіч вельмі здзівіўся інфармаванасці Гладкай, і назваў сябе «афіцыйна прызнаным аўтарам экстрэмісцкага рамана».

«Сабакі Еўропы» быў у шорт-ліст расійскай прэміі «Вялікая кніга 2019 года». Як піша расійскае выдавецтва «Время», якое выдавала «Сабак» на рускай, «Альгерд Бахарэвіч атрымаў за “Сабак Еўропы” адну зусім незвычайную ўзнагароду — спецыяльна для яго заснаваную Чытацкую прэмію, якую ўдзячныя прыхільнікі ўручылі яму за тое, што ён “падняў сучасную беларускую літаратуру на зусім новы ўзровень”... “Сабакі Еўропы” — раман аб чалавечай і нацыянальнай адзіноце, аб ілюзіях — аб дзяржаве, якой не трэба мінулае і якая ўпэўнена, што ў яе сілах адмяніць будучыню, пра дыктатуру слова, ускраіну імперыі і яе еўрапейскай тузе».

Зразумела, чаму Бахарэвіч цяпер «экстрэмісцкі»?

У той жа час сілавікі зноў прыйшлі да журналістаў — у эканамічную газету «Беларусы і рынак». У дачыненні да яе выдаўца Канстанціна Залатых заведзеная крымінальная справа за «распальванне варожасці», галоўны рэдактар газеты Андрэй Александровіч быў дапытаны ў КДБ, і цяпер пад падпіскай аб невыдаванні ў якасці сведкі. Дапытаная таксама бухгалтар выдання Юлія Кахно, што дазваляе сумнявацца ў «распальванні варожасці».

Усе гэтыя падзеі ў сукупнасці наводзяць на думкі, што ўлады прама праводзяць у дзеянне оруэлаўскі лозунг «Няведанне — сіла». Інакш ніяк не растлумачыць такую маштабную атаку на гуманітарную сферу краіны за тыдзень. І зразумела, што ўлады глядзяць у «1984», а бачаць — сябе.

«Вайна — гэта мір». Доўгі час лозунг «абы не было вайны» быў ці не галоўным у афіцыйнай прапагандзе. Аднак менавіта Лукашэнка ўцягнуў краіну ў баявыя дзеянні супраць Украіны, дазволіўшы абстрэльваць нашу паўднёвую суседку са сваёй тэрыторыі. Так, Расія называе ўварванне ва Украіну не «вайной», а «спецыяльнай аперацыяй». Але тое, што гэта вайна, цяпер вызнаюць нават беларускія дзяржаўныя органы. Следчы камітэт Беларусі завёў новую крымінальную справу на кіраўніка фонду салідарнасці Андрэя Стрыжака. У афіцыйным паведамленні гаворыцца, што справа заведзеная па ч. 2 арт. 361-3 КК РБ «Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка ці падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу».

Атрымліваецца, што СК ледзь ці не ўпершыню афіцыйна назваў вайну ў Украіне ніякай не «спецыяльнай аперацыяй», а ўзброеным канфліктам і ваеннымі дзеяннямі.

Ну і, вядома, на гэтым тыдні нам зноў стваралі «новую эканамічную рэальнасць». Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам расійскай Ніжагародскай вобласці Глебам Нікіціным заявіў, што бачыць у санкцыях, якія ўведзеныя Захадам супраць Беларусі і Расіі, адны перавагі. На ягоную думку, яны падштурхнулі дзве краіны «займацца сваімі справамі», «ствараць добра ў сябе». І дагаварыўся да таго, што краіны, якія пажадаюць далучыцца да гэтага саюзу, «атрымаюць сур'ёзны эфект». Напрыклад, ён спадзяецца, што Беларусі і Расіі атрымаецца зрабіць аўтамабілі, не горшыя за Mercedes.

Праўда, ён не патлумачыў, што нам раней перашкаджала зрабіць «аўтамабілі, не горшыя за Mercedes» без уведзеных санкцый. Але гэта ж дэталі, ці не так?

Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка казаў, што беларуская эканоміка «адчувае сябе цалкам здаровай». Мінус 2,1% ВУП у першым квартале гэтага года і інфляцыя амаль у 20% — гэта, напэўна, таксама паказчыкі здароўя.

Праўда, ёсць «здароўе эканомікі» для ўнутранага спажыўца, а ёсць лічбы для знешняга. «З-за санкцый аказаўся заблакаваны практычна ўвесь экспарт Беларусі ў краіны Еўрапейскага Саюза і Паўночнай Амерыкі. Гэта, умоўна кажучы, сума, якая складае ў год парадку $16-18 мільярдаў», — паскардзіўся той жа Галоўчанка. Але не нейкаму беларускаму выданню (за такія словы ў Сінявокай можна і па шапцы атрымаць), а тэлеканалу Al Arabia.

Цяпер лічым. У 2021 годзе ВУП Беларусі склаў $67,95 млрд. Калі ўзяць сярэднюю лічбу страт «па Галоўчанку» ў $17 млрд, то гэта складзе роўна 25% ВУП краіны. Але «Міністэрства праўды» такімі падлікамі не займаецца.

«Свабода — гэта рабства». Калі найвышэйшы беларускі чыноўнік кажа супрацьлеглыя рэчы, то недзе ён кажа не тое, што думае. Ці сапраўды ў яго ёсць свабода?

Дарэчы, расійска-беларускі палітолаг Дзмітрый Балкунец напісаў, што да продажу ў Беларусі забаранілі не толькі «1984», але і «Паўстанне мас» Хасэ Артэгі-і-Гасэта. Пацвярджэння гэтаму няма, але затое ёсць што пачытаць на выходныя.