«Рыхтаваліся захапіць расійскіх вайскоўцаў» у іх адсутнасць у Беларусі. Якія абвінавачанні гучаць на «працэсе Аўтуховіча»

У судзе ад раніцы зачытваюць абвінавачанні фігурантам справы. Палітвязняў Аўтуховіча і Гундара вярнулі ў судовую залю.


Супрацоўніца дзяржаўнага выдання «СБ. Беларусь сегодня» апублікавала некаторыя вытрымкі з абвінавачванняў, пішуць праваабаронцы.

«Групоўка Аўтуховіча па ўказанні ўкраінскіх спецслужбаў рыхтавалася захапіць расійскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі. Для катаванняў, перадачы атрыманых у іх звестак».

Падзеі, у якіх вінавацяць фігурантаў, нібыта адбыліся ў кастрычніку 2020 году. Таксама стала вядома, што Мікалая Аўтуховіча і Вольгу Маёраву абвінавачваюць у стварэнні і адміністраванні тэлеграм-каналу «ДаВолі!», дзе, паводле следства, публікавалася «экстрэмісцкая» інфармацыя, заклікі да пратэстаў і гвалтоўнага захопу ўлады.

Нагадаем, што Аўтуховіча і шэраг іншых асобаў затрымалі 1 снежня 2020 года. Сумесныя расійска-беларускія вучэнні «Саюзная рашучасць» пачаліся 10 лютага 2022 года. Пасля іх, 24 лютага, Расія напала на Украіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі.

Што тычыцца прысутнасці расійскіх салдат у Беларусі ў 2020 годзе, то яны былі на вучэннях «Славянскае братэрства — 2020» 14-23 верасня. Як Аўтуховіч рыхтаваўся захапіць расійскіх вайскоўцаў, калі тых не было ў Беларусі, незразумела.

Таксама на судзе прагучала інфармацыя, што Гундар разам з Аўтуховічам нібыта дапамагаў у аб’яднанні іх групоўкі з «міжнароднай злачыннай арганізацыяй». Нібыта абвінавачаныя па нелегальным калідоры ездзілі ва Украіну, дзе мясцовыя спецслужбы прызначылі Аўтуховіча «кіраўніком іх ячэйкі на тэрыторыі Беларусі». Усё гэта, як перадае супрацоўніца «СБ», «стваралася менавіта для тэрактаў і захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

Нагадаем, 18 траўня ў Горадні пачаўся суд над Мікалаем Аўтуховічам і 11 фігурантамі ягонай справы. Працэс праходзіць у турме № 1. Пасля абеду Аўтуховіча выдалілі з залі суду да канца працэсу, таксама выдалілі яшчэ аднаго падсуднага — Уладзімера Гундара. Але раніцай 19 траўня іх вярнулі ў залю. Справу разглядае суддзя Максім Філатаў, -- той самы, які адправіў у зняволенне Вітольда Ашурка.

Мікалая Аўтуховіча абвінавачваюць паводле 12 артыкулаў КК Беларусі. 6 з іх — асабліва цяжкія. Справа налічвае 65 тамоў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: