Прыпыненая крымінальная справа супраць брата Вітольда Ашурка
Крымінальную справу за скандаванне «Ганьба» пасля абвяшчэння прысуду Вітольду Ашурку прыпынілі. Пра гэта паведамляюць праваабаронцы.
Нагадаем, пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу супраць людзей, якія прыйшлі падтрымаць Вітольда ў дзень прысуду, паводле ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства, здзейсненае групай асобаў). Падазраваныя — усе, хто прысутнічаў на працэсе і скандаваў «Ганьба!» ды «Верым, можам, пераможам!», у тым ліку сябры і брат Вітольда Андрэй Ашурак. Праз гэта яны вымушаныя былі з’ехаць з Беларусі.
Як кажа Андрэй Ашурак, справу прыпынілі трэці раз, але ён не выключае, што яе могуць аднавіць чацвёрты раз.
«Я не планаваў выязджаць. У мяне нават візы не было. Я прынцыпова не збіраўся з’язджаць, але абставіны склаліся так, што давялося ўсё гэта рабіць у вельмі кароткі прамежак. Я спытаў у следчага, калі прыпынялі гэту справу, калі зноў яе адкрыюць. На што ён адказаў: "Калі нам патэлефануюць — тады і адкрыем!”».