Шлюб, нараджэнне дзіцяці, страта блізкага — праз што праходзілі палітвязні мінулых гадоў у няволі
Напярэдадні Дня палітвязня ў Беларусі працягваем распавядаць пра тых, хто трапіў пад палітычны пераслед задоўга да падзей 2020 года. Некаторым з рэпрэсаваных давялося перажыць сцэнары, вартыя кінафільмаў: шлюб, нараджэнне дзіцяці падчас зняволення, смерць блізкіх, уцёкі ад пераследу па вяроўцы праз вакно і многае іншае. Чытайце пра гэта ў нашым аглядзе рэпрэсій за 2000 — 2009 гады.
У матэрыяле прыведзеныя не ўсе гісторыі пераследу па палітычных матывах: праз вялікую колькасць крымінальных справаў мы вымушаныя прапусціць тых, хто быў пакараны штрафамі без зняволення.
Частка 1 і Частка 2
2000 год
Юлія Чыгір — жонка палітвязня Міхаіла Чыгіра, былога прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, і маці Аляксандра Чыгіра, таксама асуджанага па справе, звязанай з палітыкай. Юрыст паводле адукацыі, Юлія Чыгір абараняла ў судзе свайго мужа.
У 2000 годзе Фрунзенскі суд Мінска прызнаў Юлію Чыгір вінаватай у супраціве міліцыі. Гаворка ішла пра інцыдэнт 19 траўня 2000 года перад абвяшчэннем прысуда яе мужу. У той дзень на ганку Мінскага гарадскога суда, дзе ішоў працэс па справе экс-кіраўніка ўраду, ланцуг амапаўцаў не пускаў у будынак дзясяткі людзей, якія прыйшлі выказаць Чыгіру і яго блізкім маральную падтрымку. Сваякоў не прапускалі таксама. Некалькі чалавек затрымалі за спробы прайсці на працэс.
Падчас адной са спробаў прарвацца ў будынак суда ўзнікла цісканіна, з-за якой некалькі жанчын атрымалі траўмы. Юлію Чыгір моцна схапіў за руку міліцыянт, які выцягнуў яе з натоўпу. Як заявіла Юлія Станіславаўна на прэс-канферэнцыі 17 ліпеня 2000 г. напярэдадні свайго выкліку ў пракуратуру, прычынены боль быў настолькі моцны, што яна машынальна ўкусіла чалавека, які балюча пацягнуў яе за руку. Дарэчы, на руцэ засталіся шматлікія крывападцёкі.
Мінскі гарадскі суд пакінуў без зменаў прысуд Юліі Чыгір — два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на адзін год. Суд адмовіўся прагледзець відэакасету падзеяў 19 траўня 2000 года і не пажадаў праслухоўваць аўдыёзапіс працэсу ў Фрунзенскім судзе, які прызнаў Чыгір вінаватай. Юлія Чыгір заявіла пасля вынясення рашэння, што яно дэманструе адсутнасць справядлівасці ў нашай краіне, і пацвердзіла палітычную матывіроўку пераследу яе і ўсёй сям’і Чыгіроў.
2002 год
Вядомы палітычны дзеяч і журналіст Віктар Івашкевіч ад 1998 года больш за 10 разоў быў пакараны адміністрацыйнымі арыштамі, шмат разоў — штрафамі. Двойчы трымаў галадоўку.
16 снежня 2002 г. Віктар Івашкевіч быў арыштаваны, а праз некаторы час — асуджаны да аднаго года абмежавання волі за паклёп на прэзідэнта і яго атачэнне. Нагодай для крымінальнай справы стаў артыкул «Злачынца павінен сядзець у вязніцы», надрукаваны ў газеце «Рабочы» падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Да чытачоў газета не дайшла: прадстаўнікі спецслужбаў канфіскавалі яе наклад непасрэдна ў друкарні.
Адбываў пакаранне ў Баранавічах. Выйшаў на волю 16 снежня 2003 года.
Гарадзенца Паўла Мажэйку арыштавалі 1 верасня 2002 г., абвінавацілі ў паклёпе на кіраўніка дзяржавы.
24 чэрвеня 2002 г. Павел Мажэйка быў асуджаны Ленінскім раённым судом Гродна да двух гадоў абмежавання волі за «паклёп на прэзідэнта Рэспублікі Беларусі з абвінавачаннем яго ў здзяйсненні асабліва цяжкіх злачынстваў». Падставай паслужыла нататка ў газеце «Пагоня» падчас прэзідэнцкай кампаніі 2001 г.
Адбываў пакаранне ў папраўчай установе Жлобіна. Паводле амністыі тэрмін пакарання быў зменшаны на год. Вызвалены ўмоўна-датэрмінова 22 сакавіка 2003 г. за добрыя паводзіны, і да 1 верасня таго ж года мусіў адзначацца ў міліцэйскай установе.
Мікола Маркевіч — журналіст з Гродна, дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га склікання, галоўны рэдактар газеты «Пагоня». Браў удзел у галадоўцы дэпутатаў Вярхоўнага Савету ў 1995 г.
2 верасня 2002 г. быў арыштаваны і абвінавачаны ў паклёпе на кіраўніка краіны.
У 2002 г. Мікола Маркевіч асуджаны судом Ленінскага раёна Гродна да двух з паловай гадоў абмежавання волі. Падставай паслужыла нататка ў «Пагоні» падчас прэзідэнцкай кампаніі 2001 г. Паўгода адбываў пакаранне ў Асіповічах, пасля быў пераведзены на папраўчыя работы па месцы жыхарства, у Гродна.
5 сакавіка 2003 г. вызвалены.
2003 год
4 красавіка 2003 года Цэнтральны суд Мінска пакараў жыхарку сталіцы Аксану Новікаву за абразу прэзідэнта. Аксане ставілася ў віну тое, што 17 кастрычніка 2002 года яна раздавала мінакам улёткі на Кастрычніцкай плошчы. Ва ўлётках было напісана, што Аляксандр Лукашэнка і кіраўнікі сілавых ведамстваў мелі дачыненне да выкрадання людзей.
Амаль суткі Аксана праседзела ў ізалятары і ўвечары 18 кастрычніка была выпушчаная пад падпіску пра нявыезд.
Суд не выклікаў ніводнага сведкі, якіх прапанавала абарона, і пакараў Аксану Новікаву за абразу прэзідэнта двума гадамі пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады.
Аксана Новікава, нягледзячы на пакаранне, і далей удзельнічала ў вулічных апазіцыйных акцыях. Двойчы яна самастойна правяла пікеты і панесла за гэта адміністратыўную адказнасць. За парушэнні Адміністрацыйнага кодэкса Аксану маглі накіраваць адбываць пакаранне ў калонію, але ўсё ж было ўлічана тое, што яна мае маленькае дзіця.
11 лютага 2004 г. Камітэт выканання пакаранняў амніставаў Аксану Новікаву.
2004 год
Аляксандр Васільеў разам з Валерыем Леванеўскім кіраваў агульнанацыянальным страйкамам прадпрымальнікаў.
7 верасня 2004 г. быў арыштаваны. Суд прызнаў Аляксандра Васільева вінаватым у нанясенні публічнай абразы Аляксандру Лукашэнку, злучанай з абвінавачаннем яго ў цяжкім злачынстве, а таксама ў арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу прадпрымальнікаў 1 траўня 2004 г.
Быў асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі (па гэтай жа справе такі самы тэрмін прысудзілі і Валерыю Леванеўскаму). Абвінавачанне выкарыстала тэкст першатравенскай улёткі, распаўсюджанай лідарамі страйкаму, з вершам, у якім суд убачыў абразу прэзідэнта.
7 ліпеня 2005 г. Аляксандр Васільеў выйшаў на волю паводле амністыі. Апроч гродзенскай турмы, сядзеў у аршанскай папраўчай калоніі, а пасля знаходзіўся ў рэспубліканскім турэмным шпіталі.
Міхаіл Марыніч з 1990 па 1991 г. быў старшынёй Мінскага гарвыканкама, у 1990-1994 гг. — дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га склікання. У 1994 г. прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным паслом у Чэхіі і па сумяшчальніцтве — у Славакіі і Венгрыі. З 1994 па 1998 г. — міністр замежнаэканамічных сувязяў Беларусі. У 1999-2001 гг. — Надзвычайны і Паўнамоцны пасол у Латвіі і па сумяшчальніцтве — у Эстоніі і Фінляндыі.У 2001 г. напісаў заяву аб адстаўцы і выставіў сваю кандыдатуру для ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах, аднак кандыдатам у прэзідэнты зарэгістраваны не быў.
26 красавіка 2004 г. Міхаіл Марыніч быў арыштаваны і неўзабаве асуджаны да 5 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасці. Суд прызнаў яго вінаватым у авалоданні аргтэхнікай, якая насамрэч была бязвыплатна перададзеная арганізацыі Марыніча «Дзелавая ініцыятыва» амбасадай ЗША ў Беларусі.
З красавіка 2004 да красавіка 2006 г. — вязень спецтурмы КДБ, аршанскай і мінскай папраўчых калоній. 14 красавіка 2006 г. вызвалены датэрмінова паводле амністыі.
У 2006 годзе Amnesty International прызнала Марыніча вязнем сумлення.
У кастрычніку 2010 года Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў, што ў дачыненні да Міхаіла Марыніча ўжываліся катаванні, а крымінальная справа ў дачыненні да яго была палітычнай расправай.
Першы раз Павел Севярынец быў асуджаны 31 траўня 2005 года судом Цэнтральнага раёна Мінска на 3 гады «хіміі» — за арганізацыю масавых пратэстаў на Кастрычніцкай плошчы ў 2004 годзе, калі Лукашэнка правёў незаконны рэферэндум і легалізаваў свой трэці тэрмін прэзідэнцтва. Тэрмін пакарання адбываў у вёсцы Малое Сітна на Віцебшчыне, на мяжы з Расіяй, працаваў на высечцы лесу.
Паводле закона аб амністыі ад 5 траўня 2007 г., тэрмін зняволення Паўлу быў скарочаны на 1 год. 22 траўня 2007 г. ён быў умоўна-датэрмінова вызвалены, і тэрмін скараціўся яшчэ на 2 месяцы і 24 дні.
У часе прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. Павел быў актывістам штабу кандыдата ў прэзідэнты ад стваранай партыі БХД Віталя Рымашэўскага. У ноч на 20 снежня 2010 г., праз некалькі гадзін пасля разгону акцыі пратэсту на мінскай Плошчы Незалежнасці, Севярынца арыштавалі дома і змясцілі ў СІЗА КДБ. Пры канцы снежня 2010 г. яму прад’явілі абвінавачанне па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. 4 красавіка 2011 г. замест гэтага было прад’яўлена іншае абвінавачанне — дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак.
16 траўня 2011 г. у судзе Заводскага раёна Мінска Павел Севярынец асуджаны на 3 гады «хіміі». Адбываў пакаранне ў вёсцы Куплін Пружанскага раёна ў фермерскай гаспадарцы каля спецкамендатуры. У ноч на 19 кастрычніка 2013 года Паўла Севярынца вызвалілі. Каб не дапусціць сустрэчы палітвязня роднымі, сябрамі і журналістамі ля брамы спецкамендатуры, адміністрацыя папраўчай установы ўночы вывезла яго да станцыі і пасадзіла на да Мінска.
7 чэрвеня 2020 года супрацоўнікі міліцыі затрымалі Севярынца па дарозе дадому. Пасля гэтага ў дачыненні да яго было вынесена, як мінімум, тры пастановы аб адміністрацыйных арыштах па 15 сутак кожная за ўдзел у перадвыбарчых пікетах і заклікі да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах.
Пасля 75 сутак адміністрацыйнага арышту Паўла Севярынца не выпусцілі на свабоду, а перавялі ў СІЗА №1 у статусе падазраванага па арт. 293 КК (Арганізацыя масавых беспарадкаў). Яму было прад'яўлена абавінавачанне.
25 траўня 2021 года ў Магілёўскім абласным судзе абвясцілі прысуд па крымінальнай справе супраць сямі палітвязняў, у тым ліку Паўла Севярынца, якога прысудзілі да 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбывае пакаранне ў шклоўскай калоніі.
2005 год
У чэрвені 2005 г. супраць Кацярыны Садоўскай распачалі крымінальную справу, абвінавачваючы яе ў знявазе і пагрозе суддзю. Таксама было высунутае абвінавачанне ў знявазе кіраўніка дзяржавы: КДБ перахапіла ліст Кацярыны Садоўскай, напісаны ёй на адрас расійскай каляжанкі. Ліст распавядаў пра дыягназ, пастаўлены напачатку 2000-х збеглым у замежжа псіхіятрам — доктарам Шчыгельскім.
З прычыны хваробы падследнай справу часова прыпынілі. Садоўскай зрабілі аперацыю, пасля якой следчыя КДБ адвезлі жанчыну 25 ліпеня 2006 г. у псіхіятрычны шпіталь. Пазней яе перавялі ў следчы ізалятар. 23 кастрычніка 2006 года Кацярына Садоўская была асуджаная да двух гадоў зняволення. Адбывала пакаранне ў Гомельскай жаночай калоніі.
Выйшла на волю 25 траўня 2007 г. згодна з рашэннем адміністрацыі жаночай калоніі і пастановай суда.
Калі на адной з акцыяў амапаўцы адабралі ў Мікіты Сасіма нацыянальны беларускі сцяг, ён падвесіў на вуду знятую з сябе джынсавую кашулю, якая стала новым сімвалам супраціву.
Малады чалавек неаднаразова караўся адміністрацыйнымі арыштамі за ўдзел у апазіцыйных акцыях. У 2001-2002 гг. быў адным з абаронцаў Курапатаў, праз якія ўлады ў той час намераваліся пракласці аўтатрасу. У 2005-2006 гг. браў удзел у моладзевай кампаніі «Джынс». 16 верасня 2005 г. на акцыі «Мы памятаем!» у Мінску быў збіты АМАПаўцамі і патрапіў у шпіталь з чэрапна-мазгавой траўмай.
У 2005 годзе супраць Мікіты Сасіма была ўзбуджаная крымінальная справа. Ён быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі 8 студзеня і абвінавачаны ў тым, што зрабіў графіці «Свабоду Марынічу» на будынках па праспекце Францыска Сакрыны і вуліцы Валадарскага ў Мінску. Пасля затрымання трое сутак знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання, пасля чаго яму было прад’яўлене абвінавачанне ў наўмысным знішчэнні альбо пашкоджаньне маёмасьці). 5 красавіка 2005 г. справа была спыненая з прычыны нязначнасці нанесенай шкоды.
14 сакавіка 2006 г. Мікіта Сасім быў затрыманы ў Мінску і абвінавачаны ва ўхіленьні ад прызыву на вайсковую службу. Да суда два месяцы знаходзіўся ў следчым ізалятары ў Баранавічах. 12 траўня 2006 г. быў асуджаны да трох месяцаў арышту. Пасля вызвалення, нягледзячы на судзімасць, яго некалькі разоў спрабавалі забраць у войска. Праз гэта Мікіта Сасім пакінуў Беларусь.
Сяргей Скрабец — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі 2-га склікання (2000—2004 гг.), дзе некаторы час узначальваў нефармальную дэпутацкую групу «Рэспубліка». Летам 2004 г. разам з дэпутатамі з гэтай групы Уладзімірам Парфяновічам і Валерыем Фраловым правёў галадоўку пратэсту супраць трэцяга тэрміну Аляксандра Лукашэнкі і супраць унясення паправак у выбарчае заканадаўства, а таксама за вызваленне палітвязня Міхаіла Марыніча.
Пазней Сяргей Скрабец актыўна ўдзельнічаў у грамадскіх акцыях з патрабаваннем вызвалення Аляксандра Казуліна і іншых палітвязняў. Быў адным з арганізатараў акцыі пратэсту, прымеркаванай да 10-годдзя прэзидэнцтва Лукашэнкі.
15 траўня 2005 г. Сяргей Скрабец быў арыштаваны і абвінавачаны ў вымантачванні крэдытаў. У лютым 2006 г. асуджаны да двух з паловай гадоў папраўчай калоніі.
Адбываў пакаранне ў Віцебскай калоніі, дзе разам з Аляксандрам Казуліным трымаў галадоўку.Рашэннем пракуратуры тэрмін зняволення Сяргея Скрабца быў скарочаны на адзін год. Вызвалены 15 лістапада 2006 года.
Мікалай Статкевіч у 2005 г. быў асуджаны да 3 гадоў абмежавання волі за арганізацыю ў кастрычніку 2004 г. у Мінску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парламенцкіх выбараў і рэферэндума.
19 снежня 2010 г. браў удзел у паслявыбарчым мітынгу. Пры ад’ездзе з плошчы на таксоўцы Статкевіча затрымаў спецназ. З 19 снежня 2010 г. па 12 студзеня 2011 г. трымаў галадоўку пратэсту ў СІЗА КДБ.
26 траўня 2011 г. у Ленінскім судзе Мінска Міколу Статкевіча прысудзілі да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.Спачатку адбываў тэрмін у калоніі ў Шклове, дзе атрымаў траўму рукі, працуючы на лесапілцы, напачатку верасня 2011 г. Адміністрацыя калоніі, аднак, замоўчвала гэты факт і адмаўляла сваякам у спатканнях.
Таксама Статкевічу тады было адмоўлена ў тэлефанаваннях дадому, аказваўся і іншы маральны ціск.
13 снежня 2011 г. стала вядома, што Мікола Статкевіч знаходзіцца ў штрафным ізалятары ў шклоўскай ПК № 17. Падставай змяшчэння вязня ў ШІЗА на 5 сутак стала публікацыя ў СМІ яго лістоў, неадцэнзураваных адміністрацыяй калоніі.
12 студзеня 2012 года на закрытым паседжанні Шклоўскі раённы суд асудзіў Статкевіча да больш строгага рэжыму ўтрымання — 3 гады зняволення ў крытай турме. Прычынай стала «злоснае парушэнне рэжыму». Ужо праз 4 дні стала вядома аб знаходжанні палітыка ў турме № 4 Магілёва, дзе нашмат больш жорсткія ўмовы ўтрымання. 17 студзеня 2012 г. ён быў пакараны 10 суткамі карцару. Знаходзіўся ў камеры-адзіночцы. У канцы чэрвеня 2012 г. зноў быў пераведзены ў штрафны ізалятар.
12 студзеня 2015 года этапаваны для далейшага адбыцця пакарання ў шклоўскую папраўчую калонію №17.4 траўня суддзя Шклоўскага раённага суда Святлана Баранцава прызнала Статкевіча вінаватым у парушэнні правілаў унутранага распарадку калоніі і прыняла рашэнне накіраваць палітвязня да сканчэння тэрміну зняволення ў «крытую» турму №4 г. Магілёва.
22 жніўня 2015 года палітыка датэрмінова вызвалілі паводле амністыі Лукашэнкі.
31 траўня 2020 года Мікалая Статкевіча затрымалі па дарозе на Камароўскі рынак у Мінску, дзе ён збіраўся наведаць перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай.
30 чэрвеня Мікалай Статкевіч павінен быў выйсці на волю пасля 30 сутак адміністрацыйнага арышту, аднак напярэдадні ўвечары жонцы Статкевіча Марыне Адамовіч патэлефанаваў следчы і паведаміў, што палітык падазраецца ў здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). 15 снежня Мікалаю Статкевічу прад'явілі новае абвінавачанне па п. 13 ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — «падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках».
Мікалая Статкевіча ў выніку пачалі судзіць паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя масавых беспарадкаў). 14 снежня 2021 быў вынесены прысуд Мікалаю Статкевічу: 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму.
31 студзеня 2006 года мінчаніна Артура Фінькевіча арыштавалі за графіці палітычнага зместу напярэдадні выбараў прэзідэнта. Да суда яго ўтрымлівалі ў следчым ізалятары на вул. Валадарскага ў Мінску.
10 траўня 2006 г. Першамайскі суд Мінска прызначыў Артуру Фінькевічу пакаранне — два гады абмежавання волі. Адбываў пакаранне ў магілёўскай спецкамендатуры № 43.
26 кастрычніка 2007 г. на Артура Фінькевіча завялі крымінальную справу за «ўхіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі». Яго самога перавялі ў магілёўскую следчую турму № 4. Моладзеваму актывісту інкрымінаваліся сістэматычныя парушэнні рэжыму ўтрымання ў спецкамендатуры, у сувязі з чым адміністрацы ўстановы наклала на яго пяць дысцыплінарных спагнанняў. Пры гэтым Артур Фінькевіч неаднаразова скардзіўся на пагрозы і ціск, які аказваўся на яго з боку адміністрацыі спецкамендатуры. 21 снежня суд Кастрычніцкага раёна Магілёва прызнаў Артура Фінькевіча вінаватым і прысудзіў да 1 года і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
5 лютага 2008 г. калегія Магілёўскага абласнога суда пастанавіла яго вызваліць.
Анатоль Шумчанка — лідар прадпрымальнікаў. Яго арыштавалі 1 сакавіка 2005 года за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў і асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. 11 сакавіка Шумчанку перавялі ў СІЗА г. Мінска ў сувязі з тым, што яго абвінавацілі ў збіцці сукамерніка. Абвінавачанне прад’яўлена па артыкуле «хуліганства».
31 сакавіка 2005 г. Анатоль Шумчанка вызвалены з СІЗА паводле пастановы Мінскай пракуратуры, якая спыніла крымінальную справу супраць яго з прычыны «малой значнасці злачынства».
2006 год
У кастрычніку 2005 г. Мікола Астрэйка спрабаваў зарэгістраваць грамадскую арганізацыю, якая мусіла займацца незалежным назіраннем за прэзідэнцкімі выбарамі, але ўлады не далі на гэта свайго дазволу. Астрэйку разам з паплечнікамі асудзілі да 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
21 лютага 2006 г. напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў Мікола Астрэйка быў арыштаваны і змешчаны ў следчы ізалятар КДБ. Яму разам з Энірай Браніцкай, Аляксандрам Шалайкам і Цімафеем Дранчуком выставілі абвінавачанне ў дзейнасці ад імя незаконнай арганізацыі — незарэгістраванага грамадскага аб’яднання «Партнёрства».
4 жніўня 2006 г. Мікола Астрэйка быў асуджаны судом Цэнтральнага раёна Мінска да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Адбываў пакаранне ў шклоўскай папраўчай калоніі.
17 лістапада 2006 г. зняволенне Міколу Астрэйку было замененае на папраўчыя працы.
Эніра Браніцкая знаходзілася пад вартай спачатку ў следчым ізалятары КДБ, потым — у СІЗА на Валадарскага. 4 жніўня 2006 г. суд Цэнтральнага раёна Мінска асудзіў Эніру Браніцкую да шасці месяцаў зняволення. 21 жніўня 2006 г. Эніра была вызваленая.
Цімафей Дранчук спачатку быў змешчаны ў СІЗА КДБ. «Міжнародная амністыя» абвясціла яго вязнем сумлення. Падчас зняволення ў яго нарадзіўся сын Платон, якога ён не мог убачыць амаль год.
Дранчук быў асуджаны Цэнтральным судом Мінска на 1 год пазбаўлення волі. Судовы працэс быў закрытым. У залу прапусцілі толькі ўдзельнікаў працэсу, бліжэйшых сваякоў і замежных амбасадараў. 26 снежня 2006 года быў вызвалены ўмоўна-датэрмінова з калоніі № 1 у Мінску.
Аляксандра Шалайку суд пакараў пазбаўленнем волі на шэсць месяцаў. Выйшаў на свабоду 21 жніўня 2006 г., адбыўшы ўвесь тэрмін пакарання.
Праблемы ў прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча пачаліся пасля таго, як ён даў паказанні супраць працаўніка падатковай службы, абвінаваціўшы яго ў карупцыі, была нават распачата крымінальная справа.
Тады Аўтуховіч не раз казаў у СМІ, што праз гэтыя паказанні і пачаліся маштабныя праверкі яго бізнесу. У адказ Аўтуховіч і яшчэ каля 30 чалавек праводзілі сумесныя страйкі і галадоўкі пратэсту. У 2004 годзе Мікалай Аўтуховіч вылучаўся кандыдатам у дэпутаты на парламенцкіх выбарах.
Калі Аўтуховіча ўзялі пад варту ў сярэдзіне 2005 года, прадпрымальнік пачаў галадоўку і за 74 дні страціў 38 кілаграмаў вагі. У турэмным шпіталі ён адмаўляўся ад медычнай дапамогі, дактары ацэньвалі яго стан як цяжкі. Урэшце яму змянілі меру стрымання на хатні арышт. За вызваленне з-пад варты прадпрымальніка сябры сабралі сярод жыхароў Ваўкавыска каля тысячы подпісаў, якія накіравалі ў прэзідэнцкую адміністрацыю. У лісце да генеральнага пракурора Аўтуховіч напісаў, што лічыць сваю справу палітычнай, а абвінавачанні — несправядлівымі, таму не будзе заставацца пад хатнім арыштам. Тады Аўтуховіча абвясцілі ў вышук, у міліцэйскай абвестцы напісалі, што ён узброены, хаця зброі не меў, і што ён адмоўна ставіцца да ўлады. Яго затрымалі ў Мінску, калі ён прыйшоў у цырульню.
У 2006 годзе Мікалай Аўтуховіч быў асуджаны на 3,5 года ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Яго абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў з нанясеннем шкоды бюджэту ў асабліва буйным памеры, а таксама ў прадпрымальніцкай дзейнасці без рэгістрацыі і ліцэнзіі. Пазбавілі права займацца прадпрымальніцтвам цягам пяці гадоў.
Суд аб канфіскацыі маёмасці адбыўся ў канцы 2007 года. Мікалаю Аўтуховічу пакінулі дом, у зняволенага засталася таксама аўтабаза, палова ягоных таксовак і адзін асобны будынак. Сканфіскавалі 13 таксовак, кватэру і два склады. Да спагнання была прызначана таксама вялікая сума грошай.
Праваабаронцы назвалі пераслед палітычна матываваным і прызналі Аўтуховіча палітвязнем. Вызвалілі Мікалая Аўтуховіча датэрмінова ў 2008 годзе ў выніку санкцый з боку ЗША і ЕС.
Аднак у 2009 годзе Аўтуховіча зноў затрымалі (ён правёў пад вартай больш за год). Спачатку яго абвінавацілі ў падпале чужой маёмасці, а затым — у рыхтаванні тэрарыстычных актаў супраць старшыні Гродзенскага аблвыканкама і намесніка міністра падаткаў і збораў. Але гэтыя абвінавачанні не былі даказаныя.
У следчым ізалятары № 1 у Мінску Мікалай Аўтуховіч тры месяцы трымаў галадоўку супраць незаконнага пераследу. Разам з Аўтуховічам былі затрыманыя яшчэ два актывісты прадпрымальніцкага руху, якіх праваабаронцы таксама прызналі палітвязнямі.
У 2010 годзе Мікалаю Аўтуховічу прысудзілі пяць гадоў строгага рэжыму «за незаконнае захоўванне пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі». Віны ён не прызнаў і патлумачыў пераслед помстай за яго барацьбу з мясцовымі карупцыянерамі. Вызвалілі Аўтуховіча пасля сканчэння тэрміну зняволення 8 красавіка 2014 года.У турме Аўтуховічу двойчы прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні, аднак ён адмовіўся.
8 снежня 2020 года па беларускім тэлебачанні паказалі сюжэт пра «тэрарыстаў», дзе гаворыцца, што Мікалай Аўтуховіч кіраваў групай, якая падпаліла будаваны дом і машыну міліцыянта ў Ваўкавыску, а таксама падарвала аўтамабіль супрацоўніка міліцыі ў Гродна. Разам з Аўтуховічам затрымалі яшчэ некалькі чалавек. Усяго па справе Аўтуховіча праходзяць 12 асобаў. Яны абвінавачваюцца па 11 артыкулах, у тым ліку аб акце тэрарызму, здрадзе дзяржаве, замаху на захоп улады. Працэс над імі пачаўся ў гродзенскай турме 18 траўня 2022 года.
Зміцер Дашкевіч 15 верасня 2006 г. быў незаконна арыштаваны і змешчаны ў СІЗА на Валадарскага ў Мінску.
1 лістапада 2006 Дашкевіча асудзілі на 1,5 гады зняволення за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
У верасні 2007 г. палітвязень быў абвінавачаны ў адмове сведчыць супраць 16-гадовага актывіста «Маладога Фронту» Івана Шылы з Салігорска. За гэта была заведзеная новая крымінальная справа, паводле якой Змітру Дашкевічу пагражала яшчэ 6 месяцаў арышту. Але пад ціскам міжнароднай грамадскасці лідар «Маладога Фронту» быў пакараны штрафам.
Таксама пад ціскам міжнароднай супольнасці Дашкевіч быў вызвалены датэрмінова 23 студзеня 2008 г.
18 снежня 2010 года Дашкевіча зноў затрымалі ў Мінску. Нібыта яны разам з таварышам па «МФ» Эдуардам Лобавым збівалі людзей. Затрыманне Дашкевіча і Лобава было прэвентыўнай мерай міліцыі напярэдадні выбараў прэзідэнта, якія мусілі прайсці на наступны дзень.
24 сакавіка 2011 г. Зміцер быў асуджаны на 2 гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.
Яго этапавалі ў розныя калоніі, змяшчалі ў ШІЗА і адзіночную камеру. 28 жніўня 2012 года ў глыбоцкай калоніі Дашкевіча асудзілі за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі». Суд, які адбыўся ў закрытым рэжыме і дадаў да тэрміну яшчэ адзін год.
30 кастрычніка рашэннем выязнога суда Змітра перавялі з мазырскай калоніі ў крытую турму ў Гродна. У канцы снежня ў турэмных умовах адбылося вяселле Змітра Дашкевіча з Настай Палажанкай.
28 жніўня 2013 года Зміцер Дашкевіч быў вызвалены.
Чарговы раз Змітра затрымалі 23 красавіка 2022 года пасля ператрусу ў кватэры. Спачатку яго арыштавалі на 15 сутак па адміністрацыйным артыкуле, а затым перазатрымалі ўжо па крымінальнай справе па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак). Цяпер ён у СІЗА.
Крымінальная справа супраць моладзевых актывістаў Дзяніса Дзянісава і Таццяны Елавой была ўзбуджаная паводле артыкула «арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Паведамлялася, што «Дзянісаў сумесна з іншымі асобамі ў колькасці не менш за 25 чалавек, якія мелі пры сабе больш за 1000 улётак, 17.06.2006 г. у вячэрні час быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі пры замаху на правядзенне незаконнай акцыі “БУНТ” у Летнім амфітэатры ў Віцебску».
19 чэрвеня 2006 года была ўзбуджаная крымінальная справа па гэтых падзеях, а ў кастрычніку вынесеная пастанова аб прызнанні Дзянісава і Елавой абвінавачанымі. Таццяна Елавая пакінула Беларусь, вырваўшыся з аблогі міліцыі і спецслужбаў яе дома ў Мінску. Яна здолела выйсці з кватэры, што знаходзіцца на 8-м паверсе шматпавярховіка, спусціўшыся па скінутай у вакно вяроўцы. Дзяніса Дзянісава меліся ўзяць пад варту, ён быў абвешчаны ў вышук, паколькі хаваўся ад следства. У сувязі з неўстанаўленнем месцазнаходжання абвінавачанага 19 кастрычніка 2006 года вытворчасць па крымінальнай справе была спыненая, аднак 16 лютага 2007 года ўзноўленая — актывіст быў затрыманы ў цягніку, які ехаў у Гомель. Спачатку Дзянісава ўтрымлівалі ў гомельскім следчым ізалятары, потым перавезлі ў віцебскі следчы ізалятар № 2, дзе ён правёў два месяцы.
З-пад варты Дзяніс Дзянісаў быў адпушчаны 11 красавіка 2007 г. пад грашовы заклад, сабраны прадстаўнікамі беларускай грамадскасці. 30 траўня 2007 г. крымінальная справа супраць Дзяніса Дзянісава і Тацяны Елавой была спыненая з-за адсутнасці складу крымінальнага злачынства.
У ноч на 28 снежня 2005 г. 19-гадовы Зміцер Зубро разам са сваім сябрам — 20-гадовым Аляксандрам Казаковым — быў затрыманы недалёка ад Кастрычніцкай плошчы ў Мінску за палітычныя графіці. Сутнасцю парушэння была прымацаваная налепка з лічбай «16» — сімвал салідарнасці з палітвязнямі Беларусі.
Пры затрыманні хлопцы спачатку спрабавалі ўцячы і збеглі за рог вуліцы, але іх дагналі. Змітра Зубро першага павалілі на зямлю і надзелі кайданкі. Больш за двое сутак, як і яго таварыш, Зміцер знаходзіўся пад вартай у ізалятары часовага ўтрымання, адкуль яго выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Было прад’яўлена абвінавачанне за аказанне супраціву супрацоўніку міліцыі.
7 красавіка 2006 г. суддзя суда Цэнтральнага раёна Мінска Валерый Есьман прызнаў хлопцаў вінаватымі і вынес прысуд у 2 гады абмежавання волі.
Аляксандр Здвіжкоў быў з 1995 па 2006 гады быў аглядальнікам і выпускаючым рэдактарам газеты «Згода».
17 лютага 2006 г. выйшаў чарговы нумар газеты з артыкулам «Палітычны крэатыў». У ім распавядалася пра тое, які рэзананс у свеце выклікала публікацыя ў СМІ карыкатураў на прарока Мухамеда. А для ілюстрацыі прыводзіліся некаторыя з гэтых карыкатураў. Наклад яшчэ нават не пачалі распаўсюджваць. Але 21 лютага 2006 года МЗС Беларусі выступіў з заявай з нагоды публікацыі: «Міністэрства замежных справаў рашуча асуджае любыя наўмысныя дзеянні, якія могуць пацягнуць распальванне міжрэлігійнай варожасці, распаўсюд… недаверу паміж нацыянальнымі і рэлігійнымі супольнасцямі, якія жывуць у Беларусі».
Раніцай 22 лютага супрацоўнікі КДБ правялі ператрус у памяшканні рэдакцыі «Згоды», канфіскавалі сістэмныя блокі камп'ютараў і іншыя носьбіты інфармацыі, некаторыя нумары газеты і фінансавыя дакументы выдання. Заснавальнік «Згоды» Аляксей Кароль і Аляксандар Здвіжкоў былі дапытаныя КДБ. У кватэры Караля таксама быў праведзены ператрус.
У той жа дзень была ўзбуджаная крымінальная справа за распальванне расавай, нацыянальнай альбо рэлігійнай варожасці. 23 лютага Пракуратура РБ накіравала ў Міністэрства інфармацыі «прадстаўленне» з просьбай зрабіць захады па прыпыненні альбо спыненні дзейнасці недзяржаўнай газеты «Згода». У той жа дзень Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджанне «Згодзе» за публікацыю карыкатураў на прарока Мухамеда. Гэта было другое цягам года папярэджанне. І ўжо 6 сакавіка Міністэрства інфармацыі падало ў Вышэйшы гаспадарчы суд пазоў аб спыненні дзейнасці газеты «Згода». Праз дзесяць дзён, 17 сакавіка, суд задаволіў пазоў, хаця да гэтага часу яшчэ ня скончыўся тэрмін, адведзены законам на абскарджванне другога па ліку папярэджання.
Хутка пракуратура прад’явіла абвінавачанне Здвіжкову па крымінальнай справе аб перадруку карыкатураў. Аднак справа была прыпынена амаль на паўтара года ў сувязі з тым, што следчым органам не ўдалося высветліць месцазнаходжанне абвінавачанага. Высветлілася, што журналіст зьехаў з краіны. Следчыя органы пачалі яго пошук. На допыты ў КДБ і пракуратуру выклікалі сяброў і калегаў Здвіжкова.
18 лістапада 2007 года Аляксандра Здвіжкова затрымалі на вакзале ў Барысаве, куды ён прыехаў да маці на гадавіну смерці бацькі. Яго змясцілі ў СІЗА КДБ. Ніхто з грамадскасці не ведаў пра яго арышт, пакуль 30 снежня калегі Аляксандра не атрымалі позвы ў суд. За некалькі месяцаў утрымання пад вартай Аляксандр на 30 адсоткаў страціў зрок.
З пракуратуры ў суд справа прыйшла з перакваліфікацыяй: з адносна мяккай 1 часткі артыкула (ад штрафу да 5 гадоў абмежавання волі, ці зняволення) на частку 2 — ад 3 да 10 гадоў зняволення.
18 студзеня 2008 года Аляксандр Здвіжкоў быў асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Гэта быў самы жорсткі прысуд, які быў вынесены за гэтыя карыкатуры.
Кандыдат на пасаду прэзідэнта падчас выбараў 19 сакавіка 2006 года, былы рэктар БДУ, прафесар Аляксандр Казулін быў затрыманы 25 сакавіка 2006 г. падчас разгону шэсця на праспекце Дзяржынскага ў Мінску. Трапіў у вязніцу за арганізацыю акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і адзначэнне Дня Волі.
13 ліпеня 2006 г. Маскоўскі суд Мінска прысудзіў Аляксандра Казуліна да 5,5 гадоў зняволення.
У турме Казулін абвясціў галадоўку, патрабуючы разгляду беларускага пытання ў Радзе бяспекі ААН.
Палітвязень галадаў 53 дні, страціўшы больш за 40 кілаграмаў вагі, беззваротна падарваў здароўе. Палітык дамогся сваёй мэты — прадстаўнік ЗША падняў беларускай пытанне ў Радзе бяспекі ААН.
Адбываў тэрмін пакарання ў калоніі «Віцьба-3».
У часе зняволення 23 лютага 2008 г. памерла яго жонка Ірына, развітацца з якой пры жыцці Аляксандру Казуліну не давялося — яго адпусцілі з турмы 26 лютага, літаральна ў апошні момант, на яе пахаванне.
15 жніўня 2008 г. пад ціскам эканамічных санкцый Лукашэнка падпісаў указ аб памілаванні Казуліна. Падпісаць дакумент аб уласным памілаванні вязень адмовіўся, бо не прызнаваў сваёй віны. Аднак 17 жніўня Аляксандр Казулін усё ж выйшаў на волю.
Крымінальная справа супраць Змітра Каспяровіча, затрыманага ў ноч з 17 на 18 студзеня 2006 г., была ўзбуджаная па падазрэнні ў знявазе дзяржаўных сімвалаў. Хлопец спрабаваў зняць афіцыйны сцяг з будынка Мінгарвыканкама, бо лічыць яго сталінскім. Па гэтым артыкуле не прадугледжвалася пазбаўленне волі (максімальнае пакаранне — 1 год абмежавання волі), а таксама ўтрыманне пад вартай да суда. Аднак абвінавачанне Каспяровічу прад'явілі па артыкуле «хуліганства», і пакаранне па ім — 3 гады пазбаўлення волі. Мерай стрымання пракуратура абрала ўтрыманне пад вартай, да суда Зміцер Каспяровіч знаходзіўся ў СІЗА г. Мінска.
27 лютага суд Маскоўскага раёна Мінска арыштаваў Змітра Каспяровіча на пяць месяцаў. Актывіст не пагадзіўся з абвінавачаннем і заявіў, што гатовы адказваць за знявагу дзяржаўнага сцяга, але не за хуліганства.
Пакаранне Зміцер адбываў у турме ў Жодзіна. 28 красавіка 2006 г. быў вызвалены ўмоўна-датэрмінова.
Напачатку 2006 года ў Жодзіна завялі крымінальную справу за публічную абразу службовых асоб у адносінах да актывіста моладзевага дэмакратычнага руху Паўла Красоўскага. Падставай для пераследу стала публікацыя ў бюлетэні «Назіральнік» сатырычных карыкатураў на кіраўніцтва горада. Карыкатуры былі знойдзеныя падчас вобшуку ў кватэры Паўла Красоўскага ў снежні 2005 г. Справа была спыненая, аднак у далейшым супраць 23-гадовага актывіста былі высунутыя новыя крыміналныя абвінавачанні.
4 кастрычніка 2006 у кватэры Красоўскага зноў адбыўся ператрус, яго самога на міліцэйскай машыне даставілі ў Віцебск, дзе дапытвалі па справе аб выбухах у Віцебску 14 і 22 верасня 2005 года. Следчыя заявілі, што актывіст падобны на фотаробат злачынцы. У выніку ён быў прызнаны падазраваным у падрыхтоўцы злачынства, скіраванага на забойства асабліва небяспечным спосабам. Але падчас выбухаў Паўла ўвогуле не было на тэрыторыі Беларусі. Тым не менш Красоўскага накіравалі ў ІЧУ Віцебска.
11 кастрычніка Паўла Красоўскага прызналі падазраваным ва ўчыненні шэрагу згвалтаванняў і забойстваў няпоўнагадовых дзяўчынак у розных гарадах Беларусі ў 1999 годзе. Паколькі 15 кастрычніка скончыўся тэрмін утрымання Красоўскага пад вартай без прад’яўлення абвінавачання, а доказаў, якія б сведчылі пра яго датычнасць да названых злачынстваў, не было, маладога чалавека адпусцілі. Пазней справа адносна датычнасці Красоўскага да забойстваў і згвалтаванняў была спыненая, а па справе, узбуджанай у сувязі з выбухамі ў Віцебску, ён працягваў праходзіць у якасці падазраванага, аднак актыўных следчых мерапрыемстваў у дачыненні да яго не праводзілася.
Іван Крук падчас выбарчай кампаніі 2006 г. збіраў подпісы ў Астравецкім раёне за Аляксандра Мілінкевіча і Аляксандра Казуліна.
Быў затрыманы 10 ліпеня 2006 г. Падчас ператрусу ў кватэры Івана Крука міліцыянты спрабавалі сканфіскаваць кампутар, але гаспадар прадухіліў гэта, кінуўшы яго на падлогу і разбіўшы. Менавіта за гэта і была заведзеная крымінальная справа за супраціў міліцыі.
15 траўня 2006 г. Івана Крука асудзілі да 6 месяцаў пазбаўлення волі. Адбываў пакаранне ў глыбоцкай калоніі ўзмоцненага рэжыму.
10 студзеня 2007 года Іван Крук быў вызвалены.
Крымінальная справа ў адносінах да Канстанціна Лукашова, брата палітыка Вячаслава Сіўчыка, была ўзбуджаная за «гвалт ці пагрозу гвалту ў адносінах да супрацоўніка міліцыі». Ён абвінавачваўся ў наездзе на аўтамабілі на супрацоўніка міліцыі 28 сакавіка 2006 года, калі забіраў брата з 3-й клінічнай бальніцы Мінска, якога ў дзень выпіскі намагаліся затрымаць невядомыя асобы ў цывільным.
Затрыманы Канстанцін Лукашоў быў не адразу, а толькі 19 снежня, у дзень народзінаў маці Кастуся і Вячаслава спадарыні Галіны. Яго забралі проста на працы ў Інстытуце геахіміі і геафізікі Нацыянальнай акадэміі навук і змясцілі ў мінскі СІЗА. Утрыманне пад вартай было матывавана тым, што Лукашоў нібыта ўхіляўся ад следства і ў сувязі з гэтым знаходзіўся ў вышуку, хаця ўвесь гэты час навуковы супрацоўнік кожны дзень хадзіў на працу і нікуды не выязджаў з Беларусі.
20 лютага 2007 г. суд Ленінскага раёна Мінска прызнаў Канстанціна Лукашова вінаватым і прысудзіў яму два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады. Суддзя таксама абавязала яго выплаціць пацярпеламу міліцыянту кампенсацыю і аплаціць судовыя выдаткі. Лукашова вызвалілі з-пад варты ў зале суда.
Прысуд быў абскарджаны, і 3 красавіка калегія Мінскага гарадскога суда адмяніла прысуд раённага суда, накіраваўшы справу Канстанціна Лукашова на новы разгляд. Але 9 ліпеня быў вынесены аналагічны прысуд: два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады.
7 ліпеня 2006 г. Юрый Лявонаў быў асуджаны да пазбаўлення волі на 3 гады і 5 месяцаў. Суд прызнаў яго вінаватым у тым, што, выкарыстоўваючы сваё службовае становічша, дапамог калегу-прадпрымальніку Мікалаю Аўтуховічу схаваць ад дзяржавы падаткі.
Адбываў пакаранне ў Бабруйску ў папраўчай калоніі № 2 строгага рэжыму. Прэзідыюм Гродзенскага абласнога суда задаволіў пратэст старшыні гэтага суда, які прасіў зменшыць тэрмін пакарання Юрыя Лявонава да палутара гадоў.
Выйшаў на свабоду 25 студзеня 2008 г.
«Міжнародная амністыя» прызнала Юрыя Лявонава вязнем сумлення. 8 лютага 2009 г. Юрый Лявонаў быў зноў зняволены разам з прадпрымальнікамі Мікалаем Аўтуховічам і Уладзімірам Асіпенкам. Іх абвінавацілі ў арганізацыі і здзяйсненні шэрагу цяжкіх злачынстваў. Пазней Юрый Лявонаў атрымаў пастанову аб спыненні супраць яго крымінальнай справы, з-за якой ён адбыў амаль паўгода за кратамі ў Мінскім следчым ізалятары. Яго абвінавачвалі ў падпале дома міліцыянта разам з Аўтуховічам і Асіпенкам, якіх пазней асудзілі.
14 сакавіка 2006 г. за 5 дзён да прэзідэнцкіх выбараў жыхар Шчучына Сяргей Ляшкевіч быў арыштаваны і абвінавачаны ў падрыхтоўцы аднаго са шчучынскіх юнакоў да ўдзелу ў масавых беспарадках у Мінску ў дзень выбараў. Утрымліваўся ў Шчучынскім следчым ізалятары.
Падчас судовага працэсу паказанні супраць Ляшкевіча давалі раней нікому не вядомыя грамадзяне (сярод іх — тройчы судзімы Аляксандр Бурдзей, які знаходзіўся пад вартай за крадзеж маёмасці). Паводле іх паказанняў, Ляшкевіч нібыта дэманстраваў фільмы, у якіх паказвалася, як дэманстранты супрацьдзейнічаюць міліцыі падчас масавых мерапрыемстваў.
Шчучынскі раённы суд палічыў віну Сяргея Ляшкевіча даказанай і 29 траўня асудзіў 28-гадовага актывіста на 5 месяцаў пазбаўлення волі.
27 ліпеня 2006 г. Сяргей Ляшкевіч быў вызвалены з глыбоцкай турмы ў сувязі з адбыццём тэрміну пакарання.
Юрый Радзівіл, кіроўца кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна, быў затрыманы асобамі ў цывільным 2 сакавіка. Машына Радзівіла, з якой вяліся відэаздымкі масавага затрымання і збіцця журналістаў і людзей каля РУУС Кастрычніцкага раёна Мінска, была абстраляная супрацоўнікамі «Алмаза» (камандзір — палкоўнік міліцыі Мікалай Карпянкоў).
Юрый Радзівіл накіраваў заяву пракурору гораду Мінска з патрабаваннем узбудзіць крымінальную справу ў адносінах да неўстаноўленых цывільных асобаў, якія выкарысталі супраць яго пальную зброю, аднак пракурор даў згоду на ўзбуджэнне крымінальнай справы супраць яго самога.
Супраць Юрыя Радзівіла было вылучана абвінавачанне ў супрацве супрацоўніку міліцыі ці іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак. На працягу ўсяго часу правядзення папярэдняга следства па справе ён знаходзіўся ў СІЗА Мінска.
18 траўня Юрый Радзівіл быў асуджаны судом Маскоўскага раёна Мінска да трох месяцаў арышту. 2 ліпеня ў сувязі з адбыццём тэрміну пакарання ён быў вызвалены.
Напачатку красавіка 2006 года супраць апазіцыйнага актывіста Мікалая Разумава ў Воршы была ўзбуджаная крымінальная справа за паклёп на кіраўніка дзяржавы. Мікалаю Разумаву ставілася ў віну тое, што 24 сакавіка 2006 г. падчас сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча з выбаршчыкамі ў прысутнасці не менш за 100 чалавек ён заявіў пра датычнасць Лукашэнкі да забойства Захаранкі і Ганчара.
Мерай стрымання Разумаву абралі ўтрыманне пад вартай. Потым яго даставілі ў Мінск для правядзення псіхіятрычнай экспертызы. Быў прызнаны псіхічна здаровым. Тым не менш, яго трымалі ў СІЗА з інваліднасцю па іншых хваробах.
16 чэрвеня 2006 г. суд пакараў Разумава абмежаваннем волі на тры гады. Але накіроўваць на «хімію» яго не спяшаліся. Прайшло больш за чатыры гады, калі ўлады раптам успомнілі пра актывіста. 9 лістапада 2010 г., незадоўга да чарговых выбараў прэзідэнта, на кватэру Мікалая прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і прапанавалі яму прайсці разам з імі. Мікалай Разумаў прабыў на «хіміі» да 1 лютага 2012 года. У гэты дзень яго вызвалілі, патлумачыўшы, што па гэтай справе ўжо скончыўся тэрмін даўніны.
2008 год
Будучы студэнтам Уроцлаўскага ўніверсітэту, Аляксандр Баразенка праходзіў у якасці абвінавачанага па «справе 14-ці» яшчэ на пачатку 2008 года. Крымінальная справа за ўдзел у акцыі ў падтрымку прадпрымальнікаў была ўзбуджаная адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: «Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», і «Хуліганства, учыненае групай асобаў альбо зьвязанае з супрацівам». Статус падазраванага, а пасля і абвінавачанага, па дадзенай крымінальнай справе атрымалі 14 моладзевых актывістаў: Пашкевіч Міхась, Цішкевіч Таццяна, Субач Міхась, Чарнышоў Алесь, Стральцоў Алесь, Вінаградаў Павел, Бондар Аляксей, Баразенка Аляксандр, Дашук Максім, Дубскі Арцём, Сяргееў Уладзімір, Крываў Міхась, Антон Койпіш і арыштаваны Кім Андрэй. Большасць гэтых актывістаў былі прыцягнутыя да адміністрацыйнага арышту тэрмінам да 15 сутак за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў, а Таццяна Цішкевіч правяла за кратамі ажно 20 сутак.
Падчас судовага працэсу над астатнімі абвінавачанымі Баразенка знаходзіўся ў Польшчы, у сувязі з чым за «ўхіленне ад яўкі да следчага» 12 траўня 2008 г. адносна яго была прынятая пастанова аб узяцці пад варту, і ён быў абвешчаны ў вышук.
27 кастрычніка Баразенка разам з адвакатам добраахвотна з'явіўся да следчага, дзе быў затрыманы і накіраваны ў следчы ізалятар. Трымаў галадоўку.
Нягледзячы на міжнародную рэакцыю, Баразенка паўтара месяца да суда знаходзіўся пад вартай.
Суд над Баразенкам пачаўся 8 снежня. Моладзевы актывіст быў асуджаны да аднаго года абмежавання свабоды без накіравання ў папраўчую ўстанову.
Аляксей Бондаратрымаў два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу. Такое ж пакаранне прысудзілі Паўлу Вінаградаву. Максіма Дашука прысудзілі да года і трох месяцаў «хатняй хіміі».
Арцёма Дубскага прысудзілі да абмежавання волі тэрмінам на два гады без накіравання ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу.
У кастрычніку 2008 года Арцём з’ехаў ва Украіну ў выніку пагрозы ўзбуджэння ў дачыненні да яго новай крымінальнай справы, бо на той момант яму было вынесены 3 папярэджанні за парушэнне рэжыму адбыцця пакарання. Аднак праз 4 месяцы нечакана Арцём вяртаецца на радзіму, каб прыняць удзел ў вулічнай акцыі на Дзень Святога Валянціна. 13 лютага 2009 г. яго знялі з цягніка ў Гомелі, а адтуль адправілі ў следчы ізалятар.
Новая крымінальная справа была ўзбуджаная за нанясенне маёмаснай шкоды без прыкметаў крадзяжу за нібыта карыстанне чужой сім-картай і нанясенне стратаў кампаніі Velcom. Падчас судовага працэсу 3 сакавіка адбылося прымірэнне бакоў, справа завяршылася для Арцёма штрафам. Нягледзячы на гэтыя абставіны, актывіста пакінулі за кратамі, абвінаваціўшы ўжо ва ўхіленні ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі. 7 ліпеня 2009 г. суд Асіповіцкага раёна прысудзіў Арцёма Дубскага да года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Адразу пасля абвяшчэння прысуду Арцём быў узяты пад варту і змешчаны ў СІЗА.Адбываў пакаранне ў калоніі №19 Магілёва. 25 траўня 2010 г. выйшаў на волю.
Андрэя Кіма пакаралі пазбаўленнем волі на тэрмін паўтара года з адбыццём пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. Пакаранне адбываў у бабруйскай калоніі. Вызвалены згодна з указам Лукашэнкі 20 жніўня 2008 г.Міхаілу Пашкевічу прысудзілі два гады без накіравання ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу. 11 чэрвеня 2009 г. быў амніставаны.
Два гады абмежавання волі без накіравання атрымаў і Міхась Субач.
Алесь Стральцоў быў асуджаны да абмежавання волі тэрмінам на 2 гады. Пастановай суда Цэнтральнага раёна Мінска ад 15 чэрвеня 2009 года Стральцову замянілі неадбытую частку пакарання тэрмінам у 1 год, 2 месяцы і 15 дзён на папраўчыя работы на такі ж тэрмін з утрыманнем 15 адсоткаў заробку на карысць дзяржавы. З-за гэтага палітвязень не падпаў пад амністыю. Аднак потым змякчэнне пакарання адмяніў Мінскі гарадскі суд.
Таццяне Цішкевіч таксама прысудзілі два гады абмежавання волі без накіравання. Неўзабаве пасля прысуда Таццяна з'ехала ў Польшчу. У красавіку 2009 г. беларускія ўлады спрабавалі абвесціць актывістку ў вышук.
Алесь Чарнышоў быў асуджаны на 2 гады абмежавання волі без накіравання. Ён застаўся пасля суда на такі ж тэрмін пад падпіскай аб нявыездзе. У чэрвені 2009 г. пакаранне было замененае на папраўчыя працы, але статус невыязнога застаўся.
15 студзеня 2010 г. Алеся выклікалі ў міліцыю Цэнтральнага раёна Мінска, дзе паведамілі пра амністыю і закрыццё справы супраць яго.
23 красавіка 2008 г. суд Маскоўскага раёна сталіцы вынес прысуд лідару віцебскіх прадпрымальнікаў Сяргею Парсюкевічу. Яго прызналі вінаватым у гвалце ў адносінах да супрацоўніка міліцыі і прызначылі два з паловай гады калоніі агульнага рэжыму.
Пазней Сяргея Парсюкевіча перавялі адбываць пакаранне ў шклоўскую калонію, а затым — у мінскую турму на вуліцы Кальварыйскай.
20 жніўня 2008 г. памілаваны кіраўніком дзяржавы, вызвалены.
2009 год
У ноч з 6 на 7 сакавіка 2009 года ў Салігорску, ва ўзросце 33 гадоў, у выніку несправядлівага судовага прысуду і паклёпу ў дзяржаўнай прэсе, скончыла жыццё самагубствам праваабаронца Яна Палякова. Яе знайшлі ў пятлі ў сваім доме пасля таго, як суддзя Аляксандр Бураўцоў прызнаў яе вінаватай у паклёпе на міліцыянта Віктара Пугачова і прысудзіў да двух з паловай гадоў «хіміі». Пасля суда Яна гаварыла, што ніколі не стане «зэчкай».
Падчас парламенцкіх выбараў 2008 года яна брала ўдзел у працы ініцыятыўнай групы Вольгі Казулінай, дачкі Аляксандра Казуліна. Палякова расказвала, што ў сувязі з гэтым на яе аказваўся ціск з боку сілавых структур. У верасні 2008 года супрацоўнікі міліцыі запатрабавалі, каб яна адмовілася ад сабраных подпісаў у падтрымку Вольгі Казулінай. Калі яна адпрэчыла гэтае патрабаванне, адзін з міліцыянтаў, капітан міліцыі Пугачоў, па словах праваабаронцы, стаў яе збіваць. Пацярпелая зафіксавала сляды пабояў. Аднак пракуратура, у якую яна звярнулася, адмовілася ўзбуджаць супраць міліцыянта крымінальную справу. Замест гэтага саму праваабаронцу абвінавацілі ў «ілжывым даносе» на супрацоўніка міліцыі.
Працяг будзе