Палітвязню Арцёму Касакоўскаму, асуджанаму да пяці гадоў калоніі, пракурор запрасіў яшчэ 1,5 года

У судзе Лідскага раёна сёння распачаўся разгляд новай крымінальнай справы супраць 23-гадовага палітвязня Арцёма Касакоўскага. Ён адбываў тэрмін у пяць гадоў зняволення па мінскай «справе чата» ў наваполацкай калоніі, але цяпер яго судзяць за ўдзел у акцыях пратэсту ў родным горадзе Ліда ў жніўні 2020 года, паведамляюць праваабаронцы.

kasakousky_artsiom.jpg

Цяпер па тых падзеях яму выставілі абвінавачванне па трох артыкулах КК: арт. 341 (апаганьванне або знішчэнне маёмасці), ч. 1 арт. 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 364 (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Па новых абвінавачваннях пракурор запрасіў для палітвязня яшчэ 1,5 года калоніі. 

Віну Арцём прызнаў, але растлумачыў, што на прыпынках маляваў БЧБ-сцягі, каб «людзі не забывалі».

«Вядома, ён не чакаў, што запытаюць тэрмін, прама збялеў, калі абвінаваўца заявіў. Але выгляду не падаў. З каледжа прыйшоў ліст, патрабуюць пакрыць сродкі, выдаткаваныя на яго навучанне, бо не адпрацаваў два гады. Сын вучыўся на павышаную стыпендыю, быў прафоргам групы, усюды на добрым рахунку. Сёння зачытвалі характарыстыку з месца працы, вельмі добра адклікаюцца аб ім», — распавяла маці Арцёма.

Прысуд будзе абвешчаны заўтра ў 16:00.