Мікола Дзядок з-за кратаў: «Ствараецца ўражанне, што мяне пільна вывучаюць і глядзяць, як я сябе павяду»

Палітвязень знаходзіць магчымасць перадаць на волю свае ўражанні ад рэчаіснасці, у якой зараз знаходзіцца. Тут апошнія яго назіранні.
15.07, пакуль я быў на прагулцы, у маю камеру-двайнік завялі хлопца. Пасля кароткай размовы высветлілася, што ў яго так званы «нізкі статус», іншымі словамі — ён «пакрыўджаны». Прычым я так зразумеў, што ён ведаў, куды йшоў. Згодна з арыштанцкімі паняццямі будзь-якое доўгае знаходжанне з такім чалавекам у адной камеры азначае, што ты і сам становішся такім. На шчасце, мне ўдалося зрабіць так, што ён амаль адразу пакінуў камеру. Шчыра кажучы, я быў здзіўлены такой адкрытай спробай загнаць мяне ў «петушатню». Відаць, вырашылі зрабіць на авось. Атрымаецца, так атрымаецца.

Не, дык не. Але я не сумняюся, што такія спробы будуць працягвацца. У той жа дзень мяне забралі ў ШЫЗА, дзе я адбыў 7 содняў. На выхадзе з ШЫЗА мяне завялі ў новую камеру-двайнік, дзе ўжо сядзеў іншы чалавек. Праз паўгадзіны размовы з ім стала зразумела, што ў чалавека моцныя псіхалагічныя праблемы. Мала таго, што ўвесь час расказвае жудасныя байкі, жыве ў сваім прыдуманым свеце, не выконвае правілы гігіены. Часам у яго пачыналіся прыступы нематываванай агрэсіі з крыкамі, матамі і пагрозамі, часам пасярод ночы. Праўда, не ў мой бок, а ў адрас адміністрацыі. За гэта яго хутка забралі ў ШЫЗА.

Праз два дні да мяне завялі новага сукамерніка. Асуджаны за забойства з сукрыццём трупа. І так жа сама хворы псіхалагічна. Праўда, трохі спакайнейшы. Ствараецца ўражанне, што мяне пільна вывучаюць, ствараюць памежныя сітуацыі і глядзяць, як я сябе павяду. Увогуле, сумаваць не даюць.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: