Папа Францішак адказаў на скандал з Зайцавым? Ці так супала?
Папа Францішак 21 красавіка 2023 года прыняў у Ватыкане членаў дабрачыннай арганізацыі Papal Foundation (Папскі фонд) і падчас гэтай сустрэчы закрануў праблему празрыстасці ў фінансавых справах, якія вядзе Каталіцкая царква ва ўсім свеце.

Фота з grodno24.com
Пантыфік нагадаў пра намаганні, якія Апостальская сталіца прыкладае апошнія гады для большай фінансавай траспарэнтнасці ў дзейнасці яе структур.
«Матываваныя шчырай верай і моцным жаданнем дапамагаць іншым, члены Papal Foundation вышэй за гэтыя тэндэнцыйныя падзелы і спрыяюць адзінству праз штогадовае шчодрае фінансаванне шматлікіх праектаў і вылучэнне стыпендый, якія без прадузятасці і дыскрымінацыі аказваюць нашым братам і сёстрам ва ўсім свеце жыццёва важную дапамогу. З удзячнасцю за ваша сведчанне ў гэтым сэнсе заахвочваю вас трываць у вашым асаблівым служэнні адзінству ў паўсюдным Касцёле», — дадаў Святы Айцец.
Другі аспект, на які звярнуў увагу дабрачынцаў Пантыфік — гэта празрыстасць. Ён нагадаў пра намаганні, якія Апостальская сталіца прыкладае на працягу апошніх гадоў на карысць большай фінансавай траспарэнтнасці ў дзейнасці яе дыкастэрый і структур.
«Гэта асабліва важна ў дабрачыннай дзейнасці, якая грунтуецца на добрай волі і шчодрасці многіх людзей па ўсім свеце. Хоць фінансавыя скандалы, выкліканыя адсутнасцю пільнасці і празрыстасці, не параўнальныя з велізарнай шкодай, нанесенай няздольнасцю абараніць найбольш уразлівых ад розных форм злоўжыванняў, тым не менш яны шкодзяць добраму імені Касцёла і могуць паставіць пад сумнеў пераканаўчасць самой веры. У сувязі з гэтым я дзякую і высока цаню Papal Foundation за яго пастаянную прыхільнасць захаванню адэкватных мер празрыстасці, каб фінансаванне стыпендый і праектаў сапраўды прыносіла карысць патрабуючым і спрыяла будаўніцтву Валадарства Божага на зямлі», — сказаў Пантыфік.
Нагадаем, у той жа дзень, калі Пантыфік казаў пра фінансавую празрыстасць і «добрае імя Касцёла», Беларускі расследавальніцкі цэнтр апублікаваў матэрыялы, згодна з якім блізкі да Лукашэнкі бізнесмен Зайцаў перапісваў свае бізнесы на ксяндзоў, каб весці кантрабандны бізнес у абыход санкцый.
