Валерый Карбалевіч: Яны ўласнымі рукамі разбураюць тое, што спрабуюць стварыць
Палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч лічыць, што дзеянні Лукашэнкі развязваюць рукі Кіеву. Пра гэта ён гаворыць у інтэрв'ю «Радыё Р*цыя». Ці выльецца гэта ў большую актыўнасць Украіны?
Ілюстрацыйнае фота «НЧ»
— Наконт падзей гэтага тыдня. Фактычна ўвесь гэты час поўнамаштабнай вайны гучалі здзіўленыя меркаванні, чаму ў Мінску застаецца ўкраінскі амбасадар? І ўнутры Украіны гучалі такія пытанні, і ў тым ліку ў Вярхоўнай Радзе. І вось гэта нарэшце здарылася. Спадар Кізім выкліканы для кансультацыі. І што гэта значыць? Апошняй кропляй стаў менавіта візіт у Мінск кіраўніка так званай ДНР Дзяніса Пушыліна і яго абдымкі з Лукашэнкам?
— Так, безумоўна. І я думаю, што гэта была такая даволі прыхаваная, хаця і не вельмі прыхаваная, аперацыя Масквы, каб разбурыць нейкія адносіны Беларусі з Украінай. Ну не сам жа Пушылін вырашыў прыехаць у Мінск, зразумела, што яго сюды даслалі. І даслалі менавіта з такім разлікам, што Украіна будзе на гэта рэагаваць менавіта так, як яна зрэагавала. І ў выніку атрымалася якраз тое, чаго хацела Масква, хацела Расія, чаго яна, магчыма, дамагалася. Раней не атрымлівалася. А вось цяпер нарэшце атрымалася.
Сапраўды за гэтыя два гады ў беларуска-ўкраінскіх адносінах было шмат момантаў, калі, здавалася, што амбасадар будзе адкліканы ці ўвогуле дыпламатычныя адносіны будуць разбураныя, ліквідаваныя. Тут і пачатак вайны, калі з Беларусі адбыўся наступ расійскіх войск на Кіеў. І шматлікія памежныя інцыдэнты, калі былі перамяшчэнні нейкіх вайсковых падраздзяленняў з абодвух бакоў. Была гісторыя з дыверсіяй у аэрапорце Мачулішчы супраць расійскага самалёта, у якой беларускія ўлады абвінавацілі ўкраінскага дыверсанта, і праз што Лукашэнка назваў Уладзіміра Зяленскага нехарошым словам. Але ўсё гэта не вяло да адклікання амбасадара. А менавіта спроба легалізацыі захопленых Расіяй тэрыторый, у якой паўдзельнічаў беларускі бок, стала той апошняй кропляй, якая прывяла да дыпламатычнага дэмаршу афіцыйнага Кіева.
Сустрэча з Пушыліным была адзін на адзін. Пушылін быў у ганаровай адзіноце, і Лукашэнка гэткім чынам хацеў прадставіць сітуацыю, каб незразумела было, з кім ён сустракаецца: ці то гэта кіраўнік расійскага рэгіёна, чарговы губернатар, ці то кіраўнік нейкай самаабвешчанай рэспублікі, ці ўвогуле незразумела хто. Але шыла ў мяшку не ўтоіш, і таму Кіеў зрабіў такі дэмарш.
— Ці азначае гэта, што цяпер у Кіева развязаныя рукі і што могуць быць скасаваныя нейкія негалосныя, непублічныя дамоўленасці з Лукашэнкам? Ці можам мы цяпер чакаць актывізацыі дыверсій у Беларусі?
— Цяжка сказаць. Ва ўсялякім разе, цяпер з’явіліся перадумовы большыя, чым раней, для таго, каб Кіеў памяняў тактыку адносна Мінска. Я не ведаю наконт дыверсій, але тое, што ў замежна-палітычным плане могуць змяніцца падыходы Кіева — тут больш верагодна. Напрыклад, дасюль была інфармацыя, што Кіеў увогуле не хоча злаваць Лукашэнку, не хоча правакаваць яго і таму робіць усё, каб Лукашэнка не пакрыўдзіўся. Таму Кіеў нібыта лабіраваў рашэнне не прымаць адносна Беларусі новыя санкцыі і з Ціханоўскай не хацеў сустракацца менавіта па гэтай прычыне.
Цяпер магчыма, што гэтыя падставы памяняюцца, памяняецца тактыка і Кіеў больш рашуча будзе ісці на нейкія крокі, якія непрыемныя афіцыйнаму Мінску. Напрыклад, магчымая сустрэча ці камунікацыя з Офісам Святланы Ціханоўскай, і такі адказ быў бы даволі люстэркавым.
— Мілітарызацыя грамадскай думкі, свядомасці, грамадскага жыцця сапраўды адбываецца — пачынаючы са школы, дзе ўведзена пасада ваенрука і ваенная справа пачынае выкладацца, і заканчваючы тым, як людзей забіраюць з працы на вайсковыя зборы, ці стварэнне тэрытарыяльнай абароны, якую прыязджае правяраць міністр абароны і іншыя высокія чыноўнікі.
З аднаго боку ўлады і прапаганда імкнуцца давесці, што Беларусь — выспа міру, стабільнасці, бяспекі, калі вакол ва ўсім свеце адбываюцца нейкія забурэнні. А мілітарысцкая ліхаманка разбурае гэтую карціну. Яны ўласнымі рукамі разбураюць тое, што спрабуюць стварыць. Левая рука не ведае, не разумее, што робіць правая.
Гэта дзіўная паралельная рэальнасць, у якой жывуць беларусы — калі з аднаго боку кажуць, што дзякуючы Лукашэнку ў нас мір, а з іншага боку людзей выклікаюць на вайсковыя зборы метадам “зачысткі”, як сам Лукашэнка казаў. Нібыта рыхтуюць да вайны.