Карбалевіч: Рознагалоссе паміж Пуціным і Лукашэнкам выйшла на паверхню
Упершыню за апошнія гады рознагалосьсі паміж Пуціным і Лукашэнкам выйшлі ў публічную прастору, сталі відаць палітызаванай публіцы. Калонка Валерыя Карбалевіча на «Св*бодзе».
Гэта была другая
з пачатку году сустрэча Пуціна і Лукашэнкі. Фармальнай падставай для яе стала
паседжаньне так званага Вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы. Але гэты рытуал
практычна ні на што не ўплывае.
Рэальнае
значэньне маюць перамовы паміж лідэрамі, якія адбыліся 5 красавіка. Здавалася
б, усё традыцыйна, паводле звычайнага раскладу. Пуцін гаварыў пра рост
гандлёвага абароту паміж краінамі, Лукашэнка — пра пасьпяховую рэалізацыю
саюзных праграм. Апошні нават заявіў, што «ўжо менш будзе праблемных
пытаньняў».
Аднак, на мой
погляд, цяперашнія перамовы выбіваліся з агульнага шэрагу. Яны былі даволі
напружаныя. Бо ўпершыню за апошнія гады рознагалосьсі паміж Пуціным і
Лукашэнкам выйшлі ў публічную прастору, сталі відаць палітызаванай публіцы. І
галоўным было пытаньне пра ядзерную зброю.
Лукашэнка апошнім
годам шмат разоў гаварыў пра магчымасьць зьяўленьня ў Беларусі ядзернай зброі.
Але адна справа — пужаць Захад, найперш суседзяў, гэтым крокам, і зусім іншая
справа — сапраўды разьмясьціць яе тут.
Ствараецца
ўражаньне, што абвешчанае Пуціным рашэньне аб разьмяшчэньні ядзернай зброі ў
Беларусі не было загадзя ўзгодненае з Лукашэнкам і стала для яго ў пэўным сэнсе
нечаканасьцю. Пра гэта сьведчыць той факт, што ён пяць дзён ніяк не камэнтаваў
заяву расейскага прэзыдэнта, якая выклікала вялікі ажыятаж у краіне і ў сьвеце.
Падчас выступу з
пасланьнем 31 сакавіка Лукашэнка згадаў тэму ядзернай зброі мімаходзь,
скорагаворкай, амаль сарамліва, як нешта нязначнае. Ва ўсякім разе, ён не
выглядаў трыюмфатарам, ня цешыўся, што нарэшце ажыцьцявілася ягоная мара. Можна
меркаваць, што гэтае рашэньне Пуціна для яго хутчэй праблема, чым палітычны
посьпех.
Цікава, што
сабраная на заслухоўваньне «пасланьня» прыдворная публіка таксама не была
задаволеная сьціплым камэнтаром Лукашэнкі. Два разы яму задавалі ўдакладняльныя
пытаньні, нават абвастраючы іх. Ён, як здалося, адказваў неахвотна, нібы тэма
яму непрыемная.
І вельмі
паказальна, як Лукашэнка адказаў на пытаньне, чыя ж гэта будзе ядзерная зброя.
Ён заявіў, што «гэта наша ядзерная зброя», «кіраваць усёй той зброяй, якая
знаходзіцца на нашай тэрыторыі, будзем мы».
Хачу нагадаць,
што Пуцін у сваёй заяве 25 сакавіка адзначыў, што Расея «мае намер не перадаць
Беларусі ядзерную зброю, а разьмясьціць сваю зброю на яе тэрыторыі».
Менавіта так
інтэрпрэтавала рашэньне прэзыдэнта РФ і МЗС Беларусі. У сваёй заяве ад 28
сакавіка беларускае замежнапалітычнае ведамства канстатавала, што
«разьмяшчэньне ядзерных боезарадаў РФ на тэрыторыі краіны безь перадачы Менску
кантролю за імі не супярэчыць міжнароднаму праву». Гэтую ж думку паўтарыў і
прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў, выступаючы на паседжаньні Рады
бясьпекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Такім чынам,
Лукашэнка дэзавуяваў ня толькі Пуціна, але і ўласнае МЗС. Мяркую, такая
супярэчнасьць не даспадобы Пуціну.
Цэлы год пасьля
пачатку агрэсіі Расеі супраць Украіны экспэрты абмяркоўваюць пытаньне, ці
цісьне Пуцін на Лукашэнку, каб той накіраваў сваё войска ва Ўкраіну. Так гэта
ці не, можна здагадвацца. Аднак у публічнай прасторы ніякіх разыходжаньняў у
гэтым пытаньні не гучала.
А вось цяпер
рознагалосьсе ў прынцыповым пытаньні — ядзернай зброі — выйшла на паверхню. І
тут два бакі праблемы. Па-першае, хто і як сапраўды будзе кантраляваць
захаваньне і магчымае прымяненьне ядзернай зброі? І якая працэдура прыняцьця
рашэньняў? Лукашэнка, відавочна, хацеў бы мець права «другой кнопкі» ці
«другога ключа», то-бок права вэта на пытаньне аб ужываньні ядзернай зброі.
Пуцін жа наўрад ці хацеў бы раіцца з Лукашэнкам у крытычны момант. Максымум, ён
гатовы праінфармаваць малодшага саюзьніка пра сваё рашэньне.
Па-другое,
вонкавы бок праблемы. Для двух хаўрусьнікаў у неспрыяльнай міжнароднай сытуацыі
варта выступаць з узгодненай пазыцыяй, з аднолькавай вэрсіяй. Цяпер яны ня
могуць дазволіць сабе публічных спрэчак.
Мяркую, што 5
красавіка якраз гэтай тэме і была прысьвечана вечаровая дыскусія Лукашэнкі і
Пуціна. Таму і спрачаліся да 2 гадзіны ночы. А на публіку будуць апавядаць пра
гандаль і саюзныя праграмы.