Максім Кац: Лукашэнка не зможа працягваць сваё існаванне пасля «завяршэння» Пуціна
Вядомы блогер і палітолаг дапускае імавернасць ужывання тактычнай ядзернай зброі на загад Пуціна. Але гэта ніяк не палепшыць становішча ані Пуціна, ані Лукашэнкі.
— Верагоднасць ядзернай вайны, на жаль, ёсць, таму што Пуцін загнаны ў кут, — адзначыў аналітык у эфіры «Е*рарадыё». — Чакаецца ўкраінскае контрнаступленне. Ёсць тры верагодныя сцэнары яго развіцця.
Першы — гэта калі яны проста спыняць рускіх, і вайна будзе дакладна такая ж, як у Бахмуце. Мне здаецца такі сцэнар найменш верагодным, але ён ёсць.
Другі — украінцы прасунуцца гэтак жа, як пры вызваленні Харкаўскай вобласці, то-бок вызваляць нямала, але ўсё ж такі не ўсе, а нейкую частку.
І трэці — яны проста з хуткасцю пешага маршу будуць ісці з натаўскім узбраеннем і падрыхтоўкай, а расійскае войска будзе разбягацца. І гэты сцэнар мне падаецца найбольш верагодным.
Мы ўжо ведаем, што ён часам прымае неадэкватныя рашэнні. Можа ён у такім выпадку прыняць рашэнне пачаць ядзерную вайну? Можа быць. Верагоднасць такая ёсць. Я яе не ацэньваю як занадта высокую, таму што ён баязлівец.
Ён баіцца, сядзіць у бункерах, сядзіць за гэтымі доўгімі сталамі, ён баіцца за ўласную бяспеку, за бяспеку сваёй сям'і. Але гарантаваць тут нічога нельга.
Аналітык перакананы, што нягледзячы на сацапытанні, ні ў Расіі, ні ў Беларусі няма большасці прыхільнікаў дзейнай улады.
— Калі цяпер у Беларусі правесці апытанне, то які будзе рэйтынг Лукашэнкі? Тут беларускай аўдыторыі павінна быць усё вельмі зразумела.
А вось аўдыторыям, якія жывуць у дэмакратычнай краіне, напрыклад, людзям ва Украіне, складана растлумачыць вынікі расійскіх і беларускіх апытанняў.
А вы паспрабуйце патэлефануйце выпадковым грамадзянам (як цяпер праводзяць апытанні расійцаў) і даведайцеся пра стаўленне да ўлады: «Здрасьте, мы праводзім апытанне, як вы ставіцеся да Аляксандра Лукашэнкі?». Якія будуць вынікі? 95% кінуць трубку і не стануць адказваць.
А астатнія адкажуць: «Мы “за” Лукашэнку, вядома». І вы атрымаеце ў гэтым апытанні рэйтынг кіраўніка 85%. Хіба гэта нешта значыць?
Максім Кац па-ранейшаму перакананы, што беларускі мірны пратэст быў зусім не марным, і паказвае на яго ўнёсак у будучыню.
— Падзеі 2020 года рэзка змянілі стан рэжыму Лукашэнкі, ён кардынальна памяняўся — стаў нашмат менш устойлівы і нашмат больш слабы. Тое, што яго выратаваў Пуцін, а потым пачалася вайна, якая змяніла наогул усё, гэта абставіны, так яны развіваліся.
Я ўпэўнены, што ўсё гэта не сёння, дык заўтра скончыцца. Лукашэнка не зможа працягваць сваё існаванне пасля «завяршэння» Пуціна.
І Беларусь туды патрапіць на 10 гадоў хутчэй. Таму што ўжо ўсё выбудавана: ёсць грамадскі кансэнсус, ёсць разуменне, ёсць лідарства, больш-менш усімі прызнаванае — Ціханоўская, якая абраная. У Расіі няма такога чалавека, які б усімі прызнаваўся як лідар.
Усё гэта будзе рухацца нашмат хутчэй, чым магло. І гэта вынікі пратэстаў 2020 года, — падкрэсліў аналітык.