Усаў: «тэракты» і «шпіёны» — апраўданне для размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі

Дырэктар службы замежнай выведкі Расіі Сяргей Нарышкін прыехаў у Мінск. Ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам разам са старшынёй КДБ Беларусі Іванам Тэртэлем.

mdjrn7.png

Навошта Нарышкін наведвае Беларусь і чаму адразу пасля яго візіту дзяржаўныя СМІ паведамілі аб затрыманні шпіёнаў і прадухіленні чарговых тэрактаў у Беларусі.

Пра гэта ў эфіры «Св*боды Premium» расказвае доктар палітычных навук, кіраўнік Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу, адзін з кіраўнікоў руху «Вольная Беларусь» Павал Усаў.

Старшыня КДБ Беларусі заявіў падчас сустрэчы пра затрыманне грамадзян Польшчы і краін Балтыі нібыта за агентурныя аперацыі ў Беларусі. А дзяржаўныя СМІ анансавалі ўвечары падрабязнасці нібыта чарговых спробаў тэрактаў у краіне. Іх, паводле прапагандыстаў, збіраліся ўчыніць беларускія і расійскія грамадзяне, кіраваныя ўкраінскімі спецслужбамі.

На думку Усава, прыезд Нарышкіна мае на мэце стварыць атмасферу для ідэалагічнай легітымізацыі размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі.


Павел Усаў адзначыў:

Гэта павінна прадэманстраваць найперш беларускаму насельніцтву, што ворагі рыхтуюцца да таго, каб захапіць Беларусь, што яны рыхтуюць тэракты ў Горадні, Берасці. Усё гэта, з аднаго боку, стварае атмасферу псіхалагічнай істэрыі, а з іншага боку, паказвае, што Расія нас не кіне, а абароніць. І менавіта таму яна размяшчае тут ядзерную зброю, каб не дапусціць захопу Беларусі.

Паводле Усава, сённяшнія заявы кіраўніка КДБ і дзяржаўных СМІ — гэта выдумкі, падпарадкаваныя выключна адной мэце — інтарэсам Расіі.

Усаў: Прыезд Нарышкіна — гэта працяг усё большай кансалідацыі сілавых рэсурсаў Беларусі ў руках Масквы. Мы бачым наратывы і дзеянні КДБ, якія карысныя знешняй выведцы Расіі. Мне падаецца, што КДБ ужо даўно стаў філіялам знешняй выведкі Расіі і выконвае канкрэтныя задачы па вынішчэнні беларускасці ўнутры краіны. І размяшчэнне расійскіх войскаў у Беларусі, і ядзерная зброя кажуць пра тое, што нейкіх спецслужбаў, якія могуць бараніць інтарэсы Беларусі, ужо ў краіне не існуе. Кансалідацыя рэсурсаў адбываецца не толькі ў ідэалагічным, але і ў стратэгічным плане.

Старшыня КДБ Іван Цертэль сказаў, што чакае сур’ёзнай эскалацыі становішча ў рэгіёне, ён заявіў, што нібыта «на тэрыторыі Польшчы, Украіны, Літвы, Латвіі, Чэхіі існуюць лагеры для падрыхтоўкі баевікоў, якія плануюць актывізацыю тэрарыстычнай дзейнасці на тэрыторыі Беларусі». Пацвярджэння гэтым словам ён не прывёў.

Візіт Нарышкіна адбываецца напярэдадні пасяджэння Найвышэйшага дзяржаўнага савету так званай «Саюзнай дзяржавы» з удзелам Пуціна і Лукашэнкі, якое запланавалі на 6 красавіка ў Маскве.