Класкоўскі: Сённяшняя гісторыя ад Церцеля цалкам можа быць з серыяла «Пацук з вадаправода»
Палітычны аналітык — пра чарговую шпіёнскую гісторыю ад стваральнікаў серыялу «Пацук з вадаправода».
Іван Церцель даў справаздачу аб затрыманні грамадзян Польшчы і краін Балтыі нібыта «за здзяйсненне агентурных аперацый у Беларусі». Пры гэтым ніякімі падрабязнасцямі аперацыі ён не падзяліўся.
— Я думаю, што іх галоўная мэта — піяр, — адзначыў у
экспрэс-каментары «Салідарнасці» палітычны аналітык праекта «Позірк» Аляксандр Класкоўскі. — Сёння ж Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком Службы
замежнай выведкі РФ Нарышкіным відавочна апраўдваўся за дыверсію ў Мачулішчах.
Ён казаў: маўляў, мы не ад госпада бога, усё прадугледзець
не можам, і ў нас, і ў вас з'яўляюцца рознага роду адмарозкі, на якіх робяць
стаўку замежныя тэрарысты.
Гэта значыць, і перад Масквой, і перад беларускім грамадствам
улады і людзі ў пагонах спрабуюць апраўдацца за свой пракол у Мачулішчах
рапартамі аб усялякіх трыумфах.
З гэтай жа серыі была і гісторыя з «гродзенскім тэрарыстам».
Цяпер галоўная мэта піяру Церцеля — паказаць, якія яны крутыя, як спрытна
выкрываюць усіх замежных агентаў.
І заадно можна лішні раз дэманізаваць праціўнікаў рэжыму — і
ўнутраных, і знешніх. Навязваецца думка: толькі цяперашняя ўлада і яе
«доблесныя прыгажуны» здольныя абараніць краіну ад нейкага крывавага кашмару,
які рыхтуе пятая калона, якую, у сваю чаргу, "наусківаюць" заходнія цэнтры.
Найперш гэта піяраўскі момант. Але дзесьці на другім плане можа прысутнічаць і надзея зрабіць нейкі шэраг разменаў за кошт гэтых арыштаваных «шпіёнаў». Дапусцім, абмяняць іх на затрыманых у Польшчы нядаўна беларусаў. Не выключаю, раз АнджэйПачобут у іх як бяльмо на воку, і яго могуць з імі ў звязку прапанаваць за кампанію.
Маўляў, мы вам — вашых «шпіёнаў» і «экстрэміста» Пачобута,
а вы нам — нашых «нявінных грамадзян». Таму што Церцель заявіў жа напярэдадні, што затрыманыя ў Польшчы не маюць дачынення да спецслужбаў.
— Але любыя камбінацыі, напэўна, магчымыя толькі пры ўмове,
што ў Беларусі сапраўды былі затрыманыя замежныя шпіёны. А што калі гэта
проста, як вы і сказалі, піяр-акцыя, прыдуманая ў іх галовах?
— Вядома, гэта не выключана. Можна ўспомніць, як у 2017
годзе раздзімалі гісторыю пра прарыў праз мяжу нейкага «джыпа са зброяй з
Украіны». Потым быццам бы затрымалі кіроўцу, але ніякіх звестак пра яго не было
агучана, суда не было, а паводле звестак незалежных СМІ, ў гэтым кіроўцу наогул
апазналі супрацоўніка спецслужбаў.
Не кажучы ўжо пра больш раннія рэчы — з часоў выбараў 2006
года класікай стала гісторыя пра «пацука ў вадаправодзе». Тады ж таксама нібыта
злавілі нейкага тэрарыста, падрыхтаванага ў Грузіі, але таксама не было названа
яго імя і не было суда.
Уласна, і сённяшняя гісторыя цалкам можа быць з гэтага ж
серыяла «Пацук з вадаправода».