Карбалевіч: Уплыў расійскіх спецслужбаў на Беларусь узмацніўся, у Мінска ад Масквы не засталося таямніц
Сяргей Нарышкін адчуваў сябе ў Менску як у Расеі. Аляксандар Лукашэнка апраўдваўся перад ім, прасіў дапамогі і дзякаваў за тое, што расейскія спэцслужбы «своечасова напружваюць у асобных пытаньнях». Калонка палітолага Валерыя Карбалевіча на «Св*бодзе».
— Кіраўнік Службы замежнай выведкі (СЗВ) Расеі Сяргей Нарышкін
4 красавіка чарговым разам прыляцеў у Менск, — піша Валерый Карбалевіч. — Фармальна дзеля ўдзелу ў сумеснай
калегіі расейскай СЗВ і беларускага КДБ. Зь ім сустрэўся Лукашэнка.
Нарышкін адчуваў сябе ў Менску як дома, падчас сустрэчы з журналістамі шмат апавядаў пра падступны Захад, перасьлед праваслаўных ва Ўкраіне, пра Грузію і іншыя далёкія ад Беларусі тэмы.
Зьвярнуў на сябе ўвагу тон, акцэнты размовы Лукашэнкі з Нарышкіным. Выглядала ўсё так, што Лукашэнка апраўдваўся. Ён наракаў, што спэцслужбы не за ўсім могуць упільнаваць «з улікам імклівага разьвіцьця розных тэхнічных сродкаў». «Мы не ад бога, і ўсё прадугледзець ня можам», — казаў ён, і пры гэтым узгадаў дывэрсію супраць расейскага самалёта на аэрадроме ў Мачулішчах.
Лукашэнка таксама шмат гаварыў пра супрацу спэцслужбаў дзьвюх краін і ўсяляк дзякаваў: «Апошнім часам мы разведдадзенымі абменьваемся больш інтэнсіўна. І якасьць інфармацыі палепшылася... Расейцы вельмі сур’ёзна, і вы найперш, дапамагаеце нам у тэхнічнай выведцы... Мы абсалютна адкрытыя для супрацоўніцтва. Вы гэта адчуваеце і бачыце. І мы ўдзячныя вам за тую інфармацыю, якую вы нам пастаўляеце, і своечасова нас напружваеце ў асобных пытаньнях. Думаю, што наперадзе ў нас глыбейшае супрацоўніцтва, і на нас вы можаце разьлічваць па тых кірунках, дзе мы нешта можам». На што Сяргей Нарышкін адказаў: «Мы сапраўды ў апошнія гады самым сурʼёзным чынам узмацнілі ўзаемадзеяньне».
У перакладзе на нармальную мову гэта азначае, што ўплыў расейскіх спэцслужбаў на Беларусь узмацніўся, што прызнаюць абодва бакі. І, здаецца, Лукашэнка гэтым [ня] вельмі задаволены. Расея «своечасова напружвае ў асобных пытаньнях», то-бок ставіць задачы. І, мусіць, атрымлівае справаздачы. Дапамога расейцаў у тэхнічнай выведцы вядзе да таго, што ніякай дзяржаўнай таямніцы ад Масквы ў афіцыйнага Менску няма і ня будзе.
Старшыня КДБ Беларусі Іван Тэртэль скарыстаўся прыездам Нарышкіна як нагодай, каб расказаць пра чаканьне эскаляцыі ў рэгіёне і максымальна запужаць публіку. «Мы канстатуем, што трэба чакаць у сярэднетэрміновай пэрспэктыве сурʼёзнай эскаляцыі абстаноўкі ў нашым рэгіёне... Чым займаецца ўвесь сілавы блёк пад кіраўніцтвам прэзыдэнта, — гэта фактычна адбіцьцё атакі тэрарыстычнага канглямэрату з тэрыторыі сумежных для нас дзяржаў... Сёлета зь вясны плянуецца актывізацыя тэрарыстычнай дзейнасьці на нашай тэрыторыі».
Тэртэль расказаў, што затрыманыя «дзясяткі грамадзян Украіны», а таксама арыштаваныя грамадзяне Польшчы і краін Балтыі. То-бок іншаземцы ў Беларусі разглядаюцца цяпер як патэнцыйныя тэрарысты і шпіёны? Навошта ж тады ўвялі бязьвізавы рэжым зь Літвой, Латвіяй і Польшчай?
І яшчэ з прызнаньняў Тэртэля: «Я 2–3 разы, бывае, у дзень дакладаю нашаму прэзыдэнту аб сытуацыі і неабходнасьці прыняцьця тых ці іншых рашэньняў». Уяўляеце: тройчы на дзень старшыня КДБ даводзіць Лукашэнку, што вакол адны ворагі, шпіёны, тэрарысты, якія бясконца рыхтуюць замахі, тэракты, дывэрсіі. І што павінен адчуваць чалавек, які ўсё гэта чуе? А мы дзівімся, зь якой прычыны Лукашэнка такі нэрвовы, узьвінчаны, напружаны, увесь час патрабуе праводзіць «зачысткі», «выразаць мярзотнікаў», кажа, што «часам не да законаў». Нават чалавек з моцнымі нэрвамі такога ня вытрымае. А калі яшчэ не загаілася траўма ад 2020 году? Можна толькі ўявіць, у якой мілітарысцкай ліхаманцы знаходзіцца кіраўніцтва дзяржавы. Гэта ж жыцьцё на вулькане.
Падумалася: можа, калі б Лукашэнка 2–3 разы на дзень прымаў з дакладам не старшыню КДБ, а, напрыклад, міністра эканомікі, то справы ў гаспадарцы ішлі б лепш? А былі ж часы, калі галоўнай палітычнай падзеяй вясны была сэлектарная нарада наконт сяўбы, Лукашэнка публічна дзяліў паліва паміж абласьцямі, лаяў кіраўнікоў рэгіёнаў за спазьненьне. А цяпер якая пасяўная, калі «зь вясны плянуецца актывізацыя тэрарыстычнай дзейнасьці на нашай тэрыторыі»? Трэба тэрмінова ствараць народнае апалчэньне, тэрытарыяльную абарону, праводзіць праверку гатоўнасьці сілавых структур, шукаць тэрарыстаў і інш.
Якую краіну страцілі... Здаецца, зусім нядаўна была ціхая, спакойная, стабільная Беларусь, а сёньня — крэпасьць у аблозе. І хто ў гэтым вінаваты?