Хронікі рэпрэсій. Вызвалілі Анжаліку Борыс, але затрымалі дзясяткі замежнікаў
Галоўныя навіны пра затрыманні, суды і палітвязняў — усё, што адбылося ў краіне за сённяшні дзень, 4 красавіка.
Як паведамляюць праваабаронцы, сёння ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце затрымалі студэнтаў-першакурснікаў.
Раней ва ўніверсітэт прыязджалі супрацоўнікі КДБ і затрымлівалі студэнтаў за каментары, якія былі пакінутыя студэнтамі 1 верасня падчас прамой трансляцыі адкрытага ўрока «Гістарычная памяць — шлях у будучыню!», які праводзіў Лукашэнка.
* * *
* * *
Затрымалі кандыдата навук і дацэнтку БДУ Аксану Улановіч. Як вынікае з відэа сілавікоў, Аксану Улановіч абвінавачваюць у тым, што яна пісала ў чат-бот «Беларусь галаўнога м*зга». Адзін з былых рэдактараў «БГМ» Ян Рудзік лічыць, што затрыманне Улановіч можа быць звязана з уцечкай праз Рамана Пратасевіча архіва чат-бота.
«Я ўжо казаў, што такое магчыма, але яны проста не хадзілі па спісах. Невядома, наколькі вялікі архіў быў у Пратасевіча на дэвайсах, але звярніце ўвагу на даты ў скрыншотах сілавікоў — гэта якраз блізка да ягонага арышту», — мяркуе ён.
Аксана Улановіч з 1996 года выкладае, працавала ў БДПУ, Мінскім інстытуце кіравання, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і БДУ. У 2003 годзе абараніла дысертацыю і атрымала ступень кандыдата псіхалагічных навук. З 2010 года стала загадчыцай кафедры тэорыі і практыкі перакладу БДУ. А з 2014 года — дацэнт гэтай кафедры і выкладчык у некалькіх універсітэтах.
* * *
Медыярэсурс OfficeLife, які прысутнічае ў Байнэце з 2017-га, заблакаваны ў Беларусі. Цяпер ён не адкрываецца ў краіне без VPN.
Цяпер на стартавай, калі адкрываеш сайт, як і ў іншых заблакаваных медыя, з'яўляецца заглушка: «Доступ да інфармацыйнага рэсурсу абмежаваны на падставе рашэння Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, прынятага ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі».
«Цяпер мы займаемся ліквідацыяй гэтых парушэнняў. Рэдакцыя працягвае сваю працу. Дзякуй за разуменне», — піша выданне ў сваім тэлеграме.
* * *
Анжаліка Борыс вызваленая з-пад хатняга арышту. Кіраўніцу Саюза палякаў і яе маці выклікалі ў Мінск. Там Анжаліцы Борыс уручылі дакумент аб спыненні справы «ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства». Таксама ёй паабяцалі вярнуць усе рэчы, канфіскаваныя падчас следства.
Анжаліка Борыс і Анджэй Пачобут былі затрыманыя вясной 2021 года. Анжаліку Борыс вызвалілі з-пад варты ў сакавіку мінулага года.
Супрацоўнікі спецслужбаў адвезлі Анжаліку з Мінска ў вёсцы Грабені Гарадзенскай вобласці, дзе ёй загадалі заставацца пад неафіцыйным хатнім арыштам у доме яе маці.
* * *
Следчы камітэт паведаміў аб прад'яўленні абвінавачання па трох артыкулах 44-гадоваму жыхару Заслаўя, які займаў кіруючую пасаду ў прыватнай стаматалагічнай клініцы.
У ведамстве заявілі, што мужчына на працягу года, не выбіраючы выразаў у Інтэрнэце, абражаў Лукашэнку, вышэйшых службовых асоб дзяржавы і суддзяў, публічна зневажаючы іх гонар і годнасць. У СК таксама сцвярджаюць, што ён пагражаў «службовым асобам і іх сваякам фізічнай расправай».
У справе фігуруюць 16 эпізодаў. Мужчыну затрымалі ў кастрычніку мінулага года, адзначаецца, што раней у поле зроку сілавікоў ён не трапляў. Яму прад'яўлена абвінавачанне па трох артыкулах: абраза Лукашэнкі, публічная абраза прадстаўніка ўлады і абраза суддзі. Мужчына знаходзіцца ў СІЗА.
* * *
Рашэннем суда Маладзечанскага раёна ад 27 сакавіка «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнаная інфармацыйная прадукцыя акаўнта ў сацсетцы Instagram з назвай «Рэгіянальная газета».
Той жа суд пастанавіў надаць аналагічны «ярлык» старонкам у сацсетках былой журналісткі «Рэгіянальнай газеты» Зоі Хруцкай. Прынамсі ў рэзулятыўнай частцы пазначана, што «падлягае неадкладнаму выкананню» пастанова аб прызнанні «экстрэмісцкім» кантэнту ў сацсетцы Укантакце з назвай «Зоя Хруцкая».
Раней у пералік экстрэмісцкіх матэрыялаў ужо трапілі афіцыйны сайт выдання — rh.by, карпаратыўны тэлеграм-канал, а таксама старонка ў расійскай сацсетцы УКантакце.
* * *
* * *
У Магілёўскім абласным судзе 27 сакавіка асудзілі Уладзіслава Папова за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Суддзя Алена Картавенка прызначыла Уладзіславу два гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Уладзіслава абвінавацілі ў тым, што ён з 24 па 25 лютага 2022 года рабіў фота і відэа ваеннай тэхнікі, вайскоўцаў, а таксама ваеннага аэрадрома ў Бабруйску, і пераслаў не менш за 9 відэафайлаў і фотаздымкаў у тэлеграм-канал, прызнаны экстрэмісцкім.
* * *
Старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Іван Церцельраспавёў журналістам, што за ажыццяўленне агентурных аперацый у Беларусі затрыманыя грамадзяне Польшчы, Украіны і краін Балтыі.
«Прыадкрыю вам сакрэт: намі затрыманая некаторая колькасць грамадзян Польшчы пры ажыццяўленні актыўных аперацый па агентурнай сувязі на нашай тэрыторыі. Затрыманыя здраднікі, з якімі яны працавалі на нашай тэрыторыі», — сказаў Церцель.
Акрамя таго, па яго словах, у Беларусі затрыманыя «дзясяткі грамадзян Украіны» за спробы «ўчынення тэрактаў, разведвальна-падрыўную і шпіёнскую дзейнасць». Сярод затрыманых «за правядзенне на тэрыторыі Беларусі агентурных аперацый» ёсць і грамадзяне краін Балтыі, адзначыў Церцель.
Іншыя падрабязнасці пакуль невядомыя.