«Паспрабаваў накінуцца на мяне». Васкрасенскі распавёў пра сустрэчу з Андрэем Пачобутам
Пра сваю сустрэчу з палітзняволеным журналістам Андрэем Пачобутам у Следчым камітэце распавёў 3 красавіка ў эфіры дзяржтэлеканала «Беларусь 1» прапагандыст Юрый Васкрасенскі. Пра гэта распавядае «Л*стэрка».
Са слоў праўладнага «палітолага», сустрэча была
арганізавана па «просьбе польскага боку».
— Я звярнуўся да следчых органаў, і следчыя органы ласкава
дазволілі сустрэцца нам з Пачобутам. Нам утрох: Пачобут, польскі амбасадар і я. Гэта сустрэча адбылася ў Следчым камітэце прыкладна паўтара гады таму. Мы сапраўды з польскім амбасадарам з мэтай нармалізацыі беларуска-польскіх адносін,
спынення нейкай эскалацыі вырашылі прыбраць гэты камень спатыкнення, — сказаў
Васкрасенскі.
Прапагандыст не распавёў, пра што канкрэтна ішла гаворка
падчас сустрэчы. Аднак з яго слоў і каментароў вядучай можна зрабіць
выснову, што ў Следчым камітэце палітвязню-журналісту, як тром іншым фігурантам
«справы палякаў», прапанавалі вызваленне ў абмен на выезд у Польшчу. Як
паведамлялася раней, Пачобут такія ўмовы не прыняў.
— Ён літаральна накінуўся... паспрабаваў накінуцца на мяне.
Вядома, атрымаў адпаведны адпор. Але ён паводзіў сябе як самы сапраўдны сацыяпат.
Для мяне дагэтуль з'яўляецца загадкай, чаму ён так паводзіў сябе, — абурыўся
Васкрасенскі.
— Можа быць, у Польшчу не хоча вяртацца? — выказала здагадку
вядучая.
Васкрасенскі дапусціў, што гэта магло быць адной з прычын
такіх паводзін.
Нагадаем, у 2021 годзе ў Беларусі затрымалі пяць чалавек па
так званай «справе Саюза палякаў». Пазней трох з іх (Панішаву, Цішкоўскую і
Бярнацкую) адпусцілі з-пад варты і выслалі ў Польшчу. Яшчэ адзін фігурант
справы, Андрэй Пачобут, ад вызвалення на такіх умовах адмовіўся. У лютым яго
прызналі вінаватым у закліках да санкцый, а таксама распальванні варожасці і
прысудзілі да васьмі гадоў калоніі. Таксама ад вызвалення ў абмен на
выправаджванне з Беларусі адмовілася кіраўнік арганізацыі Анжаліка Борыс. 25
сакавіка 2022-га яе выпусцілі з СІЗА пад хатні арышт. Пазней стала вядома, што
Аляксандр Лукашэнка яе памілаваў.