Ці аб'яднаюцца Украіна і Польшча?

Напярэдадні візіту Зяленскага ў Варшаву, запланаванага на 5 красавіка, у прэсе зноў актыўна загаварылі пра магчымае стварэнне польска-ўкраінскай федэрацыі.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас сустрэчы ў Львове 11 студзеня 2023. Фота Офіса Уладзіміра Зяленскага

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас сустрэчы ў Львове 11 студзеня 2023. Фота Офіса Уладзіміра Зяленскага

Гаворка нават не пра нядаўні нашумелы артыкул у Foreign Policy пад красамоўным загалоўкам «It’s Time to Bring Back the Polish-Lithuanian Union» (англ: Прыйшоў час вярнуць польска-літоўскі саюз). На самай справе, дыскусія на гэтую тэму пачалася ў Польшчы і ва Украіне яшчэ да лютага 2022-га. Пры гэтым паказальна, што тут мы маем справу не з маргінальнымі дыскусіямі ў сацыяльных сетках, а з дэбатамі ў мэйнстрымных СМІ.
Прыхільнікі праекта федэрацыі апелююць да гістарычнай традыцыі Рэчы Паспалітай, якую называюць «захапляльнай лабараторыяй палітычнага кіравання, якое вывучалі бацькі-заснавальнікі Злучаных Штатаў». Сцвярджаецца, што «дзякуючы чатыром стагоддзям агульнай гісторыі ў рамках Рэчы Паспалітай большая частка сённяшняй Украіны (і Беларусі) мае значна больш агульнага з Польшчай, чым з Расіяй».
Аднак гэтым разам справа не абмяжоўваецца толькі настальгічным флёрам. Украіна і Польшча сутыкаюцца з пагрозай з боку Расіі, што аб'ектыўна штурхае іх да актыўнай камунікацыі. Не выключана, што гэтыя кантакты могуць выйсці за межы міждзяржаўнага супрацоўніцтва.
Больш за тое, федэрацыя можа быць нават выратаваннем для ўкраінскай дзяржаўнасці. Пасля заканчэння вайны Кіеву спатрэбіцца доўгі працэс інтэграцыі ў еўрапейскія інстытуты, які можа зацягнуцца на дзесяцігоддзі. Вечны статус кандыдата можа выклікаць расчараванне ў траўмаваным вайной украінскім грамадстве. І стаць крыніцай злосці ў адрас Захаду і дэстабілізацыі.
У падобнай сітуацыі федэрацыя Украіны і Польшчы выступае нейкім кампенсатарам за адсутнасць пропуску ў еўрапейскі клуб. Аб'ядноўваючы сваю знешнюю і абаронную палітыку, Варшава і Кіеў амаль імгненна фрагментарна ўводзяць Украіну ў склад ЕС і NATO.
Пры гэтым гучыць заклік актыўна выкарыстоўваць вопыт уз'яднання Германіі. Пасля першых свабодных выбараў ва Усходняй Германіі ў сакавіку 1990 года новы ўрад хутка заключыў дагавор аб валютным, эканамічным і сацыяльным саюзе паміж ФРГ і ГДР. Нямецкая марка стала законным плацежным сродкам ва Усходняй Германіі, дзе таксама пачало дзейнічаць заходнегерманскае заканадаўства, якое рэгулюе ўсю эканамічную дзейнасць.
Гэта стала базай для дэмантажу ўсёй старой прававой сістэмы. Ужо 3 кастрычніка 1990 года ўсходнія немцы сталі паўнапраўнымі грамадзянамі Федэратыўнай Рэспублікі. Як пішуць аматары ўніі Украіны і Польшчы, прыклад ФРГ паказвае, што фарсіраванае аб'яднанне магчыма пры наяўнасці дастатковай палітычнай волі.У выпадку запуску праекта федэрацыі некаторыя польскія законы маглі б адразу пачаць дзейнічаць ва Украіне. Перш за ўсё гэта тыя, якія неабходныя для эфектыўнага функцыянавання Украіны ў рамках ЕС і яго адзінага рынку.
Дарэчы, першыя крокі ўжо зроблены. У пачатку вайны Польшча прыняла закон, які дазваляе ўкраінскім уцекачам атрымліваць польскія ідэнтыфікацыйныя нумары, што дае ім доступ да цэлага шэрагу сацыяльных і медыцынскіх ільгот, якія звычайна прадастаўляюцца грамадзянам Польшчы. Украінскі ўрад адказаў парытэтна, надаўшы палякам ва Украіне асаблівы прававы статус, недаступны іншым замежнікам.
Як бачым, знешне ўсё выглядае дастаткова прыгожа. Асабліва эканамічны блок. Па задуме «федэралаў», польскія падаткаплацельшчыкі наогул не будуць плаціць за рэканструкцыю Украіны. Для гэтага ёсць замарожаныя на Захадзе расійскія актывы на суму 300 мільярдаў долараў.
Аднак нават пры ўсёй вонкавай прывабнасці ў падобнага праекта хапае крытыкаў нават на этапе абмеркавання.
Яны сцвярджаюць, што прыхільнікі нямецкага досведу не ўлічваюць каскад праблем, якія ўзніклі падчас аб'яднання Германіі. І, дарэчы, многія з іх не вырашаны да гэтага часу. Шматлікія ўсходнія немцы адчуваюць сябе людзьмі другога гатунку на фоне заходніх суайчыннікаў. Дысбаланс у эканоміцы стварае сацыяльную базу для правага папулізму. Нарэшце, нягледзячы на вялізную ўкраінскую дыяспару ў Польшчы, у адрозненне ад усходніх і заходніх немцаў, ва ўкраінцаў і палякаў няма агульнай мовы і культуры.
А яшчэ ёсць гістарычныя пытанні. У пачатку XX стагоддзя і пасля Другой сусветнай вайны адносіны паміж палякамі і ўкраінцамі часта былі варожымі і нават прыводзілі да міжэтнічных крывавых сутыкненняў. Пасля Другой сусветнай канфлікт быццам быў купіраваны за кошт рассялення народаў. Але, як паказваюць бясконцыя дэбаты пра Валынскую разню і постаць Сцяпана Бандэры, гістарычныя траўмы не так лёгка пераадолець.
Не трэба забываць, што з'яўленне на карце польска-ўкраінскай федэрацыі будзе мець вялізныя геапалітычныя наступствы. Польска-ўкраінскі саюз тэрытарыяльна стане першай па велічыні краінай у ЕС, што стварае процівагу франка-германскаму тандэму. З якога перапуду заходнееўрапейскім краінам згаджацца, і ў значнай ступені аплачваць уздым новай еўрапейскай дзяржавы, якая незваротна ссоўвае цэнтр цяжару ЕС на ўсход? Тым больш Заходняя Еўропа ўжо адгароджана ад Расіі краінамі NATO з вельмі дакладным разуменнем расійскай пагрозы.
Напэўна, самая цікавая тэза звязана таксама з гістарычным экскурсам. Экспансія Рэчы Паспалітай на ўсход прывяла ў сярэднія вякі да сутыкнення цывілізацый, паколькі казакі належалі да стэпавага цывілізацыйнага парадку, адрознага ад польскай каталіцкай шляхты. У выніку польскае дваранства набыло рысы культуры туранскіх народаў. Гэта выявілася ў феномене «сарматызму», які аддаліў палякаў ад дыскурсу эліты заходняй часткі Еўропы. Ці не паўторыцца гэта сюжэт зноў?
Як бачым, контраргументы дастаткова салідныя. Зрэшты, нават самыя актыўныя крытыкі ідэі польска-ўкраінскай федэрацыі згаджаюцца, што цяперашняе збліжэнне Польшчы і Украіны — як на палітычным, так і на сацыяльным узроўні — гэта вялізны капітал на будучыню, асабліва з улікам захаванай пагрозы з боку Расіі. Так што нейкі агульны праект на гэтай базе ўсё роўна будзе афармляцца.