Чаму менавіта палякі сталі для Лукашэнкі галоўнымі ворагамі?
Польскі журналіст і сацыёлаг Славамір Серакоўскі ў эфіры Е*рарадыё паразважаў пра «галоўных ворагаў» Лукашэнкі, якія памылкі можа дапусціць Украіна ў дачыненні да Беларусі, чаму ў свеце ўжо не забудуцца на беларусаў, і якая будучыня чакае краіну пасля Лукашэнкі.
— Палякі сталі галоўнымі ворагамі для Лукашэнкі, а які ёсць выбар? Расія — не, Літва — замалая. На маю думку, Літва паводзіць сябе фантастычна ў дачыненні як да беларусаў, так і да ўкраінцаў, — кажа Славамір Серакоўскі. — Я лічу, што ў Лукашэнкі няма выбару, таму ворагам мусіць быць Польшча, бо яна заўсёды ўяўлялася як нацыяналістычная краіна, да таго ж Польшча мае каланіяльную віну перад беларусамі.
Але мне падаецца, што нашы грамадствы ўжо зарыентаваліся, што мы мусім трымацца разам, што ў будучыні не будзе вольнай Польшчы без вольнай Беларусі і Украіны. Падаецца, што Беларусі таксама патрэбны вольная Украіна і вольная незалежная Польшча, бо мы заўсёды будзем на баку беларусаў, а не дыктатара ці яго расійскага кіраўніка.
Эксперт лічыць, што пасля змены рэжыму ў Беларусі палітыка Еўрасаюза адносна Беларусі можа змяніцца толькі на яшчэ больш прынцыповую.
— Мяркую, што Еўрасаюз і Польшча востра зацікаўленыя ў Беларусі. Я перакананы, што дапамога будзе пастаяннай і, хутчэй, яна будзе павялічвацца, чым зварочвацца.
І што гэта можа быць вялікі эканамічны поспех — у вас вельмі добра адукаванае грамадства, асабліва тэхнічна, добрыя дарогі, высокая культура працы, кіравання. Я думаю, Еўропа эканамічна атрымала б шмат з гэтага, бо Беларусь будзе еўрапейскім тыграм.
Аналітык пагаджаецца: вайна ва Украіне таксама скіроўвае ўвагу на Беларусь.
— Зразумела, чаму так адбываецца: гэта вынікае з карты — з таго, адкуль прыйшла пагроза Украіне. Людзі, а асабліва вайскоўцы, разумеюць значэнне Беларусі, бо беларусы звярнулі на сябе ўвагу цэлага свету пратэстамі 2020 года, якія не маглі не ўразіць.
Палітыкі пра гэтыя падзеі памятаюць. Яны ўражаныя вашымі грамадзянскімі пратэстамі. Гэта будуць памятаць нават праз стагоддзі. Беларусы не адныя, свет пра іх больш не забудзе, хаця раней можа і нічога не ведалі пра Беларусь.
І адначасова польскі эксперт папярэджвае Украіну ад «вялікадзяржаўнага ўкраінскага шавінізму» — каб яна не нарабіла тых жа памылак, якія нарабіла Расія ва Украіне.
— Мне падаецца, што ва ўкраінцаў ёсць пачуццё перавагі, і ім уласцівае перакладанне сваёй перспектывы на цалкам іншы кантэкст. Беларусь — іншая краіна, іншае грамадства.
Чаму беларусы не змагаліся з Лукашэнкам зброяй? Бо не былі ў той самай сітуацыі, што ўкраінцы. Украінцы заўсёды мелі шмат розных партый у парламенце, алігархаў з усіх магчымых бакоў — прарасійскіх, антырасійскіх і г. д. І палова Украіны — вельмі празаходняя і антырасійская, у тым ліку людзі ва ўладзе і паліцыі. Тут два бакі былі моцныя і мелі фундамент.
Серакоўскі згадвае бронемашыны на вуліцах Мінска і канстатуе: не, у Беларусі Майдан быў немагчымы. Ён перасцерагае Украіну ад пагардлівага стаўлення да беларусаў.
— Будзе вельмі кепска, калі Украіна выйграе вайну і адчуе, што ёй можна ўвогуле ўсё і што яна абсалютна бязгрэшная. Тады яна можа страціць павагу, якую заслужыла, змагаючыся цяпер. І рэальна, што полем, на якім гэта можа праявіцца, можа стаць Беларусь. Але мне падаецца, што тады рэакцыя Польшчы і Германіі будзе вельмі прынцыповай.
Тое, што Байдэн у прамове ў Варшаве згадаў таксама Беларусь, хоць і не меў нейкай канкрэтнай нагоды, было сігналам: мы памятаем, мы з беларусамі і ведаем, на чыім баку беларусы ў гэтай вайне. Лічу, што гэта было вельмі важна і што гэта быў таксама важны сігнал Кіеву.