«Цяпер мяне абражаюць». Польскі двайнік Пуціна паскардзіўся на жыццё пасля пачатку вайны ва Украіне
Да 24 лютага Славамір Сабалай з задавальненнем выконваў ролю Уладзіміра Пуціна, але цяпер сутыкаецца з негатывам у роднай Польшчы. Пра тое, як гэта — быць двайніком Пуціна, ён распавёў у відэаінтэрв'ю «Нямецкай хвалі», распавядае выданне «M*ST».
Да 2022 года з палякам Славамірам Сабалаем спяшаліся
сфатаграфавацца турысты, яго запрашалі на здымкі і розныя мерапрыемствы. Цяпер
з ім не хочуць не тое што рабіць фатаграфіі, але і, паводле яго, жыць у адным
горадзе. Пра гэта ён і распавёў журналістам.
Славамір родам з Уроцлава, папулярным ён стаў дзякуючы сваёй знешнасці. Яму казалі, што ён падобны на Пуціна, з цягам часу мужчына стаў выкарыстоўваць гэта.
Кар'ера ў якасці двайніка расійскага палітыка ў паляка пачалася ў 2012
годзе. Славамір зарабляў на падабенстве з Пуціным: з ім фатаграфаваліся, бралі інтэрв'ю сусветныя выданні, запрашалі здымацца ў рэкламах і нават мюзіклах. У
яго нават з'явіўся свой сайт.
Славамір сцвярджае, што да 2022 года для яго быць
двайніком Пуціна было хобі. Але пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну
ўсё змянілася. Кажа, што пачаліся праблемы ў родным Уроцлаве — некаторыя яго
абражаюць і не хочуць з ім жыць у адным горадзе.
— Вядома, я не згодны з тым, што робіць Пуцін, з тым, якую
палітыку ён праводзіць сёння. Такому не можа быць апраўданняў. Ніхто не
пагодзіцца з тым, каб правакаваліся канфлікты,у якіх гінуць людзі, — кажа Славамір.
Зараз паляк старанна выбірае свае праекты і хоча выконваць сур'ёзныя і важныя ролі. Асноўны род дзейнасці ў мужчыны — транспартная кампанія,
якая і з'яўляецца для яго крыніцай даходу.
— Я — адзіны чалавек, які прафесійна прадстаўляецца Пуціным,
які жыве не ў Расіі, а ў свабоднай дэмакратычнай краіне. Я буду выкарыстоўваць
гэтую свабоду, каб высмейваць гэтага дэспата і яго рэжым. Толькі так я магу
дапамагчы народу Украіны, — сказаў у відэа Славамір.