Больш за 20 гадоў на дваіх. Стала вядома пра яшчэ адзін прысуд па сакрэтнай справе «Манкурты»

У Мінскім гарадскім судзе яшчэ 26 кастрычніка 2022 года вынеслі прысуд па так званай справе «Манкурты» Вользе Саламенік і Уладзіміру Трыфанаву. Пра гэта стала вядома праваабаронцам.

Скрыншот «В*сны»

Скрыншот «В*сны»

Абвінавачаных асудзілі паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса («Здрада дзяржаве») і ч. 2 арт. 295 КК («Незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў»).

Вольгу Саламенік асудзілі да 7,5 года калоніі, а Уладзіміра Трыфанава — да 14 гадоў калоніі.

Падрабязнасці справы невядомыя, бо працэс праходзіў у закрытым рэжыме, а на самой крымінальнай справе — грыф сакрэтнасці. Але падрабязнасці затрымання асуджаных вядомыя з прапагандысцкага фільма «Аперацыя КДБ «Манкурты», які паказалі ў 2021 годзе. Справу разглядала суддзя Валяціна Зенькевіч.

У 2021 годзе на тэлеканале АНТ паказалі фільм «Аперацыя КДБ «Манкурты», у якім паведамілі пра затрыманне падпалкоўніка КДБ Аляксея Храловіча. Згодна з фільмам, Храловіч меў дачыненне да перадачы Сцяпану Пуцілу ў лістападзе 2020 аўдыяразмоваў прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант з рознымі службовымі асобамі.

Менавіта ў гэтых запісах вялася размова пра абставіны гібелі Рамана Бандарэнкі. Таксама паведамлялася, што Аляксея затрымалі і далучылі да аператыўнай гульні, каб выявіць шляхі эвакуцыі беларусаў, якіх могуць пераследаваць па палітычных матывах. Паводле АНТ, сілавікі затрымалі Вячаслава Сідаракіна, Юрыя Гаркача, Сяргея Старчанку, Уладзіміра Трыфанава і Вольгу Саламенік.

У фільме Вольга казала, што па просьбе Ігара Макара ёй трэба было «забраць нейкага чалавека і дакументы». Прапагандысты распавялі, што ёй сказалі «забраць архіў КДБ і пераправіць яго ў Польшчу». Сыходзячы з фільма, Вольга пасля затрымання супрацоўнічала з работнікамі КДБ і пад іх кантролем камуніквала з Макарам. Паводле фільма АНТ, Уладзімір Трыфанаў — праваднік праз беларуска-літоўскую мяжу, праз якую мусіў нелегальна перавесці Аляксея Храловіча.

Вядома, што Вольгу год утрымлівалі ў СІЗА КДБ, дзе яна трымала галадоўку. Потым яе перавялі ў СІЗА-1.

«Яна была зусім сівая. Яна доўга трымала галадоўку — яе нават кармілі праз вены на руках, таму яны ў яе былі надзьмутыя, як лясныя карчакі. У Вольгі быў вялікі бізнес у Гродне, але яна ўсё прадала і хацела набыць кватэру ў Грэцыі і з'ехаць. Але ўсё гэта адбылося і яе схапілі. Дакументаў ніякіх на руках у яе не было, бо справа была пад грыфам сакрэтнасці — «СС». Ёй нічога не выдавалі на рукі наогул. З яе «падзельнікам» там вельмі дзіўная гісторыя», — распавяла праваабаронцам жанчына, якая сустракалася з ёй у зняволенні.

Былога падпалкоўніка КДБ Аляксея Храловіча ў Мінскім гарадскім судзе 30 сакавіка 2022 года асудзілі да 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 500 базавых велічыняў па ч. 2 арт. 356 Крымінальнага кодэкса («Здрада дзяржаве, здзейсненая службовай асобай, якая займае адказнае становішча»).

24 лютага 2023 года Вольгу Саламенік і Уладзіміра Трыфанава ўнеслі ў «спіс экстрэмістаў». Вядома, што жанчыну этапавалі ў гомельскую калонію № 4, а ў якую калонію адправілі Уладзіміра — пакуль невядома.