Камісія па вяртанні рассылае сваякам палітуцекачоў інструкцыі, як яны павінны «паўзці і каяцца»

Гэтак камісія Генеральнай пракуратуры падбівае родных палітуцекачоў, каб тыя ўзяліся пераконваць іх вярнуцца, распавядае «Н*ша Ніва».

Інструкцыя па вяртанні. Скрыншот «Н*шай Нівы»

Інструкцыя па вяртанні. Скрыншот «Н*шай Нівы»

Адзін з палітычных эмігрантаў даслаў «НН» зварот, адрасаваны сваячцы. У ім даводзіцца, што ён «мае права звярнуцца ў камісію па разглядзе зваротаў» да 31 снежня 2023 года.

Як вынікае з допісу, ад эмігранта сярод іншага патрабуецца ліст пакаяння, у якім ён павінен паведаміць аб чыстасардэчным раскаянні за ўчыненае правапарушэнне, публічна выбачыцца і кампенсаваць шкоду.

Па вяртанні ж на радзіму ён абавязаны трымацца Канстытуцыі, выконваць законы і іншыя нарматыўныя прававыя акты, а таксама паважаць дзяржаўныя сімвалы, нацыянальныя традыцыі ды свядома і актыўна выконваць свой грамадзянскі абавязак.

«Такая камісія разлічвае, што сваячка стане пераконваць мяне вярнуцца, але яна ведае, што мяне чакае. Раней родныя атрымалі ліст з міліцыі, у якім гаварылася, што адміністрацыйны пераслед супраць мяне спынены. Але я з'ехаў, бо быў асуджаны на «хімію» паводле крымінальная прысуду. Пра яго гаворкі няма», — каментуе прапанову вярнуцца эмігрант.

Камісія просіць дасылаць пакаянныя лісты на адрас Генеральнай пракуратуры пісьмова альбо на электронную пошту. Дазволена пісаць на беларускай мове.

Указ пра стварэнне камісіі па вяртанні Лукашэнка падпісаў сёлета на пачатку лютага. Яе ўзначаліў генпракурор Андрэй Швед. У яе складзе сярод іншых старшыня КГБ Іван Церцель і прапагандыст Рыгор Азаронак.

1 красавіка Швед заявіў, што ў камісію па вяртанні беларусаў, якія зʼехалі, якой ён кіруе, паступіла ўжо 56 заяў. Ён запэўніў, што ў найбліжэйшы час першую частку зваротаў разгледзяць.

Па ўсім выглядае, што ідэя з вяртаннем палітычных эмігрантаў пад гарантыю рэжыму Лукашэнкі цалкам правальваецца. 56 заяў за два месяцы — гэта існая дробязь на фоне соцень тысяч беларусаў, якія вымушана пакінулі краіну пасля фальсіфікацый выбараў, наступнага беспрэцэдэнтнага гвалту сілавікоў і масавай фабрыкацыі крымінальных спраў паводле палітычных матываў.

Відавочна, што людзі проста не вераць абяцанням рэжыму. Тым больш сам Лукашэнка неяк выразна акрэсліў умовы вяртання на радзіму эмігрантаў. Паводле яго, уцекачы павінны прапаўзці дадому і пакаяцца. А потым, вядома, адседзець тэрмін, вызначаны так званым «судом».