«Будзе дзень!» Ганна Шаркунова запісала песню на словы Максіма Знака

Беларуская спявачка Ганна Шаркунова, якая ў 2020 годзе падтрымала пратэсны рух і зараз жыве за мяжой, запісала песню на словы палітзняволенага адваката Максіма Знака.

Фота з сацсетак

Фота з сацсетак

«Два гады таму ў стужцы ФБ я ўбачыла ліст Максіма Знака з турмы. Там ён прасіў каго-небудзь з музыкантаў скласцi мелодыю на яго вершы. У тую ж хвіліну яна і загучала ў маёй  галаве», — напісала Ганна Шаркунова на сваёй старонцы ў «Інстаграм».

З таго часу, дадала яна, «прайшло шмат падзей, але ўсе гэтыя месяцы я насіла гэту мелодыю ўнутры,  спявала яе…. і ведала, што абавязкова зраблю з яе песню».

«Тэма дзяцей баліць мне асабліва. Дзяцей, якія чакаюць бацькоў з турмаў… Тысяч і тысяч дзяцей, змушаных пакінуць Радзіму разам з бацькамі — у невядомасць…. Цэлае пакаленне дзяцей, якіх Беларусь можа страціць… або ўжо страціла назаўжды… — адзначыла спявачка. — Але мы будзем працягваць кахаць і радавацца, мы будзем убіраць у сябе ўсё лепшае з гэтага вялізнага і яскравага свету.  Мы будзем працягваць жыць для нашых дзяцей!.. І абавязкова захаваем у іх сэрцы часцінку Беларусі… Каб аднойчы вярнуцца разам з імі дадому.

Гэта дарога можа быць доўгай і цяжкай. Яна можа заняць усё жыццё. Але вельмі хочацца сустракаць па дарозе добрыя Знакі. Знакі надзеі, што ўсё абавязкова будзе добра».

Песня на словы палітвязня называецца «Знакі». Ганна Шаркунова прывяла верш Максіма Знака.

Колькі незнаёмых

І неверагодных

Сёлета ўбачыў упершыню…

Новых маіх родных

Некалькі мільёнаў…

Сёлета я знайшоў сваю сям’ю…

Станавіся побач і спявай, каб пачуў

Неверагодны край.

Позіркам сустрэцца

І адчуць, як сэрца

Абдымае сонечны прамень.

Проста быць сабою,

Проста жыць з любоўю,

Проста быць і ведаць:

Будзе дзень!