«Вершы з-за кратаў» — з'явіўся вялікі віртуальны зборнік паэзіі беларускіх палітвязняў
Праект паўстаў дзякуючы ініцыятыве «Вольныя паштоўкі» і Народнай амбасадзе Беларусі ў Бразіліі.
Стваральнікі збіраюць вершы палітзняволеных і перакладаюць іх на розныя мовы. Ужо можна пачытаць творы па-беларуску, па-англійску і па-партугальску. Таксама на сайце размешчана інфармацыя пра палітвязняў і працуе функцыя даслаць ліст анлайн.
«Вершы з-за кратаў» мусяць натхняць больш людзей на падтрымку тых, хто рэпрэсаваны за свае каштоўнасці, але з гонарам праходзіць нават самыя цяжкія выпрабаванні.
Можна зрабіць данат на BYS*L, усе сабраныя сродкі пойдуць на перадачы ў турмы. За ахвяраванні вы атрымаеце тэматычныя падарункі.
Нагадаем, што на сёння ў Беларусі 1443 палітзняволеныя, з іх больш за 80 — дзеячы культуры.
Пазнаёмім вас з некаторымі творамі.
Максім Знак
Пароль: «Тук-тук!»,
«Тук-тук!» – як водгук:
Жалеза стук
Па калідорах.
«Аддаў!» – «Прыняў!»
«Як сам?» – «Нармальна».
Ключ і сцяна…
Фенаменальна!
«Тук-тук!» – «Ідзем!»
«Тук-тук!» – «Хавайце!»
«Ў сцяну глядзець!
Не размаўляйце!»
«Тук-тук!» — «Тук-тук!»
Па калідорах.
І сёння стук
Такі ж, як ўчора.
Ігар Лосік
Хай скруха самотных дзён
Нікому ня будзе вядома,
Хай будзе турма, як сон:
Прачнуся — і зноўку дома.
Андрэй Кузнечык
Цёплы вецер дарогі высушыў
І паклікаў удалеч вырушыць.
Затрашчалі ў зялёных шатах
Абазнаных турыстаў чаты.
Выхваляюцца лебедзь з качарам,
Як у выраі парыбачылі,
І расказваюць качкі курам
Пра распродажы і шоп-туры.
Размаўляюць шпакі з сініцамі
Пра круізы паміж сталіцамі.
Пракаўтнуўшы хот-фрог балотны,
Рэкламуюць буслы курорты.
Чаплі ж не прамінуць аказіі
Папляткарыць пра спа ў аазісах.
А стары трэвел-блогер грак
Стыміць з глогу якісь лайфхак.
У вяснушках вясна-вандроўніца
На сігвэі па небе коціцца...