Сяргей Ціханоўскі атрымаў новы прысуд
Яго пакаралі за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы».
Новае судовае разбіральніцтва адносна Сяргея Ціханоўскага, мужа лідара беларускай апазіцыі Святланы Ціханоўскай, пачалося 13 лютага. Яно праходзіла ў турме Жодзіна. Асуджанага да 18 гадоў калоніі Сяргея Ціханоўскага абвінавацілі ў злосным непадпарадкаванні адміністрацыі папраўчай установы. Аб выніках суда паведаміла прэс-служба Генеральнай пракуратуры.
Сяргея Ціханоўскага прызналі вінаватым па ч. 2 арт. 411 («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, учыненае асобай, асуджанай за цяжкае і асабліва цяжкае злачынства») Крымінальнага кодэкса Беларусі.
Ціханоўскаму прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 1 год і 6 месяцаў. Па сукупнасці прысудаў яго пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі складае тэрмін у 15 гадоў 9 месяцаў 5 дзён з адбываннем 2 гадоў 5 месяцаў 18 дзён у турме, а астатняга тэрміну — у папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.
Сваю віну Сяргей Ціханоўскі не прызнаў.
Прысуд у законную сілу не ўступіў, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.
Нагадаем, у снежні 2021 года Сяргея Ціханоўскага ўжо прызналі вінаватым па ч. 1 арт. 293 («Арганізацыя масавых беспарадкаў»), ч. 3 арт. 130 («Распальванне сацыяльнай варожасці»), ч. 2 арт. 191 («Перашкода працы ЦВК»), ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).
Яму прызначылі тады 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У ліпені мінулага года Ціханоўскі быў этапаваны ў калонію № 15 у Магілёве.
Вядома, што ў жодзінскай турме Сяргея два месяцы бесперапынна ўтрымлівалі ў ШІЗА ў нечалавечых умовах.