Хакеры ўзламалі сайт фонду сацабароны? Яны патрабуюць вызваліць палітвязняў

Беларускія хакеры заявілі, што 27 лютага ўзламалі сайт фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Цяпер сайт не адкрываецца з-за мяжы, але на яго можна трапіць з Беларусі. Адказнасць за атаку на фонд сацыяльнай абароны ўзяла на сябе інфармацыйная група «Абʼяднанага штаба супраціву». Яна ж раней узламала сайт кампаніі «Беларуськалій».

img_2189_logo.jpg

Беларускія хакеры заяўляюць, што 27 лютага здзейснілі атаку на партал фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Беларусі. Адказнасць узяла на сябе інфармацыйная група «Абʼяднанага штаба супраціву Мінска» (АШС), паведамляе «Люстэрка».

АШС заявіў, што гэтым нападам ён дамагаецца вызвалення палітычных зняволеных з турмаў Беларусі:

«АШС, як і было заяўлена ў мінулым, дзеля выканання намечаных планаў працягвае палітыку нарошчвання ціску да ўзроўню нулявой талерантнасці ў дачыненні да саўдзельнікаў злачынстваў рэжыму Лукашэнкі і інфраструктуры, якая выкарыстоўваецца для падтрымання рэжыму Лукашэнкі. АШС патрабуе неадкладнага вызвалення ўсіх беларускіх палітвязняў!».

Цяпер працаздольнасць партала ФСАН адноўлена, з Беларусі на яго зайсці можна, але ён не адкрываецца з-за мяжы. Пры гэтым кампаніі паведамляюць аб праблемах з адпраўкай дакументаў праз сайт фонду сацабароны. Гаворка ідзе і аб дакументах персаніфікаванага ўліку.


Нагадаем, «Аб'яднаны штаб супраціву Мінска» ўпершыню заявіў пра сябе 16 жніўня. Яны ўзламалі сайт «Беларуськалія» і размясцілі там зварот да аб'яднаных штабоў супраціву Беларусі, да актывістаў мірнага пратэсту, адміністратараў «дваровых чатаў, якія яшчэ засталіся», і сілавікоў.

У верасні мінулага года хакеры заявілі аб узломе сайта жодзінскага ААТ «БелАЗ». На галоўнай старонцы штаб размясціў заяву, дзе гаворыцца пра тое, што БелАЗ, як і многія іншыя дзяржаўныя прадпрыемствы краіны, «захоплены «сям'ё» Лукашэнкі».

24 лютага гэтага года хакеры часткова заблакіравалі прававы партал pravo.by. Яны заявілі, што «паклалі» яго ў знак пратэсту супраць вайны і Лукашэнкі.