Асобная думка. МЫ Жывыя!
Беларусь перажывае самыя жорсткія часы, якія можна параўнаць толькі з рэпрэсіямі сярэдзіны-канца 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Ці насамрэч Беларусь сёння «жывая»? Ці Жывыя МЫ? Адказ, магчыма, вас здзівіць.
— Прывет! Ну як ты?— Анічога, жывы пакуль!
Такі пачатак дыялогу зараз ужо звычайны ў размовах не толькі «збеглых» і «застаўшыхся», але і проста «застаўшыхся» таксама. Нічога дзіўнага тут няма — Беларусь перажывае самыя жорсткія часы, якія можна параўнаць толькі з рэпрэсіямі сярэдзіны-канца 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Ці насамрэч Беларусь сёння «жывая»? Ці Жывыя МЫ?
Хмурныя твары навокал. Асцярожныя прагляды навін на «нячэсных сайтах» па дарозе на працу — можа, побач руплівы «неабыякавы грамадзянін». Стрыманыя «як яны задзяўблі» ў курылках. Раз у месяц праверка «таго самага пакунка на той самы выпадак». Назіранне, што зноўку на даху дзяржустановы абнавілі чырвона-зялёны сцяг памерам з тваю кватэру (нармалёвы такі гешэфт хтосьці мае, ага). Чорны джып з нумарамі Мінабароны РБ і «Z» на чвэрць задняга шкла з задаволенымі істотамі ў салоне. Увечары іншым часам праз сцяну істэрычны крык знаёмым голасам аб «падонках, мярзотніках, нацыстах» — чорт, сусед жа ж нармальным падаваўся... Ранкам ізноў хмурыя твары і ўсё пайшло на новы круг.
Вакол нібы выпаленая пустэча і замест людзей, якія жывуць побач і яшчэ зусім нядаўна здаваліся адэкватнымі, з’явіліся нейкія істоты, якім усё даспадобы і няма большай радасці, як смачна паесці ды добра выпіць. Кудысьці зніклі тыя, хто адчыняў і трымаў дзверы пад’ездаў у 2020-м. Дзесьці прапалі людзі, з якімі ты піў гарбату ці каву з хатнім печывам і слухаў спевы Памідорава і Аракеляна, Такінданга і Пугача. Дзе іскрыстыя шчырыя позіркі з прагай свабоды і марамі аб хуткай новай будучыні? Адкуль побач гэтыя незнаёмыя шэрыя, невыразныя твары?
А зазірніце ў люстэрка! Што там? Бадзёрыя вочы? Вясёлы і натхняльны твар? Вось і я пра тое... Мы вельмі стаміліся, мы ўжо не тое што амаль нічога не прагнем, мы чакаем нейкага цуду ад кагосьці побач. Вось хтосьці штосьці зробіць, нешта здзейсніцца, неўзабаве нават атрымаецца — і мы тады ўжо! Гэта нам усім знаёма далёка не першы дзясятак гадоў, давайце ўжо шчыра прызнаем. Перафразую вядомую дзіцячую песеньку:
«Хтосьці, а не я!Хтосьці, а не я!Гэта будзе хтосьці, а не я!»
Вядома, шмат хто скажа: «А што я магу? Глядзіце, што робіцца! Людзей саджаюць проста за нейкі допіс у сацсетцы ці за просты заклік прыйсці дапамагчы коткам!» (Пра котак не мая фантазія, такое было ў Оршы на пачатку лютага, калі хто не ведае!). І я пагаджуся — так! Саджаюць і будуць саджаць! Улада не спыняе і не спыніць рэпрэсіі супраць любога праяўлення гарызантальных сувязей у грамадстве. Калі мы з суседам падчас снегападаў чысцілі аўтастаянку ля пад’езда, то жартавалі, што хутка за намі могуць прыехаць, бо гэта ж несанкцыянавана.
Сам факт таго, што не спыняюцца арышты, гвалт і іншыя дзеянні, сведчыць роўна пра тое, што адказ «Мы Жывыя!» досыць дакладны. Калі б упэўненасць Юрыя Цераха («Людажор», аўтар «СБ»), што нас даўно закаталі ў асфальт, была праўдай, то навошта дагэтуль арыштоўваюць і катуюць людзей? Хто гэтыя арыштаваныя пасля слоў кіраўніцтва дзяржавы пра канчатковую стабілізацыю становішча ў краіне і неаднаразовых спроб «перагарнуць старонку»?
Да каго кожны тыдзень у сваіх тэлеграм-каналах пагражае прыйсці ГУБАЗіК?
Чаму дагэтуль таварыш Азаронак-малодшы ходзіць з аховай?
Чаму на судах выносяцца шалёныя прысуды, якіх у нармальнай стабільнай дзяржаве пры панаванні законаў быць увогуле не павінна?
Шмат такіх пытанняў можна сфармуляваць, але адказ на іх будзе адзін. Нічога яшчэ не скончана, таму што МЫ яшчэ Жывыя. Што б там ні мроілася ў палацах і рэзідэнцыях.
МЫ Жывыя! Цікава, што амаль штотыднёва людзі на высокіх пасадах ускосна сцвярджаюць тое ж самае. Напрыклад, на мінулым тыдні кіраўнік КДБ І. Церцель распавёў, што з пачатку года выкрыта больш за 10 «здраднікаў» сярод сілавікоў і чынавенства, завербаваных іншаземнымі выведкамі. КДБ працуе! Вядома, што даверу гэтым словам мала: мы ўсе ведаем, што калі КДБ знайшло ў каго падпіску на «экстрэмістаў» у смартфоне ці планшэце, то гэта ўжо здраднік і расстраляць яго мала. Але ж, калі паглядзець на гэта ў іншым ракурсе, то вельмі ж цікавая карцінка атрымліваецца. З пачатку года на момант агалошвання гэтай інфармацыі прайшло троху больш за 50 дзён. Гэта значыць, кожныя 5-6 дзён быў выкрыты «здраднік» сярод сілавікоў і чынавенства, які быў завербаваны іншаземнай выведкай! Пры гэтым трэба разумець, што іншаземнай выведцы зусім нецікавы звычайны сяржант ці прапаршчык з патрульна-паставой службы (якую, дарэчы, амаль знішчылі «светлыя» галовы ў МУС) ці нейкі малодшы клерк з райвыканкама. У іншаземных выведках якасць крыніц інфармацыі мае досыць вялікае значэнне. Так што віншуем «маналітную і непахісную» вертыкаль улады! Па «здрадніку» на тыдзень, атрымліваецца, і гэта ж яшчэ не ўсіх выкрылі... Дзякуй, спадар Церцель! Яшчэ адзін доказ, што МЫ Жывыя!
Узяць нават вядомыя ўсім розныя праўладныя тэлеграм-каналы. Штодзённыя істэрыкі аб велічы чалавека, які лічыць сябе прэзідэнтам Беларусі, і, канешне, пра адзіна верны шлях, па якім ён вядзе сваіх прыхільнікаў і цягне іх супраціўнікаў. Абразы, лаянкі, нават мат сустракаецца ў дачыненні да нязгодных. Але яны ж усіх нязгодных ужо «пабядзілі», і не раз! Навошта гэта вось усё? А таму што МЫ Жывыя! І яны гэта вельмі добра ведаюць...
Падчас размоў з тымі, хто зусім нядаўна выйшаў з сучаснага Аўшвіца на Акрэсціна, я кожны раз пераконваюся, што МЫ Жывыя. Нягледзячы на нечалавечыя ўмовы і жорсткі ціск тыя, хто выходзіць, маюць нейкі ліхтарык унутры. Чалавек худы, змораны, хворы... А ў вачах ліхтарык свеціць! Яны непераможныя. Так, шмат хто паехаў у СІЗА, але ў іх вачах, я ўпэўнены, гарыць той жа ліхтарык. Яго бачна, калі кагосьці асуджаюць на «хімію» і яго сустракаюць ля суда сваякі і сябры. Яны Жывыя! Калі я сустракаў вязняў, што ўжо адбылі свой тэрмін, я бачыў гэтае святло ў іх вачах. Худыя, стомленыя, хворыя, але незламаныя і Жывыя!
Улады цудоўна ўсведамляюць, што яшчэ адзін 2020-ты яны не вытрымаюць. Не дапаможа ні АМАП, ні САХР, ні іншыя спецпадраздзяленні, якія ліхаманкава ствараюцца па ўсёй краіне. Не трэба верыць і думаць, што яны для абароны краіны ад нападу звонку. Не, гэта ўсё для абароны ад тых, хто яшчэ Жывы. І колькасць гэтых спец і асобных падраздзяленняў кажа аб тым, што нас-такі нямала... Улада панічна баіцца!
«Ну і што?» — спытаеце вы. А рабіць што? Для пачатку паспрабуйце сёння ўвечары ці заўтра зранку ў краме ці на запраўцы падзякаваць прадавачцы простым «Дзякуй!», а не «Спасибо», даць знаёмаму «Добрай раніцы!», дапамагчы сталаму чалавеку паднесці цяжкі пакунак да хаты ці прытрымаць дзверы ў метро перад тым, хто ідзе за вамі. А на падзяку адказаць «Няма за што!». Проста рабіце дабро і не забывайце дзякаваць на роднай мове. А калі хто жадае большага — пачытайце аб акцыях руху «Зубр» на пачатку 2000-х і іх кропкавай тактыцы. Неблагая была ініцыятыва...
І памятайце — нас шмат і МЫ Жывыя!