Крэатыў, упартасць, адукацыя. Чаму ў новай Беларусі цудоўная будучыня
Аднойчы лукашэнкаўскі рэжым абрынецца, і беларусы нарэшце атрымаюць гістарычны шанец пабудаваць краіну на грунце дэмакратыі. Добрую будучыню новай Беларусі няцяжка разгледзець нават з сённяшняга змроку. На «НЧ» — допіс веры і футурыстычнага аптымізму.
Вядома, што калі разваліўся Савецкі Саюз, Беларусь мела сувымерныя стартавыя пазіцыі з шэрагам дэкамунізаваных краін Усходняй Еўропы. Адпаведна сёння мы маглі б быць на тым жа ўзроўні развіцця, што і Польшча, Чэхія альбо Эстонія. Аднак у 1994 годзе да ўлады прыйшоў Лукашэнка, якія адразу заявіў: я Беларусь за цывілізаваным светам не павяду.
Сказаў — зрабіў. Беларусь цяпер — краіна-ізгой. З дыктатурай, архаічнай эканомікай ручнога кіравання, буйнымі даўгамі галоўнаму донару Расіі і часткова страчаным суверэнітэтам.
Але нават на гэтым выпаленым полі ёсць светлыя плямы і кропкі росту, якія захоўваюць надзею на хуткае адраджэнне і будучы росквіт. Пералічым гэтыя складнікі — яшчэ раз упэўнімся, які магутны стваральны патэнцыял схаваны ў грамадстве, якое амаль трыццаць гадоў рэжым вядзе ў цемру і заняпад.
ІТ-сектар: тэхналагічны аазіс пасярод цемрашальства
adukar.by
Ёсць меркаванне, што штуршок развіццю ІТ-індустрыі ў Беларусі надаў асабіста Лукашэнка, калі ўхваліў стварэнне Парку высокіх тэхналогій з падатковымі ільготамі. Насамрэч гэты штуршок чыста сімвалічны. Як некалі адзначаў былы кіраўнік ПВТ Валерый Цапкала, Лукашэнку проста ўдалося пераканаць у перспектыўнасці гэтага напрамку. А потым разумныя людзі яму паказалі, дзе ў дакуменце паставіць подпіс, і на тым удзел рэжыму ў нацыянальным «стартапе» скончыўся.Бо як мог кантраляваць і тым больш развіваць ІТ чалавек, чый узровень разумення гэтай сферы зводзіцца да заяваў пра «айфоны-плафоны» і «яйкагаловых».
Тут хутчэй варта казаць, што беларусы надзвычай эфектыўна падхапілі сусветныя трэнды і здолелі інтэгравацца ў іх найлепшым чынам. У выніку паняцце «беларускія айцішнікі» стала брэндам, які вельмі шмат зрабіў для пазнавальнасці нашай краіны ў свеце.
Свой ІТ-рынак нашы людзі — пераважна моладзь — стварылі самі. Не адчуваючы ціску з боку цемрашалаў-чыноўнікаў, якія пра высокія тэхналогіі разважалі ў парадыгме «сучасных трафікаў». Не адчуваючы межаў, што ў глабальным сусвеце дазволіла супрацоўнічаць з найлепшымі партнёрамі і заказчыкамі. Не просячы бюджэтнай падтрымкі ў адрозненне ад дзяржаўных прадпрыемстваў на чале з «крэпкімі хазяйственнікамі».Разлічваючы толькі на сябе і свой розум, беларусы вытрымалі найвастрэйшую канкурэнцыю ў папулярнай галіне. Wargaming, EPAM і іншыя кампаніі, заснаваныя беларусамі, па сёння застаюцца візітоўкай Беларусі ў свеце ІТ. Нічога дзяржаўнага ці дзяржаўніцкага ў «айцішным» сегменце эканомікі няма. Людзі тут усё робяць самі, уласнымі рукамі. І працягваюць рабіць, нягледзячы на рэпрэсіі, эміграцыю і масавы рэлакейт.
Прадпрымальніцтва: прыватны сектар насуперак перашкодам
У Лукашэнкі вельмі спецыфічнае ўяўленне пра прадпрымальнікаў. Па-першае, застаючыся клінічна савецкім чалавекам, ён варожа ставіцца да любой прыватнай ініцыятывы і неаднойчы абражаў тых жа «іпэшнікаў» словамі кшталту «вашывыя блохі». Па-другое, яго разуменне бізнес-працэсаў таксама адсталае — нібыта гэта класічныя «барыгі-спекулянты», што нажываюцца на людскіх патрэбах. Па-трэцяе, фармальная незалежнасць бізнесу ад дзяржавы стварае для рэжыму дыскамфорт на палітычнай глебе — бо як жа, там адны толькі бэчэбэшнікі.
У выніку ўсе гады і дзесяцігоддзі лукашэнкаўцы чыняць перашкоды прадпрымальнікам. Законамі, падаткамі, праверкамі ды іншымі шмонамі. Канкрэтна гандляроў на рынках спрабавалі прыціснуць неабходнасцю мець дакументацыю на прывезены тавар ды высокімі стаўкамі арэнды.
Карацей, улада не дапамагала бізнесу, як гэта робіцца ў заходніх постіндустрыяльных краінах, а наадварот. І ў кожнага прадпрымальніка ёсць свая гісторыя супрацьстаяння з чыноўнікамі.
І тым не менш прыватны бізнес — дробны і сярэдні — адбыўся ў лукашэнкаўскай Беларусі. Тавары і паслугі, гарады і вёскі, ІП, ПУП і ААТ. Няма, бадай, ніводнай сферы эканомікі, дзе б праз асфальт дзяржкіравання не прабілася б беларуская прадпрымальнасць.
Бізнес — гэта адказнасць, і беларусы не баяцца адказнасці. Гэта самастойнасць, рызыкі і стрэсы — беларусы не баяцца ні першага, ні другога, ні трэцяга. Гэта крэатыў, самаўдасканаленне і цяжкая праца — і гэта ўсё ёсць у нашых бізнесоўцаў. Як і славутая прадпрымальніцкая жылка. Нездарма прыватнікі неаднойчы выгравалі канкурэнцыю ў дзяржаўных прадпрыемстваў, а цяпер многія з іх паспяхова вядуць дзейнасць за мяжой — у тых жа Польшчы і Літве.
Відавочна, што ў новай Беларусі прыватны сектар будзе нашмат шырэйшы, чым пры Лукашэнку. І дэмакратычныя ўлады будуць не здушваць бізнес, а ўсяляк яму дапамагаць. Здаецца, беларусы гатовыя да таго, каб рабіць жыццё лепшым удачнымі высілкамі на гэтай глебе.
Адукацыя: не скончыў «ВУЗ» — не беларус
Колькі існуе лукашэнкаўскі рэжым, столькі ён перарабляе сістэму адукацыі. Пасля 2020 года школу пачалі паскоранымі тэмпамі ідэалагізаваць. Усё больш бачна, што найперш дыктатура хоча выхоўваць у навучальных установах лаяльную моладзь, а не разумную.
Пры гэтым педагогіка застаецца галіной з самымі жабрацкімі заробкамі. Пры гэтым настаўнікаў абцяжарваць рознымі няпрофільнымі абавязкамі кшталту ўдзелу ў розных праўладных мерапрыемствах альбо фальсіфікацыі выбараў. У выніку сёння ў Беларусі назіраецца дэфіцыт не толькі медыкаў, а і педагогаў.
Летась у краіне былі знішчаны амаль усе прыватныя школы. Лукашэнкаўцы асабліва і не хавалі, што зроблена гэта з ідэалагічных меркаванняў — маўляў, там вучаць «бэчэбэшнікаў». У ВНУ дзейнічае састарэлая мадэль паслядыпломнага размеркавання, якога выпускнікі цураюцца як чорт крыжа.
Эксперты адзначаюць: якасць беларускай адукацыі падае. Бачаць гэта і бацькі маленькіх беларусаў. Бачаць — і дзейнічаюць.
Беларусы масава з'язджаюць вучыцца за мяжу. У тым ліку праз гэта ў першым навучальным годзе пасля выбараў айчынныя ВНУ недабралі студэнтаў нават на бюджэтныя аддзяленні. Беларусы масава дабіраюць веды ў рэпетытараў, запатрабаванасць у якіх заўсёды высокая. Беларусы масава вучаць замежныя мовы — у адпаведных школах няма вольных месцаў. Беларусы ўпарта вучацца новаму, і рэжым тут бяссільны збудаваць бар’еры.
Гэтая нейкая нацыянальная прыкмета, бо трэнд узнік даўно. Беларусь знаходзіцца ў топе сярод краін СНД па ўдзельнай колькасці студэнтаў. Хай замежнікі называюць беларусаў памяркоўнымі ды цярплівымі, але ў празе ведаў нас ніхто не папракне. Бо і бацькі запраграмаваныя на атрыманне дзецьмі адукацыі — каб «стаў чалавекам». І самі малыя настроеныя пасля школы ісці ва ўніверсітэт — і не толькі таму, каб «не забралі ў армію».
Гэта добрая якасць у кантэксце будучай адбудовы краіны. Лукашэнкаўскай Беларуссю кіруюць троечнікі, аднойчы на першыя ролі выйдуць выдатнікі.
Культура: развіццё пад прыгнётам
Пра тое, як Лукашэнка знішчае ўсё беларускае, інфармаваным чытачам можна не расказваць. Рэпрэсіі, гвалт, цкаванне, чорныя спісы, воўчыя квіткі. Як вынік, сёння беларуская культура ў асноўным жыве ў эміграцыі. Унутры краіны афіцыйна застаўся толькі прарасійскі і прасавецкі культурны эрзац.
Да 2020 года з беларускасцю лукашэнкаўцы змагаліся з меншым імпэтам, але генеральную лінію вялі. Рок-музыкі пераважна былі пад негалоснай забаронай. Беларускамоўныя літаратары не віталіся чыноўнікамі. Нацыянальна арыентаваная інтэлігенцыя жыла ва ўнутранай эміграцыі. І працягвалася русіфікацыя. І ў цане была лаяльнасць. І ціск заўсёды ўзмацняўся падчас электаральных кампаній.
Нягледзячы ні на што, беларуская культура не тое, што выжыла, — яна развівалася і станавілася ўсё больш яркай і папулярнай. Музыка, вершы, раманы. Тэатры, выдавецтвы, арт-прасторы. Канцэрты з поўнымі заламі. Клубы і тусоўкі ў нацыянальным аздабленні. Раманы Бахарэвіча і Марціновіча. Нобель Алексіевіч. Беларускі ютуб пра культуру. Беларускі афлайн, які дзе-нідзе нават стрымана прымалі на афіцыйным узроўні. Як тыя вышыванкі, што некалі кан'юнктурна надзявалі чыноўнікі кшталту Макея.
Культура жыла і працягвае жыць. Як і мова, якую спарахнелы рэжым ціха ненавідзіць. Як і людзі — носьбіты гэтага культурнага коду, што даўно саспелі для пабудовы новай краіны. Менавіта ў жывучасці — феномен і ўпэўненасць, што ўсё будзе добра.