Cмартфоны і бытавая тэхніка: ЗША пашырылі спіс тавараў, забароненых для экспарту ў Беларусь і Расію

ЗША пашырылі экспартныя абмежаванні ў дачыненні да Расіі і Беларусі, вынікае з паведамлення амерыканскага Мінгандлю. Пад новыя экспартныя абмежаванні ЗША патрапяць смартфоны даражэйшыя за $300 і бытавыя кавамашыны.

Фота з сайта utilizacia-btbu.ru

Фота з сайта utilizacia-btbu.ru


Увогуле новыя абмежаванні закрануць 276 кодаў таварнай наменклатуры. У тым ліку:

  • вентылятары (насценныя, падлогавыя, для дахаў),
  • кандыцыянеры паветра аптовым коштам больш за $750 у ЗША,
  • халадзільнікі даражэйшыя за $750,
  • пасудамыйкі,
  • электронныя вагі даражэйшыя за $100,
  • мікрахвалёўкі для хатняга выкарыстання,
  • бытавыя кавамашыны,
  • электрычныя тостары,
  • смартфоны даражэйшыя за $300,
  • гуказапісное і гукаўзнаўляльнае абсталяванне.

Абмежаванні распаўсюджваюцца на Расію і Беларусь.

Імаверна, гэта выклікана тым, што ў Беларусь і Расію забаронена пастаўляць мікраэлектроніку і чыпы, якія могуць выкарыстоўвацца ў расійскай зброі. Пасля гэтых санкцыяў стала вядоміа, што расійцы разбіраюць бытавую тэхніку і электроніку, а яе кампаненты выкарыстоўваюць, напрыклад, у ствараемых імі беспілотніках і ракетах.

Адначасова з падзеннем аб'ёмаў паставак у Расію і Беларусь заходні імпарт рэзка павялічыўся ў Турцыю, Арменію, Кыргызстан, Казахстан і краіны Цэнтральнай Азіі, паведамляе Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР). Гэта можа азначаць абыход санкцый.

Калі кампанія будзе заўважаная ў абыходзе санкцый, ёй пагражаюць «другасныя санкцыі» ЗША, у тым ліку забарона на правядзенне аперацый у доларах.