Сяргея Ціханоўскага этапавалі ў магілёўскую калонію
Сяргея Ціханоўскага этапавалі ў калонію №15 у Магілёве, паведамляюць праваабаронцы.

Сяргей Ціханоўскі — блогер, аўтар і вядучы YouTube- і Telegram-каналаў «Краіна для жыцця», апазіцыйны палітык, прадпрымальнік, палітычны зняволены. Лаўрэат прэміі імя Сахарава. Муж Святланы Ціханоўскай.
У сакавіку 2019 года Ціханоўскі стварыў YouTube-канал пад назвай «Краіна для жыцця», які распавядае пра сацыяльныя праблемы. За час яго блогерскай дзейнасці яго не раз затрымлівалі супрацоўнікі праваахоўных органаў.
Шырокую вядомасць атрымаў дзякуючы вылучэнні ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла Сяргею ў рэгістрацыі, і яго жонка, Святлана Ціханоўская, незадоўга да закрыцця прыёму заявак, падала свае дакументы на рэгістрацыю ў кандыдаты. Пасля таго, як Ціханоўскага адпусцілі са следчага ізалятара, ён узначаліў ініцыятыўную групу сваёй жонкі.
29 траўня 2020 года ў Гродне супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі Ціханоўскага на перадвыбарчым пікеце.
14 снежня 2021 года Сяргей быў прысуджаны да 18 гадоў турмы. Amnesty International прызнала яго вязнем сумлення, а беларускія праваабарончыя арганізацыі абвясцілі Ціханоўскага палітычным зняволеным і запатрабавалі яго неадкладнага вызвалення.
