«Дагэтуль на бальнічным і рэгулярна наведваю псіхолага». Як жыве Наталля Хершэ пасля беларускай турмы

«Ад самой беларускай турмы ўжо крыху адышла, але гэтая тэма па-ранейшаму застаецца для мяне балючай. Інакш і быць не можа. Я даю інтэрв’ю, і журналісты сваімі пытаннямі пастаянна вяртаюць мяне ў Беларусь за краты», — кажа Наталля Хершэ, грамадзянка Швейцарыі, якая 17 месяцаў знаходзілася ў беларускай турме.

11.jpg.jpg


Наталля Хершэ больш за дзесяць гадоў жыве ў Швейцарыі. У 2020 годзе, калі ў Беларусі праходзілі масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання на прэзідэнцкіх выбарах, прыехала ў Мінск і паўдзельнічала ў «жаночым маршы».
Сілавікі затрымалі яе і распачалі крымінальную справу: быццам яна аказвала супраціўленне супрацоўніку міліцыі.
7 снежня 2020 года суд Савецкага раёна Мінска прысудзіў Наталлі Хершэ 2 з паловай гады папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
У верасні 2021 года гомельскі суд прыняў рашэнне замяніць Наталлі рэжым на турэмны, пакаранне яна адбывала ў Турме №4.
18 лютага 2022 года пасля намаганняў швейцарскіх дыпламатаў Наталля Хершэ выйшла на волю і вярнулася ў Швейцарыю.
– Я да гэтага часу знаходжуся на бальнічным, – кажа Наталля nv-online.info – Рэгулярна наведваю псіхолага, які аказвае мне псіхалагічную дапамогу. Вядома, што бальнічны працягнуць яшчэ на шэсць месяцаў.
Акрамя таго, займаюся сілавым трэнінгам, хаджу на акупунктуру (ключавы кампанент традыцыйнай кітайскай медыцыны: лячэнне пры дапамозе ўздзеяння адмысловых іголак на актыўныя кропкі цела чалавека. – Аўт.) і чакаю накіравання на 6–8 тыдняў у санаторый. Адным словам, паціху прызвычайваюся да мірнага жыцця. Усё нармалізуецца, але, каб цалкам аднавіць арганізм пасля беларускай турмы, патрэбны час.
І добра было б яшчэ са сваімі кошкамі разабрацца, бо гэтая гісторыя таксама забірае мае маральныя сілы.
– Што гэта за гісторыя?
– У мяне былі тры кошкі, але пасля таго, як мяне асудзілі ў Беларусі, мой сябра Роберт, з якім мы раней жылі разам, аддаў іх іншым людзям. Я, натуральна, вельмі раззлавалася на яго, калі ён мне пра гэта паведаміў, але ўсё-такі жыла надзеяй, што забяру сваіх гадаванцаў, калі скончыцца тэрмін зняволення і я апынуся дома.
На жаль, не ўсё так проста. Я паспрабавала вырашыць пытанне з новымі гаспадарамі кошак шляхам мірнага ўрэгулявання, без суда, і ў адным выпадку гэта атрымалася. Чалавек пагадзіўся вярнуць мне кошку, але не бясплатна – за 1425 швейцарскіх франкаў (прыкладна 1480 долараў).
А спачатку і наогул патрабаваў 5000 франкаў за ўтрыманне кошкі за ўвесь перыяд, калі я адсутнічала. Праўда, адмовіўся ад сваіх патрабаванняў, калі даведаўся, што я збіраюся да збору сродкаў прыцягнуць грамадскасць. Відаць, пабаяўся, што гэта можа адбіцца на яго рэпутацыі і бізнесе. Да 18 жніўня я павінна аддаць за кошку 1425 франкаў.
Яшчэ дзве жывёлы былі прададзены жанчыне за 100 франкаў, і пакуль яна вяртаць іх не збіраецца наогул. Яе мае «прыгоды» ў беларускіх турмах абсалютна не кранулі, а з пункта гледжання швейцарскага права закон на яе баку.
Разумееце, ёсць людзі, якія думаюць толькі пра сябе. Яна танна купіла маіх кошачак – і добра. А з якімі гэта абставінамі звязана – яе не хвалюе. Хаця, безумоўна, у Швейцарыі ёсць шмат людзей, якія мне спачуваюць.
Ад рэдакцыі: сёння стала вядома, што прынамсі адну котку — Шанэль — атрымалася вярнуць. Праўда, за грошы: 1500 долараў сабралі праз ахвяраванні. Пра гэта Наталля напісала ў фэйсбуку.

292725101_5635390886485128_3390096781759085687_n.jpg


– Дзе вы зараз жывяце?
– 25 чэрвеня я зняла кватэру ў Цюрыху, дачка таксама пераехала сюды.
– Ужо не ўспамінаеце пра тое, што давялося перажыць у Беларусі?
– Ад самой беларускай турмы ўжо крыху адышла, але гэтая тэма па-ранейшаму застаецца для мяне балючай. Інакш і быць не можа. Я даю інтэрв’ю, і журналісты сваімі пытаннямі пастаянна вяртаюць мяне ў Беларусь за краты.
Удзельнічаю ў некаторых мерапрыемствах, дзе таксама гучыць тэма майго зняволення. Я лічу, што людзі ў той жа Швейцарыі павінны ведаць праўду пра тое, што са мной і іншымі людзьмі адбывалася пасля недэмакратычных выбараў 2020 года.
– Лічыце, што швейцарцам цікава тое, што адбывалася і адбываецца ў Беларусі?
– Многім насмарэч не ўсе нюансы зразумелыя. Цалкам зразумець сітуацыю ў Беларусі для іх – на мяжы немагчымага, бо швейцарцы жывуць абсалютна ў іншых рэаліях. Не могуць людзі ўявіць, што, напрыклад, у перапоўненай камеры можа не быць гарачай вады ці ўвесь час будзе гучна іграць радыё. Але гэта было, я асабіста прайшла праз такія пакуты. І тое, што я да гэтага часу хаджу да псіхолага, пацвярджае, што не ўсе вытрымліваюць такія выпрабаванні.
Калі я выйшла на волю, то ў мяне была, можна сказаць, эйфарыя, пэўны аптымізм. Але праз нейкі час я пераасэнсавала тое, што са мной адбылося. І зразумела, што ў мяне проста скралі паўтара года майго ўласнага прыватнага жыцця. І вось гэта мне яшчэ трэба будзе перажыць. Зараз у мяне гэта стаіць першым пунктам у парадку дня.
– За пяць месяцаў на волі вы ўжо асэнсавалі, які перыяд быў для вас самым складаным за 17 месяцаў зняволення?
– Самым складаным быў перыяд знаходжання ў Гомельскай калоніі. Думаю, гэта могуць пацвердзіць усе палітвязні, хто пабываў у гэтай установе.
Па-першае, для мяне там усё было на стрэсе. Гэта і абставіны, якія спрыялі з’яўленню разнастайных хвароб, і абставіны, якія не давалі супакоіцца і мець вольны час для сябе. Я знаходзілася ў стрэсавай сітуацыі 24 гадзіны ў суткі. Ахоўнікі маглі кантраляваць мяне і пасля адбою – уключалі святло і пералічвалі зняволеных. Усё гэта, безумоўна, уплывала і на фізічнае, і на маральнае здароўе.
Па-другое, менавіта з калоніяй у мяне звязаны пачатак усіх фізічных праблем. Калі нас толькі прывезлі туды, на пачатку сакавіка, пачаўся дагляд. Выдалі турэмныя рэчы па спісе. На вуліцы было мінус тры градусы, у каранціне мы знаходзіліся два тыдні. І ўвесь гэты час нас праз кожныя дзве гадзіны адпраўлялі на вуліцу для праверкі. Стаяць павінны былі 30 хвілін.
У першыя дні ў мяне запаліліся калені. Я не ведала, ад чаго гэта дакладна, бо ў перыяд пераезду ў Гомельскую калонію толькі выходзіла з галадоўкі. Але пасля зразумела, што ногі пачалі балець менавіта пасля праверак на марозе.
Я скардзілася на болі ў нагах, але лячэнне атрымала толькі на 12-ты дзень. Справа даходзіла да таго, што прысядала, а ўстаць ужо не магла.
Таксама і ў карцары складана было. І гэтыя складанасці ствараліся мэтанакіравана.
– Здавалася б, да грамадзянкі Швейцарыі стаўленне павінна быць больш лагодным…
– Стаўленне было такое, як і да ўсіх палітзняволеных, хаця мне дазвалялі спатканні з паслом, і гэта крыху падбадзёрвала. Я вельмі чакала сустрэчы з паслом, бо ён мне заўсёды прыносіў шмат навін. А я магла распавесці яму пра сваё становішча, пра праблемы са здароўем.
Але дыпламат паўплываць на сітуацыю не мог, мне даводзілася арганізоўваць медыцынскую дапамогу самой сабе.
– У калоніі вы працавалі ці прынцыпова адмаўляліся гэта рабіць?
– Спачатку я катэгарычна адмаўлялася працаваць на швейнай вытворчасці, але затым пайшла на кампраміс і сказала: «Добра, адзенне буду шыць. Але грамадзянскую форму, а не для сілавікоў». Спачатку са мной пагадзіліся, а затым ізноў сказалі: «Будзеш шыць уніформу».
Я адмовілася, пасля чаго мяне пазбавілі перадачы. Затым адправілі ў штрафны ізалятар на восем сутак, да якіх дадалі яшчэ дзесяць. Нягледзячы на тое, што болі ў суставах былі такія, што рухалася з цяжкасцю.
Доўгае знаходжанне ў карцары прывяло да таго, што ў мяне ўзнялася тэмпература, лопнулі крывяносныя сасуды на ступнях…
– А наколькі цяжка было ў маральным плане, калі стала вядома, што ваш сябра Роберт вырашыў спыніць з вамі стасункі?
– Даведалася пра гэта, калі была ў ПКТ (памяшканні камернага тыпу), але на што я магла паўплываць у тых умовах, у якіх знаходзілася? Роберт зрабіў свой выбар – я ўспрыняла гэта проста як факт.
– Зараз вы з ім падтрымліваеце пэўныя стасункі?
– Так, мы засталіся ў нармальных адносінах.
– Наколькі вядома, вам некалькі разоў прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але вы прынцыпова адмаўляліся. Чаму? Вы маглі б апынуцца на волі і раней…
– Па-першае, я не асуджаю ніводнага з тых, хто напісаў такое прашэнне, бо гэта справа кожнага. Але асабіста я лічыла непрымальнымі такія прапановы. Падпісваючы такое прашэнне, я фармальна пагаджалася з тымі абвінавачаннямі, што мне прад’явілі, хаця я ж сваю віну не прызнала. Дык чаму я павінна была падпісваць нейкія прашэнні? Я не магла наступіць на горла ўласнай песні і пайсці на здзелку з сумленнем. Таму і шыць форму для сілавікоў адмаўлялася.
– Ці не шкадуеце сёння, што два гады таму прыехалі ў Беларусь, у выніку чаго апынуліся ў калоніі?
– Скажу шчыра: калі б дакладна ведала, што мяне чакае турма, то наўрад ці паехала б у Беларусь. Напэўна, не хапіла б мужнасці і жадання праходзіць праз такія выпрабаванні.
Але калі я ўспамінаю час, які правяла за кратамі, то разумею, што і сёння паводзіла б сябе гэтаксама. Тут нічога не змянілася б.
– Ці падтрымліваеце сувязь з тымі, з кім адбывалі пакаранне?
– З адной жанчынай перапісваемся, з баскетбалісткай Ленай Леўчанка, з якой мы разам былі на Акрэсціна, таксама на сувязі. Не губляемся.
– У вас зараз няма ніякіх забарон на прыезд у Беларусь?
– Калі пасля выхаду з турмы я толькі прыляцела ў Швейцарыю, журналісты ў мяне спыталіся: «Вы яшчэ паедзеце ў Беларусь?» Я адказала: «А чаму б не? Мяне ж памілавалі».
Але цяпер усё выглядае інакш. Я дала вельмі шмат інтэрв’ю, распавядала пра тое, што перажыла, і не выключаю, што мне могуць адпомсціць. Можна зноў трапіць туды, адкуль выйшла ў лютым гэтага года. Таму, скажу шчыра, у бліжэйшы час я не збіраюся ні ў Беларусь, ні ў Расію.
Буду аднаўляць здароўе, займацца вяртаннем сваіх кошак. Яны для мяне як невялікі кавалачак майго мінулага. Паўтара года жыцця ў мяне скралі, дык хаця б кошачак вярнуць…
Сяргей Заблоцкі, nv-online.info