Трое сядзяць, пяцёра ў эміграцыі. Ці памятаеце вы ўсіх, хто меўся балатавацца ў прэзідэнты ў 2020-м?

Два гады таму — у траўні 2020-га — у Беларусі пачалася палітычная кампанія да прэзідэнцкіх выбараў. Аб намеры балатавацца на галоўную дзяржаўную пасаду заяўлялі многія, але зарэгістравалі свае ініцыятыўныя групы толькі 15 ахвотнікаў. Ці памятаеце вы ўсіх? Ці ведаеце, дзе яны зараз і што з імі стала? Калі не, то чытайце-гартайце — мы вырашылі нагадаць.

1__5__6.jpg

Алег Гайдукевіч

Рэальным прэтэндэнтам на прэзідэнцкую пасаду старшыня «Ліберальна-дэмакратычнай партыі» не ўспрымаўся. Хутчэй, намер удзельнічаць у выбарах ён проста прыняў у спадчыну ад бацькі — Сяргея Гайдукевіча, які быў статыстам у кампаніях 2001, 2006 і 2015 гадоў.


haydukevich.jpg

Аднак і паўнавартасным кандыдатам Гайдукевіч-малодшы не стаў. Зарэгістраваўшы сваю ініцыятыўную групу, неўзабаве ён абвясціў аб сыходзе з дыстанцыі. Вядома, на карысць Аляксандра Лукашэнкі, бо «нельга дапусціць развалу краіны».

Зараз дэпутат Алег Гайдукевіч вядзе той жа лад жыцця, што і да 2020-га. Актыўна падтрымлівае рэжым у дзяржаўнай прэсе. Ганіць апанентаў улады, якіх варта «прывозіць з-за мяжы ў багажніку адразу ў СІЗА». Удзельнічае ў праўладных пікетах каля ўкраінскай амбасады.

За нібыта спробу падпалу яго дома ў жніўні 2021-га неўзабаве будуць судзіць сям'ю палітвязняў Вайцяховічаў.


Наталля Кісель

kisel.jpg

Мала вядомая ў палітычных колах індывідуальная прадпрымальніца прадстаўляла ў перадвыбарчай кампаніі яшчэ менш вядомую асацыяцыю грузаперавозчыкаў «Рэгіён 8». На выбары вылучалася з цьмянымі мэтамі — кіруючую ролю Лукашэнкі не адмаўляла, ад крытыкі рэжыму ў інтэрв’ю ўсяляк ухілялася, казала, што проста хоча звярнуць увагу на праблемы дробнага бізнесу. У выніку зняла сваю кандыдатуру ў чэрвені 2020-га.

Ад той пары ў публічнай прасторы не з’яўлялася. Можна меркаваць, вярнулася да працы ў сферы грузаперавозак.

Юрый Губарэвіч



hubarevich.jpg


Непасрэдны ўдзел у выбарах кіраўніка руху «За Свабоду» быў нядоўгім. Яшчэ ў чэрвені праз рэпрэсіі Юрый Губарэвіч зняў сваю кандыдатуру, але застаўся ў працэсе ў якасці палітыка і актывіста. Уваходзіў у Каардынацыйную раду, пазней — у Народнае антыкрызіснае ўпраўленне. За правядзенне пікета атрымаў адміністрацыйны арышт на 15 сутак.

Пасля выбараў патрапіў у поле зроку сілавікоў. Тыя прыходзілі па месцы яго прапіскі з ператрусам.
Затрымлівалі (і пазней аштрафавалі) яго былую жонку Стасю. У ліпені 2021-га быў фактычна разгромлены — з блакаваннем банкаўскіх рахункаў і апячатаннем офіса — і рух «За Свабоду».

Мяркуючы па сацсетках, зараз Юрый Губарэвіч за мяжой. Месяц таму ён выклаў у сваім фэйсбуку відэа, на якім кіруе аўто на дарозе з левабаковым рухам.


Алесь Таболіч

tabolich.jpg


Невядома з якіх прычын лідар фолк-гурта Znich вырашыў пайсці ў палітыку, аднак далей за статус «кандыдата ў кандыдаты» ён у 2020-м не прасунуўся. Пасля зняцця сваёй кандыдатуры музыка яшчэ больш за год заставаўся ў Беларусі, але потым з’ехаў у Варшаву. Папярэдне развёўся з жонкай, з якой пражыў дзесяць гадоў.

У Польшчы Алесь актыўна займаецца музыкай. 25 сакавіка на Дзень Волі гурт Znich удзельнічаў у супольным канцэрце ва Уроцлаве.



Юрый Ганцэвіч

Вылучэнне на прэзідэнцкія выбары фермера, трактарыста і блогера Юрыя Ганцэвіча ад самага пачатку нагадвала флэшмоб. Эксцэнтрычны аўтар Ютуб-канала «Прыгоды казы Машкі», які ў вёсцы на Гомельшчыне разводзіць коз, кароў і авечак, раней спрабаваў балатавацца і ў дэпутаты, але нічога з той задумы не атрымалася.


hanzevich.jpg

Не атрымалася і з прэзідэнцтвам. Зарэгістраваўшы ініцыятыўную групу з 173 чалавек, неабходнай колькасці подпісаў фермер не сабраў, і яго кандыдатуру не ўхвалілі.
Нягледзячы на пераслед (былі затрыманні, суды і штрафы), Юрый Ганцэвіч заставаўся ў Беларусі і рэгулярна абнаўляў свой канал у Youtube.


Аднак нядаўна стала вядома, што яго асудзілі па наркатычным артыкуле.

Фермера абвінавацілі ў тым, што з красавіка 2020-га па жнівень 2021 года ён нібыта працаваў на інтэрнэт-краму наркотыкаў: атрымліваў тавар у Расіі, фасаваў і рабіў закладкі ў Гомельскай вобласці. Крымінальная справа разглядалася ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля. Ганцэвіча прысудзілі да пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Тэрмін пакуль невядомы.


Уладзімір Няпомняшчых

niapomniashchyh_04.jpg


Пенсіянер, грамадскі актывіст і сябар «Аб’яднанай грамадзянскай партыі», Уладзімір Няпомняшчых таксама не здолеў сабраць належнай колькасці подпісаў і сышоў з прэзідэнцкай гонкі задоўга да яе фактычнага пачатку. У снежні 2020 года 68-гадовага на той момант Юрыя Няпомняшчых затрымалі — за тое, што падчас суду над іншым актывістам ён занадта моцна выказаўся на адрас суддзі і пракурора («арганізаваная злачынная група» і «некаторыя словы яшчэ»).
Увесну 2021-га актывіста асудзілі паводле двух крымінальных артыкулаў на 2,5 гады зняволення. Тэрмін палітвязень адбывае ў магілёўскай калоніі.

Мікалай Казлоў

kazloy.jpg


Напрыканцы мінулага года лідар «Аб’яднанай грамадзянскай партыі» пачаў адбываць трохмесячны крымінальны арышт, да якога быў прысуджаны за разгалошванне звестак па справе Каардынацыйнай рады. 26 сакавіка палітвязень выйшаў на волю.
Затрымлівалі Мікалая Казлова і раней, хіба толькі змяшчалі за краты па адміністрацыйных артыкулах. Тым не менш палітык застаецца ў Беларусі і з’язджаць не збіраецца. Больш за тое, нават мае намер абскардзіць свой крымінальны прысуд.
А вось да свайго ўдзелу ў выбарчай кампаніі-2020 былы палітзняволены, напэўна, пытанняў не мае. У выніку працы яго ініцыятыўный групы патрэбная колькасць подпісаў сабраная не была, таму зарэгістравацца Мікалай Казлоў не здолеў.

Вольга Кавалькова



kavalkova_2.jpg


Спаслаўшыся на пандэмію каронавіруса, сустаршыня «Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі» адмовілася збіраць подпісы за сваю кандыдатуру, таму на стадыі рэгістрацыі прэтэндэнтаў яе ўдзел у выбарах скончыўся.
Неўзабаве яна стала даверанай асобай Святланы Ціханоўскай, пасля ўвайшла ў Каардынацыйную раду.
24 жніўня 2020-га, калі Беларусь ахапілі пратэсты, Вольгу Кавалькову затрымалі на прахадной МТЗ падчас сустрэчы з рабочымі-страйкоўцамі. На пачатку верасня, уначы, сілавікі вывезлі палітыка на мяжу з Польшчай і прымусілі пакінуць Беларусь. У адваротным выпадку, як потым распавядала сама Вольга, ёй пагражалі вялікім тэрмінам у калоніі.
На сёння Кавалькова па-ранейшаму знаходзіца ў эміграцыі, дзе займаецца палітыкай у якасці сябра прэзідыуму Каардынацыйнай рады.

Валерый Цапкала

Былы кіраўнік Парка высокіх тэхналогій не быў зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты. ЦВК забракавала частку сабраных яго камандай подпісаў, прычым так, што астатніх не хапіла для патрэбнай колькасці ў 100 тысяч.
Абурацца рашэннем Цэнтрвыбаркама ў Валерыя Цапкалы часу асабліва не было — яму яскрава «засвяціў» крымінальны пераслед. Праз гэта, яшчэ ў ліпені 2020-га, ён з’ехаў з краіны. У выбарчым працэсе засталася яго жонка Вераніка, якая ўвайшла ў каманду Святланы Ціханоўскай.
Цапкала спачатку жыў у Маскве, потым у Латвіі, а яшчэ пазней разам з сям’ёй пераехаў у Грэцыю. З палітыкі не сыходзіць, час ад часу выступае з рознымі ініцыятывамі. Працягвае крытыкаваць беларускі рэжым у прэсе, летась аб’явіў збор сродкаў на арышт Лукашэнкі. З агучаных 11 мільёнаў еўра ўдалося назапасіць, паводле слоў палітыка, толькі 500 тысяч.

Віктар Бабарыка

babaryka_new.jpg


Шматгадовы кіраўнік «Белгазпрамбанка» заявіў аб намеры балатавацца 12 траўня 2020-га, а ўжо 18 чэрвеня яго затрымалі разам з сынам Эдуардам. За месяц з нечым банкір зрабіў такую працу, што паводле незалежных сацыялагічных ацэнак, з’яўляўся адназначным фаварытам прэзідэнцкай гонкі. Пры ўмове, зразумела, каб галасы лічыліся сумленна.
Але якія тут галасы — Бабарыку як пасадзілі, так ён і сядзіць. Зарэгістравацца кандыдатам у прэзідэнты яму не далі, нягледзячы на больш за 400 тысяч сабраных подпісаў.
Крымінальная справа паводле эканамічных абвінавачанняў адразу была названая палітычнай — «палітычным» стаў і прысуд. 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Пакаранне Віктар Бабарыка адбывае ў Наваполацку. Віну ў судзе ён не прызнаў. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.
Да буйных тэрмінаў калоніі пазней былі асуджаныя і паплечнікі былога банкіра — Марыя Калеснікава і Максім Знак. Суда над Эдуардам Бабарыкам пакуль не было.

Сяргей Чэрачэнь

cherechen.jpeg


Лідар БСДГ роўна прайшоў праз выбары і не меў праблем з сілавымі структурамі. Зараз займаецца справамі партыі, робіць допісы ў сацсетках, запісвае ролікі ў Youtube.
19 красавіка яго імя згадвалася ў медыя ў кантэксце зачыстак незалежных прафсаюзаў. Сяргей Чэрачэнь якраз заехаў па справах у офіс РЭП, калі туды ўварваліся з пастановай аб ператрусе людзі ў чорным. Былога кандыдата ў прэзідэнты яны не затрымалі — толькі «паставілі тварам да сцяны, потым дазволілі прысесці».

Андрэй Дзмітрыеў

dzmitryey.jpg


Пра эміграцыю сустаршымі руху «Гавары праўду» нідзе не паведамлялася. Андрэй Дзмітрыеў на волі, ён не маўчыць — працягвае весці свой Ютуб-канал, дзе рэгулярна абнаўляецца кантэнт з крытыкай існай улады. Пасля выбараў быў заўважаны на пратэстах, уваходзіў у шэрагі дэлегатаў платформы «Сход».
12 жніўня 2021-га, калі ўлады якраз разгарнулі атаку на «Сход», былога кандыдата ў прэзідэнты затрымлівалі. Але ў той жа вечар ён выйшаў на волю і вярнуўся дадому. Пасля вызвалення распавёў, што праз падпіску аб неразгалошванні не можа патлумачыць увагу да сябе з боку сілавікоў. Толькі адзначыў: «Спіс артыкулаў — велізарны».

Ганна Канапацкая

kanapatskaya_1.jpg


Шмат хто лічыў яе галоўным спойлерам Лукашэнкі, і яна асабліва гэта не абвяргала. Крытыкавала іншых кандыдатаў, адмовілася ад тэледэбатаў, заявіўшы, што не хоча марнаваць на гэта час, маўляў, «мне неўзабаве яшчэ краінай кіраваць». Не захацела таксама праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі.
Пасля выбараў медыйная актыўнасць Канапацкай міжволі звялася да мінімуму. Раней яна расказвала, што займаецца юрыдычнай дзейнасцю, часам падарожнічае. Выглядае, што жанчына застаецца ў Беларусі, бо аніякага пераследу не зазнала.
Апошні яе допіс у фэйсбуку датаваны 24 лютага, калі экс-кандыдатка заявіла аб датэрміновым удзеле ў рэферэндуме. Тэлеграм-канал палітыка (154 падпісчыкі) маўчыць увогуле з ліпеня 2020-га — тады яна прапанавала аўдыторыі пазнаёміцца з яе перадвыбарчай праграмай.

Святлана Ціханоўская

tsihanouskaya.jpg


Спачатку балатавацца хацеў блогер і актывіст Сяргей Ціханоўскі. Аднак такой магчымасці ўлады яму не далі, і тады ў прэзідэнты рашуча рушыла яго жонка. Цэнтрвыбаркам, як лічыцца, дапусціў Святлану Ціханоўскую да выбараў «па прыколу» — как паздзекавацца з «кухаркі», якая ніколі не займалася палітыкай.
«Паздзекаваліся» так, што дагэтуль ачухацца не могуць. Перад выбарамі ўзнялася нечуваная хваля падтрымкі Ціханоўскай, пасля 9 жніўня — беспрэцэдэнтныя па колькасці ўдзельнікаў акцыі пратэсту, якія працягваліся амаль чатыры месяцы.
Сама Святлана Ціханоўская неўзабаве пасля выбараў была вымушана з’ехаць з Беларусі. Зараз яна ў Літве, дзе разам з паплечнікамі адстойвае беларускія інтарэсы на дыпламатычнай арэне. За гэты час яна паспела сустрэцца амаль з усімі заходнімі лідарамі, у тым ліку з кіраўнікаміт ЕС і прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам.

Аляксандр Лукашэнка

lukashenka_2.webp


Застаўся ва ўладзе, здушыўшы пратэсты паводле метаду «часам не да законаў». Пячорны гвалт, бессаромныя прысуды па прыдуманых абвінавачаннях, сярэднявечныя рэпрэсіі да ўсіх нязгодных, дэманстратыўны разгром грамадзянскай супольнасці. Рэкордная ў Еўропе са сталінскіх часоў колькасць палітвязняў. Санкцыйная аблога. Палітычная ізаляцыя і татальная нелегітымнасць.
У ліпені будзе 28 гадоў, як ён ва ўладзе, хаця любіць сказаць, што даўно яе «наеўся».

Замест пастскрыптуму

Паводле афіцыйных вынікаў, якія былі агучаныя ЦВК з Лідзіяй Ярмошынай на чале, Аляксандр Лукашэнка перамог на выбарах, набраўшы 80,1% галасоў. Святлана Ціханоўская стала другой — 10,12%, у астатніх кандыдатаў зусім сціплыя лічбы. У Ганны Канапацкай — 1,68%, у Андрэя Дзмітрыева — 1,21%, у Сяргея Чэрачня — 1,14. Супраць усіх нібыта прагаласавалі 4,59% выбаршчыкаў, несапраўднымі прызнаныя 1,15% бюлетэняў.
Сфальсіфікаванымі вынікі выбараў лічаць нават многія прыхільнікі дзеючай улады.