Гомельскага фермера і «народнага дэпутата» Юрыя Ганцэвіча асудзілі па наркатычным артыкуле

Гомельскага фермера, былога ўдзельніка выбараў Юрыя Ганцэвіча асудзілі паводле наркатычнага артыкула. У эфіры навін рэгіянальнага тэлеканала ў пятніцу яго паказалі ў клетцы ў зале суда.

gancevich2.jpg

Як паведамляецца ў сюжэце, мужчыну абвінавацілі ў тым, што з красавіка 2020-га па жнівень 2021 года ён працаваў на інтэрнэт-краму наркотыкаў: атрымліваў тавар у Расіі, фасаваў і рабіў закладкі ў Гомельскай вобласці. Па даных следства, ён паспеў збыць псіхатропы як мінімум сямі пакупнікам, зарабіўшы каля 160 тыс. рублёў, распавядае найбуйнейшы беларускі партал (прызнаны «экстрэмісцкім»).

Крымінальная справа разглядалася ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля. Мужчыну прысудзілі да пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Тэрмін не ўдакладняецца.

Імя асуджанага ў навінах не назвалі, але яго паказалі ў клетцы ў зале суда. Гэта Юрый Ганцэвіч.

Ганцэвіч — фермер і ўладальнік аграсядзібы пад Гомелем. Ён вылучаўся ў дэпутаты на парламенцкіх выбарах 2019 года і пазіцыянаваў сябе як прыхільнік Сяргея Ціханоўскага і «Краіны для жыцця», завёў блог «Народны дэпутат», на сваіх пікетах ладзіў шоў з козамі.

Вясной 2020 года Ганцэвіч абвясціў, што балатуецца ў прэзідэнты, быў адным з дзясяткаў кандыдатаў «Краіны для жыцця», але подпісы не збіраў.