Справа фігурантаў фільма «Манкурты» дайшла да суда
9 верасня пачнецца судовы працэс над фігурантамі фільма «Манкурты», паведамляюць праваабаронцы.
31 сакавіка 2021 года на дзяржтэлеканале АНТ выйшаў фільм «Аперацыя КДБ “Манкурты“», нібыта пра спецаперацыю па пошуку «здрадніка» ўнутры КДБ. У фільме паведамілі пра затрыманне падпалкоўніка КДБ Аляксея Храловіча, якога праваабаронцы прызналі палітвязнем.
Згодна з фільмам, Храловіч меў дачыненне да перадачы Сцяпану Пуцілу ў лістападзе 2020-га аўдыя размоў прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант з рознымі службовымі асобамі. Таксама паведамлялася, што Аляксея затрымалі і далучылі да аператыўнай гульні, каб выявіць шляхі эвакуацыі беларусаў, якіх могуць пераследаваць па палітычных матывах.
Паводле АНТ, сілавікі затрымалі Вячаслава Сідаракіна, Юрыя Гаркача, Сяргея Старчанку, Уладзіміра Трыфанава і Вольгу Саламенік.
9 верасня ў Мінскім гарадскім судзе пачнецца судовы працэс па справе Вячаслава Сідаракіна, Сяргея Старчанкі і Юрыя Гаркача. Першым двум інкрымінаваныя ч.3 арт. 295 Крымінальнага кодэкса («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў») і ч.1 ч.2 арт. 333-1 КК («Незаконнае перамяшчэнне праз мяжу атрутных рэчываў, агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў»), Юрыю Гаркачу — ч.2 арт. 295 КК.
Справу ў закрытых судовых пасяджэннях будзе разглядаць суддзя Святлана Бандарэнка.
Нагадаем, былога падпалкоўніка КДБ Храловіча ў сакавіку 2022 года асудзілі да 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачванні ў здрадзе дзяржаве. Кіраўнік КДБ Іван Церцель пацвердзіў, што КДБ выявіў у сваіх шэрагах «шпіёна» — ім нібыта аказаўся 37-гадовы Храловіч. У фільме паказвалася, што ён перадаў пастановачныя запісы тэлефонных размоў Наталлі Эйсмант з памочнікам Лукашэнкі Мікалаем Латышонкам і кіраўніком федэрацыі хакея Дзмітрыем Баскавым тэлеграм-каналу Пуцілы. Гэтыя «праслушкі», як сцвярджалі аўтары фільма, былі выраблены спецыяльна, каб раскрыць Храловіча