Аляксея Храловіча асудзілі да 10 гадоў за апрылюдніванне тэлефанаванняў Эйсмант

Мінгарсуд прысудзіў былога падпалкоўніка КДБ Храловіча да 10 гадоў калоніі па абвінавачванні ў здрадзе дзяржаве.

hralovicz.jpg

Аляксея Храловіча, былога падпалкоўніка КДБ, асудзілі да 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за «зліў» тэлефонных размоваў Эйсмант.  Аляксея абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» (частка 2 артыкула 356 КК). Згодна з прысудам, Храловіч пазбаўлены звання «падпалкоўнік»; яму прызначаны штраф у памеры 500 базавых велічынь (16 000 рублёў).

Здрада  выявілася ў перадачы Сцяпану Пуцілу ў лістападзе 2020 аўдыё размоваў прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант з рознымі службовымі асобамі.

Нагадаем, 31 сакавіка 2021 года на дзяржтэлеканале АНТ выйшаў фільм «Манкурты», нібыта пра спецаперацыю па пошуку “здрадніка” ўнутры КДБ і выкрыцці «формаў і метадаў працы замежных спецслужбаў, усіх удзельнікаў агентурнай сеткі і каналаў эвакуацыі з Беларусі асоб, якія маюць дачыненне да шпіёнскай дзейнасці». Адзін з герояў фільма — затрыманы падпалкоўнік КДБ Аляксей Храловіч, адзначае Медыязона.

Кіраўнік КДБ Іван Церцель сцвярджаў, што КДБ выявіў у сваіх шэрагах «шпіёна»  — ім нібыта аказаўся 37-гадовы Храловіч. У фільме сцвярджалася, што ён перадаў пастановачныя запісы тэлефонных размоў Наталлі Эйсмант з памочнікам Лукашэнкі Мікалаем Латышонкам і кіраўніком федэрацыі хакея Дзмітрыем Баскавым тэлеграм-каналу Пуцілы. Гэтыя «праслушкі», як сцвярджалі аўтары фільма, былі выраблены спецыяльна, каб раскрыць Харловіча.