Блогера і прадзюсара Уладзіслава Савіна асудзілі на 8 гадоў калоніі

Блогера і прадзюсара Уладзіслава Савіна асудзілі на 8 гадоў калоніі за нібыта махлярства ў рэаліці-шоў і арганізацыю пратэстаў, паведамляюць праваабаронцы.

savin_3003.jpg


Прысуд вынесла суддзя Заводскага раёна сталіцы Анжэла Касцюкевіч. Працэс працягваўся чатыры месяцы, піша Еўрарадыё.

34-гадовага Савіна вінавацілі ў махлярстве ў буйным памеры (ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэкса) і арганізацыі і ўдзеле ў несанкцыянаваных акцыях пратэсту (арт. 342 КК). Першае абвінавачанне датычылася падзеяў 2015-2016 года: Савін паабяцаў больш як 100 чалавекам удзел у першых у Беларусі рэаліці-шоў, але не забяспечыў гэтага.

Другое абвінавачанне вынеслі за тое, што блогер удзельнічаў у трох маршах пратэсту ў 2020 годзе і выстаўляў відэаролікі на сваёй старонцы ў Instagram.

У сваім апошнім слове Савін звярнуўся да пракурора: «Вы разумееце, што абвінавачванне заведама невінаватага — гэта таксама злачынства, грамадзянін пракурор? Вы разумееце, што любая крымінальная справа праз пяць гадоў, праз 10 будзе паднятая? І вы як абвінаваўца можаце трапіць на маё месца. Вы хоць гэта разумееце?».