На АНТ расказалі пра арышт падпалкоўніка КДБ і афіцэра Генштаба
Увечары 31 сакавіка на тэлеканале АНТ расказалі пра арышт падпалкоўніка КДБ і афіцэра Генштаба. Былі паказаны дзве часткі фільма «Аперацыя КДБ "Манкурты"», паведамляе «Еўрарадыё».

У фільме паведамляецца, што восенню 2020-га ў КДБ быў вылічаны «здраднік», які збіраўся перадаць за мяжу сакрэтныя даныя, — падпалкоўнік Аляксей Храловіч. Яго затрымалі і далучылі да аператыўнай гульні з палітэмігрантамі. Сцвярджаецца, што аўдыёзапісы некалькіх людзей з улады, якія летась былі апублікаваныя, былі пастаноўкай («следчым эксперыментам»), пра што Храловіч не ведаў. Далей з яго дапамогай КДБ спрабаваў выявіць шляхі эвакуацыі з Беларусі людзей, якім пагражала небяспека арышту — ён дамаўляўся пра сваю «эвакуацыю». У выніку за краты трапіла група людзей, якая яму мусіла дапамагчы.
Таксама ў фільме расказалі пра арышт капітана Дзяніса Урада, які падчас дзяжурства ў Генштабе сфатаграфаваў сакрэтны ліст міністра ўнутраных спраў міністру абароны і адправіў яго аднаму тэлеграм-каналу.
Арыштаваным пагражаюць працяглыя тэрміны зняволення.