Клінтан пашкадаваў, што пакінуў Украіну без ядзернай зброі

Былы прэзідэнт ЗША Біл Клінтан пашкадаваў аб сваёй ролі ў ядзерным раззбраенні Украіны ў 1990-х гадах, выказаўшы здагадку, што наяўнасць ядзернай зброі магла б засцерагчы Украіну ад расійскага ваеннага ўварвання.

Біл Клінтан у Беларусі, 1995 год. Фота з fotostrana.ru

Біл Клінтан у Беларусі, 1995 год. Фота з fotostrana.ru


«Я адчуваю асабістую датычнасць, таму што я прымусіў іх пагадзіцца на адмову ад ядзернай зброі. І ніхто з іх не верыць, што Расія пайшла б на гэта (уварванне), калі б Украіна ўсё яшчэ мела сваю зброю», — сказаў Клінтан у інтэрв'ю ірландскаму вяшчальніку «RTÉ», перадае АФН.

Па словах Клінтана, ён ведаў, што Уладзімір Пуцін, у адрозненне ад яго папярэдніка Барыса Ельцына, не падтрымаў бы аналаг Будапешцкага мемарандума — дакумента, які прадугледжваў «гарантыі бяспекі» для Кіева ў абмен на адмову ад ядзернай зброі.

«Яны (украінцы) баяліся аддаць яе (ядзерную зброю), бо думалі, што гэта адзінае, што абараняла іх ад экспансіянісцкай Расіі. Пуцін, калі ўбачыў магчымасць, парушыў пагадненне і спачатку захапіў Крым. І я праз гэта адчуваю сябе жудасна, таму што Украіна з'яўляецца вельмі важнай краінай», — падкрэсліў ён.


Экс-прэзідэнт ЗША падкрэсліў, што падтрымка Украіны з боку Захаду павінна заставацца непахіснай.

«Я лічу, тое, што зрабіў спадар Пуцін, было вельмі няправільным, і я лічу, што Еўропа і Злучаныя Штаты павінны працягваць падтрымліваць Украіну. Можа наступіць час, калі ўкраінскі ўрад паверыць, што зможа дасягнуць мірнага пагаднення, з якім зможа жыць, але я не думаю, што мы павінны адмаўляцца ад падтрымкі», — сказаў ён.