406-ты дзень вайны. Эрдаган заявіў пра неабходнасць рэформы Рады Бяспекі ААН
Армія Расіі не спыняе спроб наступу ў раёне Бахмута, але яе поспехі застаюцца абмежаванымі. Украінскія войскі працягваюць бараніць тэрыторыю краіны і не паддаюцца на ядзерны шантаж Пуціна.
Генштаб УСУ
Паводле ранішняй зводкі Геншатаба УСУ, армія РФ не спыняе наступальных дзеянняў на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. Украінскія вайскоўцы цягам дня адбілі больш за 60 атак РФ. У эпіцэнтры баявых дзеянняў застаюцца Бахмут і Мар'інка.
Адзначаецца, што на Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках аператыўная абстаноўка без істотных змен, прыкмет фарміравання наступальных груповак не выяўлена.
Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі УСУ разбілі 3 пункты кіравання, 2 раёны засяроджвання жывой сілы, 2 рэактыўныя сістэмы залпавага агню БМ-21 «Град» і станцыю радыёэлектроннай барацьбы праціўніка. Таксама збіты расійскі высокадакладны БПЛА тыпу «Куб».
Абстрэлы Украіны
У аўторак расійскія войскі цягам дня абстрэльвалі Данецкую вобласць, у выніку, паводле звестак мясцовай пракуратуры, загінулі 6 і паранены 7 чалавек. Больш за ўсё пацярпела поўнач вобласці, дзе вёўся абстрэл ракетамі, артылерыяй і рэактыўнымі сістэмамі залпавага агню «Град».
Як гаворыцца ў заяве Данецкай абласной пракуратуры, у эпіцэнтры расійскіх удараў апынуліся жылыя кварталы, пацярпелі прыватныя і шматкватэрныя дамы, адміністрацыйныя будынкі і гаспадарчыя пабудовы.
Амаль 300 снарадаў войскі РФ выпусцілі па Херсоншчыне. У выніку варожых нападаў пацярпелі тры мірныя жыхары, ёсць траплянні ў жылыя дамы, будынак школы і прыватнага прадпрыемства. За мінулыя суткі армія РФ абстраляла Херсонскую вобласць 50 разоў.
Мэр часова акупаванага Расіяй Мелітопаля Іван Фёдараў паведаміў, што ў горадзе раніцай 5 красавіка быў чутны выбух у паўночна-заходнім раёне горада. Раней у Мелітопалі падарвалі аўтамабіль калабаранта, які ўзначальваў акупацыйную «адміністрацыю» пгт Акімаўка ў Запарожскай вобласці.
Бахмут
Геалакаваныя відэа ад 3 красавіка паказваюць, што сілы ПВК «Вагнер» прасунуліся да стадыёна «Авангард» у паўднёвай частцы Бахмута. Расійскія крыніцы сцвярджаюць, што ўкраінскія сілы паступова адыходзяць у заходнюю частку горада. Гэта і спробы «Вагнера» намацаць уразлівыя ўчасткі на новым рубяжы абароны могуць прывесці да часовага запаволення тэмпаў расійскага наступу ў Бахмуце, мяркуюць у амерыканскім Інстытуце вывучэння вайны (ISW).
У Мінабароны ЗША лічаць, што ва УСУ ёсць сілы і сродкі для пераходу ў наступ, у тым ліку і дзякуючы дапамозе ЗША: «Паколькі мы дапамагаем ім выставіць гэтыя нядаўна абучаныя сілы, у іх сапраўды ёсць магчымасці, каб быць у стане перайсці да любой наступнай фазы».
Узброеныя сілы Украіны правялі контратаку на поўдзень ад Аўдзееўкі, адзначылі ў Інстытуце вывучэння вайны (ISW).
ААН і ядзерны шантаж
У ISW таксама зазначылі, што Расія спрабуе выкарыстоўваць ядзерныя пагрозы, каб стрымаць Заходнюю вайсковую дапамогу Украіне перад контрнаступленнем УСУ. Адзначаецца, што 4 красавіка міністр абароны РФ Сяргей Шайгу апраўдваў пастанову размясціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі, абвінавачваючы NATO ў актывізацыі баявой падрыхтоўкі і выведкі ля меж.
«Шайгу ўзмацніў існыя расійскія ядзерныя пагрозы, заявіўшы, што Беларусь мае ядзерныя штурмавікі і ядзерныя ракеты «Іскандэр-М», і дадаў, што 3 красавіка беларускія ракетныя войскі пачалі навучанне працы з комплексамі «Іскандэр-М», у прыватнасці, з ужываннем тактычнай ядзернай зброі», — сказана ў справаздачы ISW.
Расійскія акупацыйныя ўлады на поўдні Украіны назвалі хлуснёй украінскія заявы аб падрыхтоўцы эвакуацыі з гэтых рэгіёнаў. Гэтыя органы наогул рэдка рэагуюць на заявы Кіева, тым больш аб эвакуацыі грамадзянскага насельніцтва, і тое, што цяпер яны гэта зрабілі, можа сведчыць аб іх сумневах у трываласці расійскага кантролю над гэтымі тэрыторыямі.
Расія, якая старшынюе ў гэтым месяцы ў Радзе Бяспекі ААН, правядзе нефармальнае пасяджэнне на тэму «эвакуацыі дзяцей» з зоны баявых дзеянняў і ў якасці эксперта запрасіла ўпаўнаважаную па правах дзіцяці Расіі Марыю Львову-Белову. Тая выступіць па відэасувязі, але ніякай афіцыйнай трансляцыі не будзе: супраць гэтага выступіла брытанская дэлегацыя, якая заявіла, што Львовай-Бяловай нельга даваць трыбуну ў ААН для распаўсюджвання дэзынфармацыі.
Нагадаем, што Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт Львовай-Бяловай нароўні з Уладзімірам Пуціным. Яна падазраецца ў дачыненні да выкраданняў украінскіх дзяцей.
На фоне старшынства Расіі ў Радзе бяспекі ААН прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган заклікаў тэрмінова правесці «інклюзіўную і ўсёабдымную» рэформу гэтага органа. Пра гэта ён сказаў, выступаючы на вячэры з замежнымі амбасадарамі і дыпламатамі ў Анкары.
«Цяперашні парадак, які заключае лёс чалавецтва ў пастку паміж вуснамі пяці краін, не з'яўляецца ўстойлівым. Вельмі неабходна, каб РБ ААН была рэфармавана з інклюзіўным і ўсёабдымным разуменнем», — заявіў ён.
Нагадаем, што раней Украіна рабіла намаганні, каб выключыць Расію з Рады Бяспекі ААН.
З 1 красавіка пачаўся месячны тэрмін, на працягу якога старшынёй Рады Бяспекі ААН будзе Расія, якая з'яўляецца таксама пастаянным членам гэтага органа. Усяго ў Раду Бяспекі ААН уваходзяць 15 краін, з якіх пяць — пастаянна (РФ, Кітай, ЗША, Вялікабрытанія і Францыя, якія афіцыйна з’яўляюцца «ядзернымі» краінамі, то-бок маюць ядзерную зброю).
Паводле «Карэспандэнт»; РБК-Україна; «Украінская праўда»; ВВС