405-ты дзень вайны. Расійцы захапілі будынак мэрыі ў Бахмуце
Наймітам ПВК «Вагнер» удалося захапіць будынак адміністрацыі Бахмута, а расійскія вайскоўцы прасоўваюцца ў цэнтр горада. Пра гэта гаворыцца ў свежым аглядзе Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Аналітыкі пацвердзілі, што кадры відэа з расійскім сцягам на разбураным будынку гарадской адміністрацыі Бахмута сапраўдныя і што вагнераўцы здолелі захапіць гэты будынак.
Эксперты выказалі здагадку, што цяпер найміты паспрабуюць замацаваць кантроль над цэнтрам горада і прасунуцца на захад праз спальныя раёны ў напрамку Хромава.
Таксама ў ISW дадалі, што ва УСУ пацвердзілі, што разам з вагнераўцамі ў Бахмуце ўсё больш актыўна дзейнічаюць рэгулярныя расійскія войскі, у тым ліку ПДВ.
Украінскія вайскоўцы за мінулыя суткі адбілі 69 нападаў расійскіх акупантаў. Асноўныя намаганні расійскія войскі засяродзілі на спробах наступу на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках.
Паводле інфармацыі Генеральнага штаба УСУ, расійцы нанеслі тры ракетныя і 21 авіяцыйны ўдар, здзейснілі 33 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню.
На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках аператыўная абстаноўка без змен, прыкмет фарміравання наступальных груповак акупантаў няма.
На Купянскім кірунку расійцы білі па населеных пунктах Каменка, Петра-Іванаўка, Навамлынск, Двурэчная, Куцькоўка, Заходняе, Масютоўка Харкаўскай вобласці; Крухмальнае Луганскай вобласці і Серабранка Данецкай вобласці.
На Ліманскім кірунку захопнікі вялі беспаспяховы наступ у раёнах населеных пунктаў Неўскае, Крамянная, Дзіброва. Пад артылерыйскі агонь трапілі Макееўка, Неўскае, Крамянная, Дзіброва, Белагораўка Луганскай вобласці і Церны, Радужнае, Звонаўка, Спорнае і Раздольеўка Данецкай вобласці.
На Бахмуцкім кірунку расійцы спрабуюць узяць пад поўны кантроль Бахмут, працягваюць яго штурмаваць. Акупанты вялі беспаспяховы наступ паблізу Арэхава-Васільеўкі і Іванаўскага. Падраздзяленні сіл абароны Украіны на працягу сутак адбілі тут 32 атакі.
На Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках акупанты вялі наступальныя дзеянні ў раёнах Новакалінава, Краснагораўкі, Аўдзееўкі, Паўночнага, Першамайскага і Мар'інкі, поспеху не мелі.
На Шахцёрскім напрамку расійцы ў наступ не спрабавалі ісці. Для карэкцыі агню артылерыі ўжывалі БПЛА. Абстралялі населеныя пункты Новаміхайлаўка, Вугледар, Прачыстаўка, Залатая Ніва, Вялікая Навасёлка і Урэмаўка Данецкай вобласці.
На Запарожскім і Херсонскім напрамках расійцы актыўных дзеянняў не праводзілі, там яны нарошчваюць абарону.
У той жа час украінская авіяцыя нанесла пяць удараў па раёнах засяроджвання асабовага складу і вайсковай тэхнікі РФ, а таксама збіла варожы выведвальны БПЛА. Таксама ракетчыкі і артылерысты пабілі абстралялі раён засяроджвання жывой сілы праціўніка.
Уначы расійскія захопнікі атакавалі Адэсу і Адэскі раён ударнымі беспілотнікамі. Пра гэта паведаміў кіраўнік Адэскай раённай ваеннай адміністрацыі Юрый Крук. «Толькі што вораг нанёс удары па Адэсе і Адэскім раёне ўдарнымі БПЛА. Па выніках працы падраздзяленняў супрацьпаветранай абароны ёсць збіццё. У чарговы раз падкрэсліваем, што ў ваенны час не ўсе падзеі можна каментаваць або выстаўляць на ўсеагульны агляд», — гаворыцца ў паведамленні.
Бліжэй да раніцы паветраныя сілы УСУ зрабілі справаздачу
аб знішчэнні 14 ударных дронаў «Shahed-136/131», якімі Расія
атакавала горад і раён з паўднёвага кірунку.
«Агулам зафіксавана да 17 пускаў ударных БПЛА, як мяркуецца, з раёна ўсходняга ўзбярэжжа Азоўскага мора. Сіламі і сродкамі супрацьпаветранай абароны паветранага камандавання «Поўдзень» знішчана 14 «Шахедаў», — гаворыцца ў паведамленні.
Расійцы ў часова акупаваным Крыме заклапочаны чаканым контрнаступленнем Узброеных сіл Украіны. На захопленым паўвостраве працягваюцца абаронная і матэрыяльна-тэхнічная падрыхтоўка.
Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны звярнулі ўвагу на спадарожнікавыя здымкі, апублікаваныя 1 красавіка. На іх выразна відаць, што войска РФ пабудавала абарончыя лініі ўздоўж наземных ліній і лагістычных вузлоў.
Раней паведамлялася, што акупанты ў Крыме рыхтуюцца да абароны, у прыватнасці, узводзяць фартыфікацыйныя збудаванні і рыюць акопы паміж населенымі пунктамі. Акрамя таго, захопнікі на часова акупаваным украінскім паўвостраве будуюць новую вайсковую частку. Паводле звестак партызанскага руху «Атэш», расійская вайсковая будоўля поўным ходам ідзе ў Еўпаторыі.
Таксама з'явілася інфармацыя, што расійцы ў Крыме агітуюць салдат тэрміновай службы падпісваць кантракты з узброенымі сіламі РФ для ўдзелу ў вайне супраць Украіны.