Пушылін быў у Лукашэнкі. Ці прыме Зяленскі Ціханоўскую?

Палітолаг Валерый Карбалевіч у сваім блогу на «Радыё Св*бода» разважае, чым адкажа на прыём кіраўніка так званай «ДНР» Дзяніса Пушыліна ў Мінску афіцыйны Кіеў. Варыянтаў адказу, як ні дзіўна, даволі багата, і некаторыя з іх могуць быць для Лукашэнкі вельмі балючыя.

Калаж slovoidilo.ua

Калаж slovoidilo.ua

Тое, што візіт у Мінск кіраўніка самаабвешчанай і нядаўна анексаванай Расіяй «ДНР» Дзяніса Пушыліна будзе мець непрыемныя наступствы, можна было не сумнявацца. Найперш гэта іміджавыя страты. Усім вонкавым назіральнікам відаць, як неахвотна Лукашэнка ішоў на прызнанне так званых «ЛНР» і «ДНР», як доўга ён ухіляўся ад гэтага, выкручваўся. І вось цяпер, пасля візіту Пушыліна, усім стала зразумела, што яму моцна выкруцілі рукі, ці, як любіць гаварыць ён сам, «нахілілі». Што ягоная залежнасць ад Расіі моцна ўзрасла.

Зразумела, на Захадзе рэпутацыя Лукашэнкі ніжэйшая за плінтус, там яму ўжо няма чаго губляць. Але ж ёсць яшчэ Усход, Поўдзень, постсавецкая прастора. Адносінамі з краінамі гэтага рэгіёна афіцыйны Мінск даражыць. А там пытанні іміджу і рэпутацыі ўважліва адсочваюць.

Але сустрэча Лукашэнкі з Пушыліным будзе мець не толькі іміджавыя, але і практычныя наступствы. Найперш у беларуска-ўкраінскіх адносінах. Хоць, здавалася, падаць ім ніжэй няма куды. Аднак высвятляецца, што ёсць.

Першым вынікам гэтага скандалу стала рашэнне МЗС Украіны адклікаць свайго амбасадара з Беларусі Ігара Кізіма «для кансультацый». Гэта такі дыпламатычны дэмарш. Прычым у заяве МЗС Украіны падкрэсліваецца, што Дзяніс Пушылін «хаваецца ад украінскага следства за ўчыненне цяжкіх злачынстваў і знаходзіцца пад украінскімі і міжнароднымі санкцыямі». Гэта значыць, з гледзішча афіцыйнага Кіева Лукашэнка прыняў злачынцу.

Можна меркаваць, што гэтым справа не абмяжуецца і Украіна пойдзе далей. Гаворка ідзе пра магчымасць і верагоднасць змены тактыкі афіцыйнага Кіева адносна Беларусі. Дасюль украінскае кіраўніцтва праводзіла палітыку, якую коратка можна выказаць наступнымі словамі: не дражніць Лукашэнку, не правакаваць, не «троліць» яго. Бо ён можа раззлавацца і накіраваць свае войскі ва Украіну.

Але цяпер Лукашэнка сам перайшоў Рубікон. Ці стане візіт Пушыліна ў Мінск трыгерам, які прывядзе да змены тактыкі? Неўзабаве даведаемся.

Калі тактыка зменіцца, то гэта будзе мець негатыўныя наступствы для афіцыйнага Мінска.


Колькі часу таму хадзілі чуткі, якія злыя языкі выдавалі за праўду, нібы Украіна лабіравала ў структурах ЕС рашэнне не ўключаць Беларусь у новыя пакеты санкцый. Праўда гэта ці не, але факт ёсць факт: у апошніх трох санкцыйных пакетах Беларусь не фігуравала.

А вось цяпер Украіна можа лабіраваць зусім іншы, процілеглы кейс у адносінах да Беларусі. І тады новыя санкцыі не за гарамі.

І, нарэшце, з’явілася рэальная падстава ўстанавіць наўпроставыя стасункі афіцыйнага Кіева з Офісам Святланы Ціханоўскай. І на парадку дня можа паўстаць тэма сустрэчы Уладзіміра Зяленскага са Святланай Ціханоўскай, афіцыйнага прызнання яе паўнамоцным прадстаўніком беларускага народа. Ва ўсялякім разе шанцы на гэта моцна павялічыліся.

Прычым адказ Кіева ў такім разе быў бы якраз сіметрычным. Лукашэнка прымае адыёзнага лідара сепаратыстаў, ворага кіеўскай улады. Дык і Зяленскі мог бы прыняць галоўную апанентку беларускага дыктатара. Люстэркавы адказ. Якія тут могуць быць прэтэнзіі з боку Мінска?

Такім чынам, цёплая сустрэча Лукашэнкі з Пушыліным можа адчыніць скрынку Пандоры ў беларуска-ўкраінскіх адносінах.