Клічко: Пагроза захопу Кіева застаецца
Умацаванне ўкраінскай сталіцы, павышэнне яе абараназдольнасці ў выпадку верагодных нападаў ворага працягваецца, заявіў мэр Кіева.
![Беларуская акцыя пратэсту ў Кіеве. Лета 2020 года Беларуская акцыя пратэсту ў Кіеве. Лета 2020 года](/img/v1/images/img_20200628_123312_1_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Беларуская акцыя пратэсту ў Кіеве. Лета 2020 года
Кіеў быў і застаецца мэтай агрэсара. Пра гэта заявіў гарадскі галава Віталь Клічко ў інтэрв'ю «Голасу Амерыкі».
«Кіеў — гэта сэрца. Кіеў — гэта сталіца. І таму мы робім усё для таго, каб прадугледзець розныя сцэнары, нават найгоршы, для таго, каб, калі хтосьці зможа і захоча (зможа — гэта вялікае пытанне) зноў атакаваць Кіеў, яму даць па зубах», — сказаў Клічко.
Клічко адзначыў, што горад добра ўмацаваны, і работы па яго абароне ад верагоднага нападу працягваюцца.
«Цяпер горад абаронены значна лепш, чым месяц таму, чым паўгода таму, тым больш, чым год таму», — падкрэсліў Клічко.
«Цяпер сістэма кантролю, сістэма блокпастоў, сучаснае ўзбраенне, і ўжо ў нас Узброеныя сілы значна мацнейшыя, чым год таму», — дадаў ён.
Уладзімір Зяленскі наведаў беларуска-ўкраінскую мяжу і паглядзеў, як будуюцца ўмацаванні на памежжы.
Таксама прэзідэнт суседняй дзяржавы паведаміў, што Украіна атрымала сістэму супрацьпаветранай абароны «Patriot» ад Злучаных Штатаў, Германіі і Нідэрландаў.
Таму Украіна ўжо на сённяшні дзень мае сур'ёзныя сістэмы для абароны неба, але неўзабаве яны будуць яшчэ больш магутныя, заявіў Зяленскі ў сваім учорашнім відэазвароце.
«Сістэмы СПА і іншая зброя для абароны неба ўжо цяпер у нас ва Украіне вельмі сур'ёзныя. Але павінны быць і, упэўнены, будуць яшчэ больш магутныя», — заявіў кіраўнік Украіны.
Таксама трэба згадаць, што пасля поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіне запусцілі праграму-дадатак «Паветраная трывога», які інфармуе аб небяспецы.
Паводле korrespondent.net